Што атрымае і што страціць Беларусь ад шостага пакету санкцыяў Эўразьвязу? Тлумачыць экспэртка

Нафтаправод «Дружба» ў Вугоршчыне
Нафтаправод «Дружба» ў Вугоршчыне

Добра ці кепска, што ЭЗ не забараніў імпарт нафты праз трубаправод, які ідзе празь Беларусь? Як шосты пакет санкцыяў ЭЗ закранае Беларусь? Ці праўда, што ў ЭЗ супраць самых жорсткіх санкцыяў адносна Расеі — адно лабісты Пуціна і «карысныя ідыёты»? Якія стратэгічныя мэты ставіць перад сабой Эўразьвяз адносна вайны Расеі ва Ўкраіне, у якую ён ангажаваны праз санкцыі і дапамогу Ўкраіне?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае дырэктарка міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Policy Institute Алена Кудзько.

— Саміт Эўразьвязу ўзгадніў шосты пакет санкцыяў у сувязі з вайной Расеі супраць Украіны.

Гэты пакет прадугледжвае:

• частковае эмбарга на пастаўкі расейскай нафты (больш за 2/3 паставак);
• адключэньне «Сбербанку» ад SWIFT;
• забарону трох расейскіх дзяржаўных мэдыя ў краінах Эўразьвязу;
• пашырэньне пэрсанальных санкцыяў за падтрымку вайны супраць Украіны.

Пад нафтавае эмбарга не падпаў імпарт нафты з РФ праз трубаправоды. Гэта значыць, пад іх не падпадае і транзыт расейскай нафты празь Беларусь. Гэта кепска ці добра? Заробяць свае грошы беларускія працаўнікі, якія абслугоўваюць тую самую трубу, бюджэт атрымае грошы. Зь іншага боку, за гэтыя грошы прафінансуюць ГУБАЗіК і іншыя карныя органы беларускай дзяржавы.

Алена Кудзько
Алена Кудзько

— Пытаньне Беларусі не было галоўным у падліках палітыкаў ЭЗ. Выключэньне з-пад санкцыяў імпарту праз трубаправоды было зробленае ня дзеля Беларусі, не з разьлікаў, колькі на гэтым зарабляе Лукашэнка, а з улікам пазыцыяў найперш Вугоршчыны, але таксама Славаччыны і Чэхіі.

Для Беларусі гэтая крыніца даходу ў выніку захавалася. Хоць варта ўлічваць, што Польшча і Нямеччына ня будуць імпартаваць і трубаправодную нафту. Таму ёсьць падлікі, што да канца году ЭЗ адмовіцца ад 90% расейскага імпарту нафты.

— Папярэднія эўразьвязаўскія пакеты санкцыяў за вайну тычыліся Беларусі наўпрост, як дзяржавы-саўдзельніцы агрэсіі. А ў апошнім, шостым, Беларусі, здаецца, няма. Ці так гэта?

— Здаецца, наўпрост няма. Але Беларусі дастаецца праз тое, што закранутыя расейскія інтарэсы. Калі пагаршаецца становішча ў Расеі, то гэта паводле вызначэньня азначае, што пагоршыцца становішча і ў Беларусі.

— Шосты пакет санкцыяў абмяркоўвалі месяц. Папярэднія 5 пакетаў санкцыяў за вайну прымаліся значна хутчэй. Ці сьведчыць такое доўгае абмеркаваньне пра тое, што з адзінствам у ЭЗ ёсьць праблемы?

— Зразумела, з адзінствам у ЭЗ ёсьць праблемы. Але важна адзначыць, што падтрымка Ўкраіны не зьніжаецца. Усё тое, што было ўведзена ў сэнсе санкцыяў, захоўваецца і яшчэ ўзмацняецца. Адначасна павялічваецца фінансавая і вайскова-тэхнічная падтрымка Ўкраіны, падтрымка ўцекачам.

Але тэмп падтрымкі запавольваецца. І гэта са зразумелых прычын. Першыя санкцыі, якія ўводзіліся за вайну, былі прасьцейшыя і менш балючыя. Напачатку было шмат варыянтаў, як іх накласьці, і былі варыянты санкцыяў, ад якіх Расеі будзе балюча, а Эўразьвязу — не. Аднак з кожным разам робіцца ўсё больш складана знайсьці такія санкцыі, ад якіх Расеі будзе вельмі балюча, а ЭЗ — ня вельмі.

Усе краіны падлічваюць, наколькі ад тых ці іншых санкцыяў пацярпіць РФ, а наколькі — яны. Эканамічны правал Эўразьвязу ніяк не дапаможа Ўкраіне выйграць гэтую вайну.

У ЭЗ ёсьць праблема забесьпячэньня энэрганосьбітамі, праблема інфляцыі. І ад гэтага залежыць, якім будзе наступны пакет санкцыяў.

— Алесь Чайчыц у блогу на сайце Свабоды напісаў, што «настроі на Захадзе што да падтрымкі Ўкраіны і гатовасьці да фінансавых ахвяраў дзеля гэтага пачынаюць хістацца, у тым ліку сіламі крамлёўскіх лабістаў і „карысных ідыётаў“».

Прапановы аб самых жорсткіх санкцыях адносна РФ не праходзяць толькі з прычыны наяўнасьці крамлёўскіх лабістаў і «карысных ідыётаў»?

— Я б з гэтым не пагадзілася. Зразумела, Пуціну на руку тое, што краіны ЭЗ ня могуць дамовіцца. Але не абавязкова прычына толькі ў крамлёўскіх лабістах і «карысных ідыётах». У некаторых краінах ЭЗ сытуацыя ня надта стабільная. Што было б, калі б нядаўнія выбары ў Францыі выйграў не Макрон, а Лё Пэн? Думаю, што парадак дня ЭЗ істотна зьмяніўся б.

Шмат што залежыць ад палітычнай і эканамічнай сытуацыі ў той ці іншай краіне. Некаторыя экспэрты не бяруць пад увагу тое, што ЭЗ вымушаны займацца ня толькі сытуацыяй у Эўропе, але і ва ўсім сьвеце. У першы дзень саміту ЭЗ галоўным пытаньнем былі санкцыі супраць Расеі, а сёньня прыйшлі афрыканцы і кажуць — у вас вайна і санкцыі, а ў нас голад пачынаецца, бо спыняюцца пастаўкі збожжа.

І ЭЗ павінен шукаць шляхі вырашэньня гэтых пытаньняў таксама.

— Ці ёсьць падлікі, колькі будзе каштаваць Эўропе нафтавая кампанэнта шостага пакету санкцыяў — адмова ад дзьвюх трацінаў расейскага нафтавага імпарту? Наколькі будзе даражэйшы імпарт нафты зь іншых краінаў, якой будзе цана зьмены лягістыкі паставак?

— Я гэтыя разьлікі ня бачыла. Але адназначна тут падлічыць складана. Невядома, ці падвысяць цану нафты краіны ОРЕС.

— А на тым самым саміце ЭЗ ці ў палітычных дыскусіях у асобных краінах Зьвязу палітыкі апэруюць цаной санкцыяў? Скажам, у Славаччыне, дзе вы жывяце.

— У дыскусіях канкрэтныя лічбы не называюцца. Я мяркую, што іх немагчыма назваць. Палітыкі кажуць, што гэта будзе цяжка, але не называюць канкрэтныя лічбы. Ніхто ня ведае, якой будзе сытуацыя на рынку нафты, ніхто ня ведае, якой будзе інфляцыя. У Славаччыне літар бэнзіну каштуе 2 эўра. А ў суседняй Вугоршчыне — 1 эўра. Зразумела, што славакі будуць пытацца: навошта санкцыі, калі ў Вугоршчыне жыцьцё лепшае?

— На нядаўнім Давоскім эканамічным форуме былы дзяржсакратар ЗША Генры Кісінджэр заклікаў Захад спыніць спробы «нанесьці скрышальную паразу» расейскім войскам ва Ўкраіне.

Ён мяркуе, што гэтыя спробы будуць мець катастрафічныя наступствы для доўгатэрміновай стабільнасьці ў Эўропе.

Незалежна ад адказаў, якія дае сам Кісінджэр, вартая ўвагі пастаноўка пытаньня — якія мэты ставіць перад сабой Захад, уводзячы санкцыі адносна Расеі і дапамагаючы Ўкраіне.

Ці абмяркоўвалася на саміце ЭЗ гэтая праблема стратэгічных мэтаў вайны?

— Ня думаю, што на гэтым саміце гэтае пытаньне абмяркоўвалася. Сёньня яны абмяркоўваюць абароназдольнасьць ЭЗ.

Наагул няма кансэнсусу наконт мэтаў Захаду ў сувязі з гэтай вайной. Мэта — захаваць міжнародны парадак, у якім вялікія краіны ня могуць так проста напасьці на суседнюю краіну і анэксаваць яе тэрыторыю.

Каб гэтага дасягнуць, патрэбная нейкая перамога Ўкраіны і параза Расеі. Але наконт таго, што азначае такая перамога і такая параза, таксама няма кансэнсусу.

Некаторыя спадзяюцца на развал Расеі. Іншыя гэтага асьцерагаюцца і мяркуюць, што гэта яшчэ больш пагоршыць сытуацыю.

Наконт чаго ёсьць кансэнсус — што Захад павінен працягваць і нарошчваць пастаўкі ўзбраеньняў Украіне, падтрымліваць Украіну фінансава.

Ці можа Расея прайграць? Большасьць думае, што гэта будзе ня так лёгка.

— Расея можа прайграць, як яна прайграла, скажам, вайну зь Японіяй у 1905 годзе, не дасягнуўшы сваіх мэтаў вайны і страціўшы фактычна толькі палову Сахаліну — тэрыторыю на далёкай ускраіне. Але можна прайграць і так, як прайграла Нямеччына ў 1945 годзе — зь безагаворачнай капітуляцыяй і акупацыяй краіны. Калі гаворыцца пра паразу Расеі ў цяперашняй вайне — гэта пра паразу як Расеі ў 1905-м ці як Нямеччыны ў 1945-м?

— Хутчэй за ўсё, 1945 году ня будзе. Калі Расея прайграе, то большая імавернасьць, што гэта будзе такая самая параза, як у расейска-японскай вайне пачатку ХХ стагодзьдзя. Гэта ня будзе адназначная параза, якую Пуцін зможа паспрабаваць дома інтэрпрэтаваць зусім па-іншаму.

На Захадзе ёсьць меркаваньне, што калі Пуцін патраціць шмат рэсурсаў на гэтую вайну — чалавечых, фінансавых, тэхналягічных, то гэта пазбавіць яго магчымасьці і адаб’е ў яго жаданьне распачаць у хуткім часе новую вайну яшчэ дзе-небудзь.

— Вяртаючыся да санкцыяў: пэўная памяркоўнасьць у санкцыях — ці ня вынік гэта нявызначанасьці з мэтамі вайны для Захаду? Сродкі і мэты звычайна сувымяраюцца. Калі мэта такая, што яна павінна быць дасягнутая любой цаной, то пытаньне цаны санкцыяў для тых, хто іх уводзіць, адпадае. Калі ж мэта іншая, то і суадносіны яе і сродкаў яе дасягненьня іншыя.

— Безумоўна, сувязь стратэгічных мэтаў і сродкаў іх дасягненьня ёсьць. Усё, што цяпер адбываецца, — гэта вялікі экспэрымэнт. Немагчыма сказаць, што мы ўвядзем санкцыі, мы выйграем гэтую вайну, і Расея разваліцца. Усе добра ведаюць, што цалкам ізаляваць Расею не атрымаецца, таму што ёсьць Кітай, існуе шэраг іншых краінаў сьвету, якія не зьбіраюцца ўдзельнічаць у яе ізаляцыі. Нават калі стратэгічныя мэты будуць сфармуляваныя, сродкі будуць мяняцца ў залежнасьці і ад сытуацыі на полі бою, і ад сытуацыі ў сьвеце ў цэлым.

​
XS
SM
MD
LG