Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нам не да Ўкраіны, мы вас ад NATO абараняем. У чым Лукашэнка імкнецца пераканаць Маскву?


Лукашэнка і Пуцін, красавік 2022
Лукашэнка і Пуцін, красавік 2022

Вярнуўшыся з Сочы, Аляксандар Лукашэнка 26 траўня правёў нараду, падчас якой заявіў пра неабходнасьць умацаваньня ваеннай бясьпекі. Чаго раптам? Што такога новага ён даведаўся ад Пуціна?

Сьцісла:

  • Можна меркаваць, што Пуцін хацеў бы больш актыўнага ўдзелу Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны.
  • Лукашэнку шмат зь якіх прычын ня хочацца паўнавартасна ўдзельнічаць у вайне, і ён імкнецца адбіцца ад просьбаў Масквы.
  • Менск хоча пераканаць кіраўніцтва Расеі, што Беларусь ня можа накіраваць свае войскі ва Ўкраіну, бо тады ня будзе каму абараняць Маскву з заходняга напрамку.

Згадаем, на тле якіх падзей адбывалася гэтая нарада, які яе вонкавы кантэкст. Толькі што, 23 траўня, адбыліся перамовы Лукашэнкі з прэзыдэнтам Расеі Пуціным у Сочы. Пятыя з пачатку году. Іх афіцыйная частка зацягнулася на чатыры з паловай гадзіны. Была яшчэ неафіцыйная камунікацыя. Абмяркоўвалі, паводле словаў расейскага кіраўніка, праблемы бясьпекі ў рэгіёне. Там Лукашэнка расказваў, што нібыта Польшча зьбіраецца захапіць Заходнюю Ўкраіну і Заходнюю Беларусь.

Выданьне «Медуза» са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што ў Крамлі плянуюць правесьці рэфэрэндум у Беларусі аб далучэньні яе да Расеі.

Можна выказаць меркаваньне, што на Лукашэнку аказваецца моцны ціск, чагосьці ад яго настойліва патрабуюць. Самая відавочная гіпотэза палягае ў тым, што Пуцін хацеў бы больш актыўнага ўдзелу Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны. Лукашэнку шмат зь якіх прычын ня хочацца гэтага рабіць, і ён імкнецца адбіцца. Якім чынам?

Вярнуўшыся з Сочы ў Менск, Лукашэнка зьбірае нараду. Дзеля наданьня ёй вонкавай важнасьці ён адмыслова прыехаў у Міністэрства абароны, прычым у сваім мундзіры «генэралісімуса». Заслухаў «закрыты» даклад кіраўніцтва Мінабароны.

Міністар абароны Віктар Хрэнін пасьля нарады паведаміў журналістам, што недалёка ад беларускіх межаў праводзяцца вучэньні краін NATO — усяго 21 вучэньне. «Большасьць вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у вучэньнях, — гэта вайскоўцы Злучаных Штатаў», — адзначыў ён.

А потым сам Лукашэнка расказаў пра страшныя і непасрэдныя пагрозы Беларусі з боку NATO. Паводле яго, «Злучаныя Штаты і іх сатэліты працягваюць рэалізацыю курсу на абвастрэньне адносін фактычна з усім сьветам». Тэзіс цікавы ў тым пляне, што зусім нядаўна ён з горыччу казаў, што супраць Беларусі і Расеі выступае кааліцыя з 52 дзяржаў. Дык хто насамрэч уступіў у канфрантацыю «фактычна з усім сьветам»?

Але галоўная думка, дзеля якой, здаецца, і зьбіралася гэтая нарада, зводзіцца да таго, што на заходніх межах Беларусі NATO зьбірае вялізныя сілы, каб пагражаць «саюзнай дзяржаве».

Лукашэнка кажа: «Пад прыкрыцьцём абарончай тэматыкі гэтых манэўраў адпрацоўваюць пытаньні перакіданьня войскаў з Амэрыкі, Заходняй Эўропы, стварэньня і прымяненьня груповак. Мы бачым сапраўдныя мэты мерапрыемстваў, якія праводзяцца натаўцамі. Па сутнасьці, гэта выведка і асваеньне магчымага ў будучыні тэатру ваенных дзеяньняў. Па задуме Амэрыкі Эўропа і ўступіла ў глябальнае супрацьстаяньне з Расеяй. У гэтай барацьбе Беларусі давядзецца сутыкнуцца з беспрэцэдэнтным і працяглым эканамічным, палітычным і нават ваенным націскам».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ваенны націск будзе чыніцца праз Польшчу, Літву, Латвію і дысьлякаваныя там войскі NATO, а таксама за кошт падтрыманьня і эскаляцыі баявых дзеяньняў ва Ўкраіне.

І цяпер у Крамлі павінны зразумець, што Беларусь ня можа накіраваць свае войскі ва Ўкраіну. Бо ў такім разе ваенныя орды, перакінутыя да беларускіх межаў з ЗША і Заходняй Эўропы, рынуцца на Маскву. І ня будзе каму прыкрыць «белакаменную». Нарада павінна напужаць Расею пагрозай з захаду, прадэманстраваць, што беларускае войска гатовае «ў любую хвіліну даць адэкватны адказ ваенным намерам у бок Беларусі». І абараніць Расею ад заходніх супастатаў. А вы ўжо там ва Ўкраіне ваюйце з «нацыстамі» самі, бяз нас.

Іншае пытаньне, наколькі гэтая праставатая сялянская хітрасьць пераканае Крэмль і ці адмовіцца ён ад сваіх патрабаваньняў да Беларусі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG