Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта працяг спэктаклю, які Лукашэнка грае для Пуціна». Ці сапраўды ўкраінскія дывэрсанты заходзяць на тэрыторыю Беларусі?


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. 2021 год
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. 2021 год

У суботу, 22 траўня, дзяржаўныя расейскія і беларускія інфармацыйныя агенцтвы пачалі распаўсюджваць словы дзяржсакратара Рады бясьпекі Беларусі Аляксандра Вальфовіча аб тым, што дывэрсійна-выведныя групы з Украіны заходзяць на тэрыторыю Беларусі.

Адметна, што першымі пра гэта сталі пісаць расейскія СМІ, а ўжо потым падхапіла БелТА. Высьветлілася, што гэтыя словы Вальфовіч сказаў яшчэ 12 траўня ў інтэрвію кампаніі ВаенТБ, калі наведваў падразьдзяленьні Берасьцейскай памежнай групы. Але цягам 10 дзён іх чамусьці ніхто не публікаваў.

«Украінскі бок зьдзяйсьняе працу дывэрсійна-выведных груп, у тым ліку з заходам на тэрыторыю Беларусі», — падкрэсьліў Вальфовіч.

Свабода зьвярнулася да ўкраінскага вайсковага экспэрта, палкоўніка запасу УСУ Алега Жданава з просьбай пракамэнтаваць словы Вальфовіча, ці магчымыя такія вылазкі ўглыб Беларусі.

«Гэта больш падобна да фантазій спадара Вальфовіча, бо мы не вядзём ніякіх баявых дзеяньняў на сумежных тэрыторыях. Нават з улікам таго, што расейская армія ваюе на тэрыторыі Ўкраіны, мы не адкрываем агонь па Расеі», — кажа Жданаў.

На думку экспэрта, гэта тыповая лінія паводзінаў для Аляксандра Лукашэнкі.

«Гэта працяг таго спэктакля, які грае Лукашэнка для Пуціна, каб прапятляць, але не ўвязацца ў вайну. Глядзіце, Лукашэнка на касмадроме „Ўсходні“ казаў Пуціну, што Беларусь будзе прыкрываць сьпіну расейскай арміі. І цяпер ён працягвае паказваць, як добра ён прыкрывае гэтую сьпіну. Менавіта з гэтай мэтай адбываюцца раптоўныя праверкі баявой гатоўнасьці вайсковых частак, усе вучэньні, перакіданьне войскаў з поўначы на поўдзень і назад. Ён актыўна дэманструе, што армія занятая і таму ўзяць удзел у вайне ва Ўкраіне ня можа».

Таксама Аляксандар Вальфовіч падкрэсьліў, што Ўкраіна нарошчвае групоўку ўзброеных сілаў на памежных зь Беларусьсю тэрыторыях. Маўляў, на ровенскім кірунку знаходзіцца 10,5 тысячы ўкраінскіх салдат, на чарнігаўскім — 4,5, на кіеўскім — больш за 5.

«Усе асноўныя сілы, у тым ліку і рэзэрвы, засяроджаныя на паўднёвым усходзе краіны. Невялікая колькасьць войскаў стаіць ля мяжы, але не было інфармацыі аб тым, што іх колькасьць павялічвалася. Лукашэнку патрэбная легенда перад Пуціным для апраўданьня свайго бязьдзеяньня».

Алег Жданаў лічыць, што шанцы ўцягваньня беларускага войска ў вайну зьмяншаюцца, але нельга сказаць, каб яны набліжаліся да нуля.

«На сёньня 60 на 40, што Беларусь не ўмяшаецца ў канфлікт ва Ўкраіне. Тым больш што ў Лукашэнкі зьявілася магчымасьць сэпаратных перамоваў з Эўропай. Напрыклад, па арганізацыі транзытнага калідора для ўкраінскага збожжа. Наўрад ці Лукашэнка хоча стаць на адну прыступку вайсковага злачынцы разам з Пуціным. Сёньня ў яго яшчэ ёсьць шанец адбіцца ад трыбуналу, сказаўшы, што Пуцін сілай скарыстаўся тэрыторыяй Беларусі. Калі ж увяжацца ў вайну, то ніякіх пэрспэктываў пазьбегнуць трыбуналу ў яго ня будзе», — мяркуе Жданаў.

Вядомы беларускі вайсковы экспэрт на ўмовах ананімнасьці падзяліўся сваім бачаньнем сытуацыі. Ён лічыць, што на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца ўкраінскія выведныя групы. Але не ўчыняюць дывэрсій, бо тыя папросту не патрэбныя.

«Гэтаксама і беларускія выведнікі бывалі і бываюць ва Ўкраіне — гэта ўзаемны працэс. Што тычыцца заяваў Вальфовіча, то я не выключаю, што ён можа падводзіць для прапаганды групу Аўтуховіча як дывэрсійна-выведную, маўляў, яна дзейнічала пад кіраўніцтвам Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны», — мяркуе экспэрт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG