Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баі на Данбасе, закрылі мяжу Херсонскай вобласьці, Макрон і Шольц пагаварылі з Пуціным. 94-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 6 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі, яшчэ каля 7 мільёнаў хаваюцца ў іншых абласьцях Украіны. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Працягваюцца баі ў Луганскай і Данецкай абласьцях, расейцы атакуюць Севераданецк.
  • У Херсонскай вобласьці закрылі мяжу з падкантрольнай Кіеву тэрыторыяй.
  • Херсонскія ўлады заявілі аб крытычнай гуманітарнай сытуацыі ў рэгіёне: няма сувязі, прадуктаў, мэдыкамэнтаў.
  • ​Шольц і Макрон абмеркавалі з Пуціным лёс украінскіх ваеннапалонных і вываз збожжа з Украіны.
  • Джо Байдэн заявіў, што «Пуцін спрабуе зьнішчыць культуру ўкраінскага народу» і што вайна Пуціна ва Ўкраіне «падштурхоўвае ўсё больш дзяржаваў да членства ў NATO».
  • З пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі больш як 240 дзяцей, 440 параненыя.
  • Украінцы атрымалі францускія гаўбіцы Caesar і ўпершыню выкарысталі іх на фронце.
  • МАГАТЭ заявіла, што ня мае доступу на Запароскую АЭС, якую захапілі расейскія войскі.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 28 траўня

Расейскія войскі абстралялі Крывароскі раён Днепрапятроўшчыны: ударылі па тэрыторыі царквы

У ноч з 27 на 28 траўня войскі РФ з артылерыі абстралялі Крывароскі раён Днепрапятроўскай вобласьці, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Валянцін Разьнічэнка.

Кіраўнік абласной рады Мікалай Лукашук паведамляе, што ў адным зь сёлаў Зеленадольскай грамады пад агонь патрапіла тэрыторыя царквы: пашкоджаныя вокны, агароджа і вароты.

Выбухі ў самім Крывым Розе пацьвердзіў кіраўнік ваеннай адміністрацыі гораду Аляксандар Вілкул.

Мінабароны РФ аб’явіла аб поўным кантролі над Ліманам. Ва Ўкраіне абвяргаюць

Горад Ліман (раней называўся Чырвоны Ліман) у самаабвешчанай «ДНР» перайшоў пад кантроль расейскіх вайскоўцаў, заявіў 28 траўня афіцыйны прадстаўнік Мінабароны РФ Ігар Канашэнкаў.

Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр у эфіры тэлемаратону абвергла паведамленьні Мінабароны РФ аб захопе Ліману: паводле яе, у горадзе да гэтага часу ідуць жорсткія баі.

«Адназначна можна сказаць: сытуацыя складаная, але Ўзброеныя сілы Ўкраіны даюць адпор», — сказала Маляр, дадаўшы, што некарэктна казаць аб узяцьці горада, пакуль у ім працягваюцца баі.

Брытанская выведка ў сваёй зводцы за 28 траўня сьцьвярджае, што расейскае войска да 27 траўня захапіла большую частку Лімана, што, верагодна, зьяўляецца падрыхтоўчай апэрацыяй да наступнага этапу наступу ў Данбасе. «Ліман мае стратэгічнае значэньне, паколькі тут разьмешчаны буйны чыгуначны вузел, а таксама маецца доступ да мастоў праз Северскі Данец», — гаворыцца ў справаздачы Мінабароны Вялікай Брытаніі.

У Херсонскай вобласьці закрылі мяжу з падкантрольнай Кіеву тэрыторыяй

Пра гэта паведамляе агенцтва «РІА Навіны» са спасылкай на прызначанага расейскімі вайскоўцамі намесьніка кіраўніка рэгіёну Кірыла Стрэмусава. Прычынай ён назвай небясьпеку для мірных жыхароў «улічваючы сыстэматычныя абстрэлы ўкраінскіх баевікоў«.

Выехаць з рэгіёну можна ў анэксаваны Крым ці ў тую частку Запароскай вобласьці, якую кантралююць расейскія войскі.

Херсонская і Запароская вобласьці пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага часткова перайшлі пад кантроль войскаў Расеі. Гаворка ідзе пра большую частку тэрыторыі Херсонскай вобласьці з абласным цэнтрам і прыкладна палове Запароскай. Сам горад Запарожжа – пад кантролем Украіны.

З пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі больш як 240 дзяцей

Такія зьвесткі прыводзіць Генэральная пракуратура Ўкраіны 28 траўня. Сама меней 440 дзяцей атрымалі раненьні. У Генпракуратуры падкрэсьліваюць, што лічбы не канчатковыя, бо вядзецца праца па іх устанаўленьні ў месцах актыўных баявых дзеяньняў, на часова акупаваных і вызваленых тэрыторыях.

26 траўня ў Марыюпальскай школе ў выніку выбуху расейскага снарада загінуў 12-гадовы хлопчык.

Украінскія СМІ пішуць пра авіяўдар па кінатэатры ў Лісічанску, дзе хаваліся мірныя жыхары

Зяленскі паразмаўляў з Джонсанам, а Пуцін — з Макронам і Шольцам

Аб размове з прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Барысам Джонсанам прэзыдэнт Украіны напісаў у сваім Twitter: «Казалі аб узмацненьні абароннай падтрымкі Ўкраіны, актывізацыі працы над гарантыямі бясьпекі, пастаўках паліва ва Ўкраіну. Павінны сумесна прадухіліць харчовы крызіс і разблякаваць парты Ўкраіны».

У суботу ж расейскі прэзыдэнт правёў тэлефонныя перамовы з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам і канцлерам ФРГ Олафам Шольцам. «Уладзімір Пуцін пацьвердзіў адкрытасьць расейскага боку да аднаўленьня дыялёгу», — адзначаецца ў паведамленьні Крамля, дзе падкрэсьліваецца, што перамовы былі спыненыя «па віне Кіева».

Пуцін таксама патлумачыў «рэальныя прычыны цяжкасьцяў з пастаўкамі харчаваньня» (у паведамленьні Крамля не ўдакладняецца, якія менавіта, указаўшы толькі, што гэтыя прычыны — сьледзтва санкцыйнай палітыкі).

«Расея гатовая садзейнічаць знаходжаньню варыянтаў для бесьперашкоднага экспарту збожжавых, уключаючы вываз украінскага збожжа з чарнаморскіх партоў», — паведамляе Крэмль, удакладняючы, што перш за ўсё Пуцін казаў аб неабходнасьці зьняцьця санкцый і нарошчваньні паставак збожжа з Расеі.

Падаляк заявіў, што перамовы з Расеяй магчымыя пасьля вываду расейскіх войскаў

«Украіна адмаўляецца ад перамоваў» – зноў генэруюць хлусьню ў Маскве, — напісаў у «Твітэры» дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк. «Сапраўдныя перамовы магчымыя, калі Расея адмовіцца ад крывадушнасьці (гаворым адно, робім іншае), пакіне поўдзень краіны і адвядзе войскі» — цытуе Падаляка ВВС.

«Да таго часу перамовы вядзе асобная „дэлегацыя“ на лініі фронту», — удакладніў дарадца Офісу ўкраінскага прэзыдэнта.

Гэтая рэпліка выглядае адказам на заяву Крамля аб выніках размовы Ўладзіміра Пуціна зь лідэрамі Нямеччыны і Францыі раней у суботу. У ім згадвалася пра «перамоўны трэк, які знаходзіцца ў замарожаным стане па віне Кіева».

Расейскія войскі абстралялі Мікалаеў, ёсьць пацярпелыя

Расейскія вайскоўцы абстралялі жылыя дамы Мікалаева, ёсьць пацярпелыя, паведаміў 28 траўня мэр горада Аляксандр Сянкевіч. «У чарговы раз мэтай расейскіх акупантаў сталі жылыя дамы. Мы маем папярэднюю інфармацыю аб мірных ахвярах. Падрабязнасьці раскажу пазьней», — гаворыцца ў паведамленьні.

На беларуска-ўкраінскай мяжы затрымалі расейскага вайскоўца з украінскім пашпартам

Украінскія памежнікі затрымалі расейскага вайскоўца з украінскім пашпартам, які спрабаваў трапіць ва Ўкраіну зь Беларусі, паведамляе Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны.

Адзначаецца, што ў 2009 годзе ўкраінец зьехаў у Расею, дзе атрымаў расейскае грамадзянства. На працягу 2013–2014 гадоў служыў ва Ўзброеных Сілах Расейскай Фэдэрацыі, а ў 2016 годзе падпісаў шматгадовы кантракт. Служыў у Валгаградзе, у 20-й асобнай мотастралковай брыгадзе, якая ўдзельнічала ў баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны.

Расейцы нанесьлі ракетны ўдар па Сумскай вобласьці

У выніку абстрэлаў зьнішчана сельскагаспадарчае прадпрыемства ў Пуціўльскай грамадзе, паведаміў кіраўнік Сумскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Дзьмітры Жывіцкі.

Са сваёй тэрыторыі расейцы вялі мінамётны агонь па тэрыторыі Зноб-Наўгародзкай грамады (каля 6 «прылётаў»), таксама абстралялі Эсманскую грамаду — было каля 30 «прылётаў» па навакольлях Бачэўска, абышлося без чалавечых ахвяраў.

Кіраўнік Луганскай вобласьці: расейцы вымушаныя адступіць у раёне Севераданецку

Кіраўнік Луганскай вобласьці Сяргей Гайдай сьцьвярджае, што расейцы панесьлі вялікія страты і вымушаныя былі адступіць у раёне Севераданецку, Ташкоўкі і Аскалонаўкі. Пры гэтым, па словах Гайдая, расейскія войскі не пакідаюць спробаў зайсьці ў тыл ўкраінскай групоўкі.

Чыноўнік таксама адзначыў, што падчас вулічных баёў быў разбураны яшчэ адзін мост паміж Севераданецкам і Лісічанскам, а ў Севераданецку пашкоджана 14 шматпавярховікаў. У іншых населеных пунктах вобласьці пашкоджаны 31 дом.

Украінскі Генштаб: расейскія войскі праводзяць актыўныя наступальныя дзеяньні на Данбасе

Расейскія войскі праводзяць актыўныя наступальныя дзеяньні на Данецкім напрамку, таксама захоўваецца пагроза паветраных абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі, паведамляе Генштаб Узброеных сіл Украіны ў ранішняй зводцы 28 траўня.

  • За мінулыя суткі на Данецкім і Луганскім напрамках адбітыя 8 атак, зьнішчаныя 5 танкаў, 10 адзінак баявой браніраванай тэхнікі і 4 аўтамабілі расейскіх узброеных сіл.
  • На Данецкім напрамку Расея працягвае наступ і наносіць ракетныя ўдары. Павялічылася інтэнсіўнасьць дзеяньняў апэратыўна-тактычнай і вайсковай авіяцыі.
  • На Паўночнаданецкім напрамку расейцы вялі штурмавыя дзеяньні ў раёнах населеных пунктаў Севераданецк, Аскаланаўка, Ташкоўка, але посьпеху ня мелі, панесьлі страты і адышлі на раней занятыя пазыцыі.
  • На Слабажанскім кірунку расейскія войскі абстрэльваюць падразьдзяленьні УСУ, каб не дапусьціць іх далейшага прасоўваньня ў напрамку мяжы Ўкраіны на поўнач і паўночны ўсход ад Харкава.
  • На Харкаўскім кірунку Расея абстраляла цывільную інфраструктуру ў раёнах населеных пунктаў Цярновая, Прудзянка, Рускія Цішкі, Кутузаўка, Варвараўка, Пятроўка, Міхайлаўка, Каробочкіна і іншых.
  • На Славянскім напрамку расейская артылерыя абстраляла цывільную інфраструктуру ў раёнах населеных пунктаў Студзёнак, Сьвятагорск, Багародзічнае, Карнаухаўка і Вернапольле.
  • Расейскія войскі спрабуюць замацавацца ў раёне Лімана. Працягваюцца абстрэлы зь мінамётаў і рэактыўных сыстэм залпавага агню ў раёнах населеных пунктаў Азёрнае і Дзіброва.
  • У Навапаўлаўскім і Запароскім кірунках расейцы абстралялі цывільную інфраструктуру ў раёнах населеных пунктаў Врэмаўка, Палтаўка, Краснае, Гуляйполе, Арэхаў, Каменскае і інш.

ISW: Расейскія вайскоўцы працягнуць акружаць Севераданецк

Як гаворыцца ў аналітычнай справаздачы амэрыканскага Інстытута вывучэньня вайны (ISW), украінскія войскі працягваюць падтрымліваць абарону на тэрыторыі Ўсходняй Украіны і запаволілі большасьць расейскіх ліній прасоўваньня.

Аналітыкі адзначаюць, што войскі РФ, верагодна, працягнуць паступовае прасоўваньне і, магчыма, даб’юцца посьпеху ў акружэньні Севераданецка ў бліжэйшыя дні, але расейскія апэрацыі вакол Ізюма застаюцца ў тупіку, і расейскія сілы, верагодна, ня змогуць павялічыць тэмп свайго прасоўваньня.

У справаздачы адзначылі, што расейскія войскі дрэнна дзейнічалі ў гарадзкой мясцовасьці на працягу ўсёй вайны і наўрад ці змогуць хутка прасоўвацца ў Севераданецку.

Таксама ў ISW паведамілі, што сілы РФ у Лімане меркавана падзяляюць свае намаганьні: атакуюць на паўднёвы захад, каб падтрымаць сілы, якія захраснулі ў Ізюме, і прасоўваюцца на паўднёвы ўсход у напрамку Сіверска.

У Папаснай расейскія войскі наступаюць на поўнач, каб падтрымаць атачэньне Севераданецка. У бок Бахмута руху пакуль няма. Пазыцыі на паўночны ўсход ад Харкава застаюцца пераважна нерухомымі, вялікіх атак з боку расейскіх або ўкраінскіх войскаў не назіраецца.

Больш за 150 гарадоў сьвету разарвалі пабрацімскія адносіны з гарадамі Расеі, — МЗС Украіны

Больш за 150 гарадоў больш чым у 20 краінах ужо разарвалі пабрацімскія адносіны з больш чым 160 гарадамі Расеі. Як паведамляе Міністэрства замежных спраў Украіны, рашэньне аб спыненьні пагадненьняў аб пабрацімстве ўжо прынялі гарады Аўстраліі, Аўстрыі, Вялікай Брытаніі, Даніі, Грэцыі, Эстоніі, Гішпаніі, Італіі, Канады, Латвіі, Літвы, Нямеччыны, Нарвэгіі, Пэру, Польшчы, Партугаліі, Славакіі, Славеніі, ЗША, Фінляндыі, Чэхіі, Швэцыя, Нідэрляндаў.

СБУ заявіла пра арышт актываў кампаніі групы «Роснефти»

«На цяперашні момант, паводле СБУ, накладзены арышт на грашовыя актывы расейскай камэрцыйнай структуры на суму больш за 20 мільёнаў грыўняў (каля 677 тысяч даляраў ЗША — рэд.).

Акрамя таго, СБУ накіравала ў Кабінэт міністраў прапановы аб нацыяналізацыі маёмасьці заблякаванага прадпрыемства, а таксама ва ўзаемадзеяньні зь дзяржрэгулятарам прыпыніла дзеяньне ліцэнзіі на пастаўку электраэнэргіі Ўкраіне», — гаворыцца ў паведамленьні СБУ.

Генштаб Украіны: Беларусь «зачышчае» наступствы знаходжаньня расейскіх войскаў

На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь вядзецца пошук і ўтылізацыя боепрыпасаў і зброі, згубленых расейцамі. Пра гэта паведамляецца ў ранішняй зводцы Генштабу Ўзброеных Сіл Украіны.

«Наступствы разьмяшчэньня на тэрыторыі Ўкраіны падразьдзяленьняў Узброеных сіл РФ, якія ўдзельнічаюць у баявых дзеяньнях, ліквідуюцца. Прымаюцца меры для прадухіленьня незаконнага абарачэньня зброі і боепрыпасаў, якія могуць быць страчаны расейскімі падразьдзяленьнямі».

У Генштабе таксама адзначылі, што з асабовым складам вайсковых частак Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь праводзяцца камандна-штабныя і мабілізацыйныя вучэньні. Захоўваецца верагоднасьць нанясеньня ракетных і авіяцыйных удараў з тэрыторыі Беларусі па тэрыторыі Ўкраіны.

Пэнтагон: Расея страціла ў вайне з Украінай каля 1000 танкаў

Паводле ацэнак Міністэрства абароны ЗША, Расея з пачатку вайны супраць Украіны страціла амаль 1000 танкаў, больш за 350 адзінак артылерыі, каля 36 бамбавікоў і звыш 50 верталётаў. Амэрыканскі бок адзначае, што Расея «ўсё яшчэ захоўвае пераважную частку сваіх сіл»:

«У вайне з Украінай яны (Расея. — РС) вельмі шмат уклалі ва ўзбраеньне і асабовы склад, і страты нясуць як украінцы, так і расейцы, — лічаць у Пэнтагоне. — У вайне расейцы маюць перавагу з пункту гледжаньня колькасьці адзінак асабовага складу, узбраеньня і адзінак зброі, што прымяняюцца імі. Гэта трэба мець на ўвазе».

Херсонскія ўлады заявілі аб крытычнай гуманітарнай сытуацыі ў рэгіёне

Кіраўнік Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі Генадзь Лагута заявіў, што расейскія войскі цягам трох месяцаў акупацыі рэгіёну блякуюць арганізацыю «зялёных калідораў» для гуманітарнай дапамогі і эвакуацыі грамадзян на падкантрольную Ўкраіне тэрыторыю.

«Гуманітарная сытуацыя ў некаторых вёсках проста крытычная: няма сувязі, няма прадуктаў, няма мэдыкамэнтаў», — сказаў Генадзь Лагута на брыфінгу 27 траўня празь відэасувязь з Кіевам.

Кіраўнік Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі дадаў, што пачынаючы з 11 траўня мясцовыя жыхары практычна ня могуць выехаць на падкантрольную Ўкраіне тэрыторыю — у Мікалаеў і Крывы Рог.

Што адбываецца ў Расеі

У Расеі заканадаўча скасавалі ўзроставую мяжу для кантрактнай службы

Цяпер заключыць кантракт з расейскім войскам можна будзе да заканчэньня працаздольнага ўзросту, гэта значыць да 65 гадоў.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер рэарганізуецца ў полк.

Лукашэнка заснаваў новае апэрацыйнае вайсковае камандаваньне ў Беларусі — паўднёвае

Гэты крок матываваны эскаляцыяй баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Да гэтага часу ў Беларусі былі два апэрацыйныя камандаваньні — паўночнае і паўночна-заходняе.

Украінскі Генштаб: у Беларусі разгарнулі комплексы «Точка-У» і «Сьмерч»

У Беларусі на асобных палігонах разгарнулі два ракетныя дывізіёны тактычнага ракетнага комплексу «Точка-У» і дывізіён рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Сьмерч», паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны ў вечаровай зводцы 20 траўня. Пагроза ракетна-бомбавых удараў і артылерыйскіх абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі пакуль ня зьнікла.

Беларускае войска ля мяжы з Украінай

Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.

Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-Заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.

Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).

Як рэагуе сьвет

Прэзыдэнт ЗША: «Пуцін спрабуе зьнішчыць культуру ўкраінскага народу»

«Жорсткая вайна Пуціна ва Ўкраіне. Ён ня толькі спрабуе завалодаць Украінай, але літаральна спрабуе зьнішчыць культуру і самабытнасьць украінскага народу. Напады на школы, радзільні, шпіталі, музэі. Тут няма іншай мэты, акрамя зьнішчэньня культуры. Прамы напад на фундамэнтальныя прынцыпы міжнароднага права і парадку. Такі сьвет, у які вы сёньня выпускаецеся», – заявіў Джо Байдэн, выступаючы перад выпускнікамі Ваенна-марской акадэміі ЗША.

Прэзыдэнт таксама падкрэсьліў, што вайна Пуціна ва Ўкраіне падштурхоўвае ўсё больш дзяржаваў да членства ў NATO і апошнім такім прыкладам зьяўляюцца заявы Швэцыі і Фінляндыі. «Дзеяньні Пуціна былі спробай так званай «фінляндызацыі» Эўропы, каб гэтыя краіны прытрымліваліся нэўтралітэту. Замест гэтага ён пераводзіць усю Эўропу ў NATO», – падкрэсьліў Байдэн.

Канцлер Нямеччыны заявіў, што Пуціну не ўдалося дасягнуць усіх яго стратэгічных мэтаў

Оляф Шольц выказаў упэўненасьць, што прэзыдэнт Расеі не пераможа ў вайне ва Ўкраіне.

Ён заявіў, што «захоп усёй Украіны Расеяй сёньня здаецца больш аддаленым, чым на пачатку вайны». «Пры гэтым, як ніколі раней, Украіна падкрэсьлівае сваю эўрапейскую будучыню», — дадаў ён.

ЗША рыхтуюцца зацьвердзіць пастаўку ўдасканаленай ракетнай сыстэмы для Ўкраіны

Удасканаленая ракетная сыстэма вялікай далёкасьці можа быць пастаўлена Ўкраіне ўжо найбліжэйшым часам. Адміністрацыя амэрыканскага прэзыдэнта Джо Байдэна рыхтуецца павялічыць віды ўзбраеньняў, якія яна прапануе Ўкраіне, адпраўляючы туды перадавыя ракетныя сыстэмы, якія цяпер зьяўляюцца галоўным запытам украінскіх чыноўнікаў, піша CNN.

Адміністрацыя схіляецца да адпраўкі сыстэм у рамках большага пакета вайсковай дапамогі і дапамогі ў бясьпецы Ўкраіны, пра што можа быць абвешчана ўжо на наступным тыдні.

Яшчэ адна сыстэма, якую запытала Ўкраіна, — ракетная сыстэма высокай мабільнасьці, вядомая як HIMARS, больш лёгкая колавая сыстэма, здольная страляць многімі з тых жа тыпаў боепрыпасаў, што і РСЗА.

Іншая сур’ёзная заклапочанасьць адміністрацыі Байдэна заключалася ў тым, ці могуць ЗША дазволіць сабе аддаць столькі зброі высокай клясы, атрыманай з вайсковых запасаў, сказалі крыніцы выданьня. Адміністрацыя таксама разважала наконт забесьпячэньня Ўкраіны дадатковымі зьнішчальнікамі МіГ-29, якія, на думку некаторых, могуць дазволіць украінцам перанесьці вайну на тэрыторыю Расеі. Урэшце ЗША вырашылі не засылаць у Польшчу новыя самалёты, што дазволіла б палякам перадаць Украіне МіГі савецкага часу.

ЭЗ павялічыць фінансаваньне абароны на 3 мільярды эўра

25 траўня Эўрапейская камісія абвясьціла аб выдзяленьні аднаго мільярда эўра на фінансаваньне Эўрапейскага абароннага фонду, і яшчэ двух мільярдаў — на фінансаваньне дасьледаваньняў у галіне абаронных інавацый. Па словах эўракамісара па ўнутраным рынку Т’еры Брэтона, дадатковае фінансаваньне з Эўрапейскага абароннага фонду пойдзе на разьвіцьцё сумесных абаронных праектаў у космасе, кібэрпрасторы і высокіх тэхналёгіях.

Італія, Вугоршчына і Кіпр выступаюць за «мірныя перамовы і неадкладнае спыненьне агню»

Вугоршчына і Кіпр падтрымалі ініцыятыву Італіі ўнесьці патрабаваньне аб спыненьні агню і мірных перамовах з Расеяй у праект заявы па выніках саміту ЭЗ 30–31 траўня.

Як піша Reuters, Вугоршчына выступае супраць увядзеньня забароны на імпарт нафты, а Кіпр занепакоены прапанаванай забаронай на продаж нерухомасьці грамадзянам Расеі. Італія ж настойвае, што мірныя перамовы з Расеяй — адна зь першачарговых мэтаў ЭЗ у цяперашнім становішчы.

На мінулым тыдні Італія прапанавала плян мірнага ўрэгуляваньня канфлікту, які выклікаў крытыку як ва Ўкраіне, так і ў Расеі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG