Былы пасол Украіны ў Беларусі: Санкцыі супраць Расеі канчаткова зьнішчаць беларускую нафтаперапрацоўку

Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Валянцін Налівайчанка
Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Валянцін Налівайчанка

Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Валянцін Налівайчанка мяркуе, што міжнародныя санкцыі супраць Расеі аўтаматычна адбіваюцца на эканоміцы Беларусі.

«Расея фінансуе Беларусь і датуе штогод больш як на 5 мільярдаў даляраў. Па-сутнасьці, беларускай эканомікі ўжо як такой, за выключэньнем, магчыма, нафтаперапрацоўкі і асобных індустрыяльных заводаў, даўно не існуе. Усё гэта ўжо даўно фінансуе і крэдытуе Расея», — сказаў Валянцін Налівайчанка 7 красавіка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону.

Колішні пасол Ўкраіны ў Беларусі нагадаў, што міжнародныя санкцыі супраць Беларусі былі ўведзеныя да вайны ва Ўкраіне.

«Цяпер тыя санкцыі, якія супраць Расеі ўвялі ЗША, Вялікая Брытанія і, дай Божа, сёньня (абвесьціць) Эўрапейскі Зьвяз, адначасова б’юць па Беларусі», — перакананы ўкраінскі палітык.

«Давайце пра нафту. Мазырскі і Наваполацкі нафтаперапрацоўчыя заводы адкуль атрымліваюць нафту? З Расеі. Калі санкцыі пачнуць біць і пачне працаваць эмбарга на нафту, то каму патрэбна тая расейская нафта і сьветлыя нафтапрадукты, якія Беларусь будзе перапрацоўваць з расейскай нафты? Па-сутнасьці, Беларусь, калі гаварыць эканамічна, ужо даўно нічога ня плаціць Расеі (за нафту), а атрымлівае за тое, што ёсьць суагрэсарам супраць нас, Украіны», — патлумачыў Валянцін Налівайчанка.

«Беларусь ня ёсьць эканамічнай крыніцай ці бізнэс-партнэркай Расеі. Не. Расея ўтрымлівае Беларусь. Расея дае нафту на перапрацоўку, прычым бяз грошай, як давальніцкую сыравіну. І, я думаю, гэта сапраўды вялікі цяжар, і чым далей, тым больш і для самой эканомікі Расеі», — адзначыў украінскі палітык і дыплямат.

Хто такі Валянцін Налівайчанка

Валянцін Налівайчанка ачольваў украінскую амбасаду ў Беларусі ў 2005–2006 гадах. Ён прадстаўляў інтарэсы Ўкраіны ў Беларусі найменш часу ў параўнаньні зь іншымі ўкраінскімі дыпляматамі — усяго паўгода, але, напэўна, у найбольш складаны для двухбаковых дачыненьняў пэрыяд — пасьля Аранжавай рэвалюцыі і напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, калі беларускія ўлады ня ўтойвалі свайго нэгатыўнага стаўленьня да «каляровых рэвалюцый».

Да Беларусі Валянцін Налівайчанка працаваў у ЗША ды Фінляндыі, намесьнікам міністра замежных спраў і двойчы — кіраўніком Службы бясьпекі Ўкраіны. Цяпер ён дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны, абраны паводле сьпісу партыі Юліі Цімашэнкі «Бацькаўшчына».

​
XS
SM
MD
LG