У Кіеве адказалі Вальфовічу: Беларусь заявамі аб украінскіх дывэрсантах дапамагае Расеі адцягваць сілы арміі Ўкраіны

Вадзім Дзенісенка
Вадзім Дзенісенка

Дарадца Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Вадзім Дзенісенка зьвязвае заявы дзяржсакратара Савету бясьпекі Беларусі Аляксандра Вальфовіча аб дывэрсантах з Украіны з выкананьнем адпаведных даручэньняў расейскага кіраўніцтва.

«Цяпер ёсьць заявы аднаго з вайсковых кіраўнікоў Беларусі, што ўкраінцы нібыта пачынаюць пераходзіць на тэрыторыю Беларусі і ладзяць нейкія засады на тэрыторыі Беларусі, нешта заміноўваюць і гэтак далей. То бок расейцы, мяркуючы па ўсім, папрасілі кіраўніцтва Беларусі ўключыцца ў слоўную, як мінімум, гульню супраць Украіны і пачаць расказваць лухту пра тое, як украінцы зьбіраюцца нешта там рабіць на тэрыторыі Беларусі», — цытуе дзяржаўнае ўкраінскае агенцтва Укрінформ Вадзіма Дзенісенка.

Паводле яго, ёсьць разуменьне, што гэта робіцца наўмысна, каб як мага больш адцягнуць украінскія сілы на мяжу зь Беларусьсю, а таксама зьнізіць магчымасьці перакідваньня войскаў на ўсход і поўдзень Украіны.

Аб заходзе на тэрыторыю Беларусі дывэрсійна-выведвальных груп з боку Ўкраіны заявіў дзяржсакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч у інтэрвію «ВоенТВ» (тэлекампанія Міністэрства абароны), відэавэрсію якога апублікавалі 22 траўня.

«Групоўка ўзброеных сіл на Ровенскім кірунку на ўкраінскай тэрыторыі складае каля 10,5 тысячы чалавек, на Чарнігаўскім — 4,5 тысячы, на Кіеўскім — больш за 5 тысяч чалавек, — сказаў Вальфовіч. — Ідзе інжынэрнае абсталяваньне ўчасткаў дзяржаўнай мяжы ўздоўж украінскай мяжы, уздоўж нашых паўднёвых рубяжоў. Мінаваньне, ажыцьцяўленьне завалаў, дзеяньне дывэрсійна-выведвальных груп, у тым ліку з заходам на беларускую тэрыторыю».

​
XS
SM
MD
LG