Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы пасол Украіны ў Беларусі: трэба папярэдзіць Лукашэнку аб кроках у адказ на новыя абстрэлы зь беларускай тэрыторыі


Валянцін Налівайчанка.
Валянцін Налівайчанка.

Колішні пасол Украіны ў Беларусі, дэпутат Вярхоўнай Рады Валянцін Налівайчанка лічыць, што кіраўніцтва Ўкраіны павінна ў публічнай заяве папярэдзіць Аляксандра Лукашэнку аб магчымым зьнішчэньні ракетных комплексаў Расеі на тэрыторыі Беларусі ў выпадку новых абстрэлаў Украіны з тэрыторыі Беларусі.

«Перакананы, што настаў час, каб суагрэсар таксама разумеў цану такіх агрэсіўных дзеяньняў і плянаў», — заявіў Валянцін Налівайчанка ў эфіры ўкраінскага тэлеканалу «Прямий».

Украінскі дыплямат і дэпутат перакананы: кіраўніцтва Ўкраіны мусіла даўно папярэдзіць Лукашэнку, што «мы будзем зьнішчаць і гэтыя ракетныя дывізіёны, і ўсіх тых агрэсараў, якія на нас, на нашых мірных грамадзян будуць скіроўваць гэтыя ракеты».

«Гэта ўжо занадта. Гэта ня проста гульня мышцамі. Гэта гульня ў агрэсію. І Лукашэнка прызнаў на закрытай частцы сваёй нарады, што ў яго няма ніводнай прыязнай мяжы, апроч саюзнай прасторы з Расейскай Фэдэрацыяй», — дадаў Валянцін Налівайчанка.

Украінскі дыплямат і дэпутат перакананы, што Рэспубліка Беларусь як дзяржава «за паўкрока ад таго, каб растварыцца ў Расейскай імпэрыі, і апроч Лукашэнкі і яго атачэньня, гэтага насамрэч ніхто ў Беларусі ня хоча».

«Ніхто ня хоча. Ні беларускі бізнэс, ні беларуская моладзь, ні незалежныя мэдыя, якія там яшчэ засталіся. Там уся беларуская моладзь катэгарычна не ўспрымае такія саюзныя ці саюзьніцкія пляны Лукашэнкі і Пуціна», — падкрэсьліў Валянцін Налівайчанка.

Колішні пасол Украіны ў Беларусі назваў чарговай пагрозай для Ўкраіны рашэньне Лукашэнкі аб стварэньні апэратыўнага камандаваньня на паўднёвым, украінскім кірунку. «Калі гэта перакласьці на зразумелую мову — гэта пагроза Ўкраіне і ўкраінцам, што ён зноў будзе даваць сваю тэрыторыю [у карыстаньне] расейскім войскам, расейскім ракетам і гэтак далей», — мяркуе Валянцін Налівайчанка.

Што папярэднічала

Лукашэнка заснаваў новае апэрацыйнае вайсковае камандаваньне ў Беларусі — паўднёвае.

Як паведаміў тэлеграм-канал «Пул первого», ён матываваў гэты крок ня толькі вайсковым ціскам з боку Польшчы, Літвы і Латвіі, а і эскаляцыяй баявых дзеяньняў ва Ўкраіне.

Да гэтага часу ў Беларусі былі два апэрацыйныя камандаваньні — паўночнае і паўночна-заходняе.

Хто такі Валянцін Налівайчанка

  • Валянцін Налівайчанка ачольваў украінскую амбасаду ў Беларусі ў 2005–2006 гадах. Ён прадстаўляў інтарэсы Ўкраіны ў Беларусі найменш часу ў параўнаньні зь іншымі ўкраінскімі дыпляматамі — усяго паўгода, але, напэўна, у найбольш складаны для двухбаковых дачыненьняў пэрыяд — пасьля Аранжавай рэвалюцыі і напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, калі беларускія ўлады ня ўтойвалі свайго нэгатыўнага стаўленьня да «каляровых рэвалюцый».
  • Да Беларусі Валянцін Налівайчанка працаваў у ЗША ды Фінляндыі, намесьнікам міністра замежных спраў, двойчы — кіраўніком Службы бясьпекі Ўкраіны. Цяпер ён дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны, абраны паводле сьпісу партыі Юліі Цімашэнкі «Бацькаўшчына».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG