Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абстрэлы на Данбасе, Ровенскай, Сумскай, Харкаўскай і Херсонскай абласьцях. 87-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны


Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 6 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі, яшчэ каля 7 мільёнаў хаваюцца ў іншых абласьцях. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Мінабароны Расеі абвясьціла аб захопе завода «Азоўсталь» і што агулам «здаліся» 2439 украінскіх вайскоўцаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі завода. У Кіеве пакуль не камэнтуюць.
  • Украінскі Генштаб: у Беларусі разгарнулі ракетныя комплесы «Точка-У», «Смерч» і 7 батальёнаў, пагроза ракетна-бомбавых удараў і артылерыйскіх абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі захоўваецца.
  • Паводле апошніх зьвестак ААН, з пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі 3838 мірных жыхароў. Офіс Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека лічыць, што фактычныя лічбы значна вышэйшыя.
  • Сэнат ЗША ўхваліў пакет дапамогі Ўкраіне амаль на 40 млрд даляраў. Цяпер дакумэнт мае падпісаць прэзыдэнт Джо Байдэн.
  • Расейскі сяржант Вадзім Шышымарын на судзе ў Кіеве прызнаў віну ў забойстве мірнага жыхара. Пракуратура Ўкраіны просіць для яго пажыцьцёвы тэрмін. Прысуд прагучыць 23 траўня.
  • Ва Ўкраіне судзяць яшчэ двух расейскіх вайскоўцаў. Іх абвінавачваюць у артылерыйскім абстрэле Харкаўскай вобласьці.
Тэрытарыяльны кантроль Украіны на 11 траўня 2022
Тэрытарыяльны кантроль Украіны на 11 траўня 2022

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 21 траўня

Расейскія вайскоўцы разбурылі мост паміж Севераданецкам і Лісічанскам, — кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі

Расейскія вайскоўцы разбурылі мост, які злучае Севераданецк і Лісічанск, паведаміў кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

«Оркі разбурылі мост паміж Севераданецкам і Лісічанскам. Гэта ўжо другі раз. У ліпені 2014 году пры вызваленьні Лісічанску баевікі падчас адступленьня ўзарвалі пралёт моста. З таго часу зносіны паміж двума статысячнымі гарадамі былі цяжкімі. Мост быў адноўлены ў 2016 годзе. Сёньня гісторыя паўтарылася», — напісаў Гайдай у Тэлеграме 21 траўня.

Украіну наведвае прэм'ер Партугаліі

У рамках візыту прэм'ер-міністар Партугаліі Антоніё Коста сустрэўся з Уладзімерам Зяленскім і наведаў горад Ірпень.

Партугалія надасьць Украіне фінансавую падтрымку ў памеры да 250 мільёнаў эўра. Адпаведны мэмарандум падпісалі прэм'ер-міністры Ўкраіны і Партугаліі Дзяніс Шмыгаль і Антоніё Коста. У гэтым годзе Украіна павінна атрымаць першы транш у памеры 100 мільёнаў эўра.

У Мікалаеўскай вобласьці вайскоўцы РФ зьнішчылі базу будаўнічай кампаніі

Ракетным ударам зьнішчана база будаўнічай арганізацыі ў Мікалаеўскай вобласьці, паведаміў кіраўнік вобласьці Віталь Кім і апублікаваў відэа ўдару. У выніку ракетнага ўдару згарэлі АЗС, склады, будаўнічыя матэрыялы і аўтамабіль.

Расейская ракета трапіла ў аб’ект вайсковай інфраструктуры ў Ровенскай вобласьці

Як паведаміў 21 траўня кіраўнік Ровенскай абласной ваеннай адміністрацыі Віталь Коваль, па тэрыторыі вобласьці быў нанесены ракетны ўдар па абʼекце вайсковай інфраструктуры. У выніку ракетнага ўдару ніхто не загінуў, пацярпелі шэсьць чалавек, паведаміў Коваль.

Паводле мясцовых уладаў, у канцы сакавіка расейскія войскі неаднаразова рабілі налёты на нафтабазы ў Ровенскай вобласьці.

Раніцай расейцы абстралялі з артылерыі Сумскую вобласьць

Раніцай 21 траўня расейскія вайскоўцы адкрылі агонь з артылерыі па населеным пункце Эсьман Шостканскага раёну Сумскай вобласьці. Стратаў няма, паведаміў начальнік Сумскай абласной вайсковай адміністрацыі Дзьмітрый Жывіцкі.

Расейскія войскі абстралялі пасёлак у Харкаўскай вобласьці, зьнішчаныя дамы і аўтамабілі

Расейскае войска абстраляла пасёлак Касьцянцінаўка Золачаўскай грамады Харкаўскай вобласьці. Пра гэта «Суспільному» паведаміў кіраўнік грамады Віктар Каваленка. Паводле яго, 21 траўня каля 02:00 пасёлак быў падбіты ракетай. У выніку абстрэлу зьнішчаны два жылыя дамы, дзьве летнія кухні і тры аўтамабілі. Загінулых і параненых няма.

У Луганскай вобласьці — 6 загінулых за дзень, у Данецкай — 3 загінулыя

Кіраўнік Луганскай аблдзяржадміністрацыі Сяргей Гайдай распавёў аб 6 загінулых у вобласьці ў выніку абстрэлаў 20 траўня. Паводле яго, раніцай 20 траўня расейскія войскі абстралялі школу, у падвале якой хаваліся жыхары Севераданецку. Два чалавекі загінулі на месцы, трое шпіталізаваныя. Яшчэ двое загінулі каля свайго дома ў Севераданецку — мужчына і жанчына. Дзьве жанчыны забітыя пад абстрэламі ў Лісічанску і Прывольлі. За дзень — каля 50 разбураных дамоў.

У Данецкай вобласьці ў выніку абстрэлаў 20 траўня загінулі тры жыхары Ліманскай абшчыны: у Лімане, Навасёлаўцы і Сасновым. Яшчэ 5 чалавек параненыя, паведаміў кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Павел Кірыленка. Паводле яго, агулам з пачатку вайны вядома пра 400 загінулых мірных жыхароў Данецкай вобласьці. Кірыленка адзначыў, што цяпер немагчыма ўстанавіць дакладную колькасьць ахвяраў у Марыюпалі і Валнавасе.

Выбухі ў Херсонскай вобласьці, абстрэлы на Данбасе. Як прайшла ноч у рэгіёнах

Як паведамілі на 8-ую раніцы «Суспільне» ў ваенна-цывільных адміністрацыях:

  • У Херсонскай вобласьці баявыя дзеяньні не спыняюцца. Раніцай практычна па ўсёй тэрыторыі вобласьці чуваць выбухі і абстрэлы. Таксама мясцовыя жыхары чулі запуск ракет. На мяжы гуманітарнага крызісу акупаваныя вёскі. Выезду і ўезду з Херсона расейцы не даюць, толькі праз Крым. Сытуацыя ў вобласьці крытычная.
  • На Луганшчыне за дзень каля 50 разбураных дамоў. Авіяудары па Горнай і Папасьнянскай абшчынах. У Лісічанску за суткі пашкоджана 23 дамы, у суседнім Прывольлі — 16, пяць — у Севераданецку. Таксама расейцы трапілі па школе і абʼяднаньні «Азот» — там адбылося ўзгараньне, пажар ліквідаваны. У Лісічанску ўзьнікла ўзгараньне бункера з вуглём на шахце. Ёсьць загінулыя і параненыя, інфармацыя ўдакладняецца.
  • На Данеччыне расейскія войскі вядуць абстрэлы па ўсёй лініі фронту ад Марʼінскай да Ліманскай абшчыны. За дзень у вобласьці пашкоджана 27 жылых дамоў і 8 пабудоваў цывільнай інфраструктуры. У Марʼінскай абшчыне расейскае войска абстраляла школу ў Лізаветоўцы. Пад мінамётны абстрэл патрапіла Краснагораўка, большая частка горада абясточаная. Пад абстрэлам зноў Аўдзееўскі каксахімічны завод і жылыя кварталы горада. На Сьветладарскім напрамку было пашкоджана электразабесьпячэньне Новалуганскага, але ўвечары яго аднавілі. У Тарэцкай грамадзе пад агнём Нью-Ёрк і Сухая Бэлька. За суткі ў вобласьці 3 загінулыя, 4 параненыя.
  • Мікалаеўшчына: увечары прыгарады Мікалаева былі абстраляныя з РСЗА «Сьмерч». Разбурэньняў, пацярпелых і ахвяраў няма. Днём і ноччу былі абстрэлы Шырокаўскай грамады, былі па-за населенымі пунктамі. Пацярпелых, паводле папярэдняй інфармацыі, няма.
  • У Адэскай вобласьці днём 20 траўня расейскія вайскоўцы нанесьлі тры ракетныя ўдары па адным з раёнаў вобласьці, увечары — адзін удар па абʼекце інфраструктуры. Ёсьць пашкоджаньні, пацярпелых няма. Інфармацыя аб наступствах удакладняецца.
  • На Харкаўшчыне боепрыпасы расейскіх войскаў траплялі па Дзергачах, Малой Данілаўцы, Чугуеўскім раёне — ратавальнікі тушылі пажары ў прыватных домаўладаньнях. Ракетны ўдар фактычна зьнішчыў Лазоўскі палац культуры. Увечары 20 траўня ў выніку трапленьня боепрыпасу ў Харкаве гарэлі павільёны аднаго з рынкаў горада. Уначы расейцы абстрэльвалі Залачэўскую грамаду, гарэлі жылыя дамы. Агулам за дзень у выніку расейскай агрэсіі ў Харкаўскай вобласьці 20 параненых, сярод іх адно дзіця.
  • Адносна спакойна ноч прайшла на Валыні, Закарпацьці, Ровеншчыне, Івана-Франкоўскай, Чарнавіцкай, Адэскай, Віньніцкай, Днепрапятроўскай, Запароскай, Тэрнопальскай, Львоўскай, Хмяльніцкай абласьцях, на Жытоміршчыне, Кіраваградшчыне, Чаркашчыне, Кіеўшчыне, Чарнігаўшчыне, Сумшчыне.

Зяленскі: На сёньня Ўкраіну абараняюць 700 тысяч чалавек

Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію «Україна 24» адзначыў, што з тымі сіламі, якія былі ў пачатку вайны Расеі супраць Ўкраіны, спыніць РФ Украіна не змагла б з-за таго, што тэрыторыю краіны неабходна было абараняць на многіх напрамках.

«Нават плюс 100 тысяч не змаглі б спыніць іх (у пачатку году Зяленскі падпісаў указ аб павелічэньні ўкраінскага войска яшчэ на 100 тысяч чалавек — РС)... Сёньня гэта 700 тысяч, вось вы бачыце вынік працы 700 тысяч людзей, якія ваююць... Гэта ў момант вайны, але яны раскіданыя па ўсёй тэрыторыі», — сказаў Зяленскі.

З пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі сама меней 232 дзіцяці

Офіс Генпракурора Ўкраіны працягвае даваць справаздачу аб загінулых з пачатку вайны ва Ўкраіне дзецях: цяпер іх колькасьць узрасла да 232 чалавек, яшчэ сама меней 430 атрымалі раненьні. 20 траўня 11-гадовае дзіця атрымала раненьні ў выніку ракетнага ўдару па горадзе Лазавая ў Харкаўскай вобласьці.

Зяленскі: украінскіх вайскоўцаў з «Азоўсталі» плянуюць абмяняць на расейскіх ваеннапалонных

Уладзімір Зяленскі пацьвердзіў, што ўкраінскіх вайскоўцаў з «Азоўсталі» павінны абмяняць на расейскіх ваеннапалонных. Паводле яго, ААН, Чырвоны Крыж і Расея паабяцалі, што ўкраінскія вайскоўцы будуць у бясьпецы чакаць абмену. Ён таксама паведаміў, што дамаўляўся зь лідарамі Турэччыны, Швайцарыі, Ізраілю і Францыі, у прыватнасьці, прасіў даць зброю для разблякаваньня Марыюпаля ваенным шляхам.

Увечары 20 траўня Мінабароны Расеі заявіла, што завод «Азоўсталь» у Марыюпалі перайшоў пад кантроль расейскіх войскаў, агулам «здаліся» 2439 украінскіх вайскоўцаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі завода. Паводле паведамленьня, міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу далажыў Уладзіміру Пуціну аб захопе заводу.

Украінскія ўлады не камэнтавалі гэтае паведамленьне, але раней прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што абаронцы «Азаўсталі» атрымалі дакладны сігнал ад ваеннага камандаваньня, што яны могуць выйсьці і выратаваць сваё жыцьцё.

BABYLON'13 выпусьціў фільм-разьвітаньне, які зьняў украінскі баец Дзьмітрый Казацкі («Орест») у апошні дзень на разбураным заводзе.

Падаляк: Вайна ва Ўкраіне ўваходзіць у фінальную фазу, пытаньне — колькі часу яна зойме

«Мы цяпер уваходзім у фінальную фазу, пытаньне — колькі часу яна будзе займаць. Яна можа зацягнуцца трошкі, бо расейцы, пры ўсіх голасных заявах, сканцэнтравалі рэшткі сваіх рэсурсаў і хочуць перайсьці ў так званую пазыцыйную вайну», — лічыць дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк.

Як падкрэсьліў Падаляк, Расея хоча перайсьці ў зацяжную фазу вайны, але Ўкраіне гэта вельмі нявыгадна.

«Украіне трэба дэблякаваць усе нашы вобласьці, уключаючы Данецкую і Луганскую», — дадаў ён.

Удар па вакзале ў Краматорску нанесьлі з акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласьці

Экспэртыза Службы бясьпекі Ўкраіны паказала, што ракетны ўдар па чыгуначным вакзале ў Краматорску быў нанесены з акупаванай расейцамі тэрыторыі Данецкай вобласьці, паведамляе прэс-цэнтар СБУ. Там сьцьвярджаюць, што атрымалі неабвержныя доказы датычнасьці расейскіх войскаў да абстрэлу 8 красавіка. У выніку абстрэлу вакзалу ў Краматорску загінуў 61 чалавек, а яшчэ 121 быў паранены.

Ракетным ударам па Лазавой пашкодзіла больш за тысячу кватэр і 11 навучальных установаў

У выніку ўчорашняга ракетнага ўдару па горадзе Лазавая ў Харкаўскай вобласьці былі пашкоджаныя больш за тысячу кватэр і 11 навучальных установаў, паведаміў мэр Лазавой Сяргей Зяленскі 21 траўня.

«Працягваем абсьледаваньне аб’ектаў інфраструктуры, жылых дамоў. Лічбы шакуючыя: 11 установаў адукацыі, у тым ліку 5 школ. Ёсьць пытаньні па бальніцы, паліклініцы. Самае страшнае — гэта кватэры нашых жыхароў — больш за тысячу. Ну а наш Палац культуры быў цалкам разбураны», — адзначыў мэр Лазавой. Па словах Зяленскага, учора пацярпелі восем чалавек, у тым ліку 11-гадовая дзяўчынка.

Украінскі Генштаб: Расея страціла ў вайне каля 28 850 вайскоўцаў

Па стане на раніцу 21 траўня ўсеагульныя баявыя страты Расеі з пачатку поўнамаштабнага наступу на Ўкраіну 24 лютага складаюць каля 28 850 вайскоўцаў, гаворыцца ў паведамленьні Генштабу Ўзброеных Сіл Украіны. За апошні дзень расейцы страцілі каля 150 вайскоўцаў.

Расея не публікуе зьвесткі аб стратах сваіх вайскоўцаў з канца сакавіка.

У Харкаўскай вобласьці знайшлі магілы 6 вайскоўцаў РФ

На тэрыторыі Залачэўскай грамады Харкаўскай вобласьці знайшлі магілы расейскіх вайскоўцаў, паведаміў начальнік Сьледчага ўпраўленьня паліцыі Харкаўшчыны Сяргей Болвінаў. Украінскія праваахоўнікі выявілі шэсьць трупаў у форменнай вопратцы Узброеных сіл РФ, адзін з забітых — падпалкоўнік Герасімаў В. С. «Калі мы дапыталі мясцовых жыхароў, мы даведаліся, што іх пахавалі мясцовыя», — распавёў Болвінаў.

Зяленскі пра Данбас: «Там пекла, безь перабольшаньня»

Расейскія войскі цалкам разбурылі Данбас, сказаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў чацьвер у вячэрнім відэазвароце.

Паводле яго, Расея, спрабуючы актывізаваць наступ у рэгіёне, праводзіць бессэнсоўныя бамбаваньні.

«Там пекла, і гэта не перабольшаньне», — сказаў Зяленскі.

Ва Ўкраіну вярнуліся больш за мільён уцекачоў

Пра гэта паведаміў амбасадар Украіны ў Вялікай Брытаніі Вадзім Прыстайка, выступаючы ў брытанскім парлямэнце, піша BBC. Паводле яго, жыхарам Кіева і Харкава рэкамэндавалі не сьпяшацца зь вяртаньнем, бо да канца бясьпечнай сытуацыю ў гарадах назваць нельга.

З моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну краіну пакінулі больш за 6,4 млн чалавек, вынікае са зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў па стане на 19 траўня. Большасьць зь іх выехалі ў Польшчу, Румынію, Расею, Вугоршчыну, Малдову і Славаччыну.

Больш за 8 мільёнаў украінцаў цяпер — унутрана перамешчаныя асобы.

Насельніцтва Ўкраіны (уключна з тэрыторыяй пад кантролем Расеі) складае каля 44 мільёнаў чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

Расея забараніла ўезд Джо Байдэну і яшчэ 962 грамадзянам ЗША

У сьпісе, сярод іншых, апынуліся прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, ягоны сын Хантэр Байдэн, дырэктар ЦРУ Уільям Бэрн, чальцы палаты прадстаўнікоў ад рэспубліканскай і дэмакратычнай партый, дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, журналісты, палітыкі, прадпрымальнікі, судзьдзі, адвакаты, сілавікі, вайскоўцы і інш. У паведамленьні МЗС РФ гаворыцца, што санкцыі ўведзеныя «ў кантэксьце мераў у адказ на пастаянна ўведзеныя ЗША антырасейскія санкцыі».

У Дзярждуме Расеі прапанавалі адмяніць абмежаваньні па ўзросьце для вайскоўцаў-кантрактнікаў

У Дзярждуму ўнесьлі законапраект аб адмене верхняга ўзроставага парога для заключэньня першага вайсковага кантракту.

Цяпер першы вайсковы кантракт можа заключыць расіянін да 40 гадоў і замежнік да 30 гадоў. Аўтары законапраекту прапануюць адмяніць узроставую мяжу для грамадзян працаздольнага ўзросту. Для мужчын гэта 65 гадоў.

Авіякампанія S7 адмяніла рэйсы на захад і поўдзень Расеі, а таксама ў Крым да чэрвеня і верасьня

На гэта зьвярнула ўвагу агенцтва «РИА Новости». Авіяперавозчык закрыў продажы на рэйсы ў Анапу, Геленджык, Краснадар і Сімферопаль да 23 чэрвеня, а на рэйсы з Масквы ў Белгарад, Бранск, Варонеж і Ліпецк — да канца верасьня.

Расавіяцыя закрыла пералёты ў кожны з названых аэрапортаў 24 лютага, у дзень пачатку вайны Расеі супраць Украіны, а потым падаўжала забарону больш як дзесяць разоў. Цяпер пералёты фармальна закрытыя да 13 траўня.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Украінскі Генштаб: у Беларусі разгарнулі комплексы «Точка-У» і «Сьмерч»

У Беларусі на асобных палігонах разгарнулі два ракетныя дывізіёны тактычнага ракетнага комплексу «Точка-У» і дывізіён рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Сьмерч», паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны ў вечаровай зводцы 20 траўня, пагроза ракетна-бомбавых удараў і артылерыйскіх абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі пакуль ня зьнікла.

Беларускае войска ля мяжы з Украінай

Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.

Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.

Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).

Як рэагуе сьвет

Байдэн падпісаў законапраект аб наданьні 40 млрд даляраў дапамогі Ўкраіне

21 траўня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў законапраект аб наданьні Ўкраіне 40 мільярдаў даляраў. Пакет прадугледжвае выдзяленьне дапамогі ў сфэры бясьпекі на 6 млрд даляраў, у тым ліку навучаньне, абсталяваньне, узбраеньне і падтрымку. Яшчэ 8,7 млрд мяркуецца накіраваць на папаўненьне запасаў амэрыканскага абсталяваньня, адпраўленага Ўкраіне, 3,9 млрд — на апэрацыі Эўрапейскага камандаваньня ЗША, 11 млрд Байдэн можа выкарыстаць для перадачы прадметаў і паслуг з амэрыканскіх запасаў без ухваленьня Кангрэсу.

ЗША перададуць Украіне ўзбраеньне яшчэ на 100 мільёнаў даляраў

У гэтым пакеце будуць пастаўкі 18 гаўбіц калібрам 155 мм і 18 тактычных машын для перавозу гэтых гаўбіц — эквівалент артылерыйскага батальёну, паведаміў прэс-сакратар Пэнтагону Джон Кірбі. Таксама ў пакеце дапамогі будзе 36 антыартылерыйскіх радараў ANTPQ.

Напярэдадні на брыфінгу ў Вашынгтоне неназваны высокі прадстаўнік Пэнтагону расказаў журналістам, што 79 з пастаўленых ЗША раней 90 гаўбіц ужо разьмешчаныя на пазыцыях украінскіх войскаў і выкарыстоўваюцца ў баявых дзеяньнях.

Эўрапарлямэнт: Усе санкцыі ЭЗ супраць Расеі павінны распаўсюджвацца на Беларусь

У чацьвер дэпутаты Эўрапарлямэнту прынялі рэзалюцыю, у якой асуджаюць падтрымку рэжымам Лукашэнкі вайны Расеі супраць Украіны і заклікаюць распаўсюдзіць на Беларусь усе санкцыі супраць Расеі, якія ўжо ўведзеныя і будуць уведзеныя.

Таксама ў рэзалюцыі заклікаюць правесьці расьсьледаваньне злачынстваў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі супраць беларускага народа, заклікаюць краіны ЭЗ актыўна прымяняць прынцып унівэрсальнай юрысдыкцыі і рыхтаваць судовыя справы супраць беларускіх службовых асобаў, у тым ліку Лукашэнкі, адказных за гвалт і рэпрэсіі ў Беларусі.

Эўрапарлямэнт падтрымаў стварэньне трыбуналу, каб судзіць Расею за ваенныя злачынствы

Чальцы Эўрапарлямэнту падтрымалі рэзалюцыю з заклікам да ЭЗ падтрымаць стварэньне спэцыяльнага трыбуналу па злачынстве агрэсіі супраць Украіны і прадаставіць яму неабходныя рэсурсы і падтрымку, паведаміў міністар замежных спраў Украіны Дзьмітры Кулеба.

Эўрапарлямэнт прыняў рашэньне адмяніць імпартнае мыта для Ўкраіны на год

У Эўрапарлямэнце выказаліся за ідэю адмены пошлін на імпарт у ЭЗ з Украіны для таго, каб падтрымаць эканоміку краіны. За прагаласавалі 515 дэпутатаў, супраць — 32, устрымаліся — 11. Дзейнічаць гэтая льгота будзе на працягу году. Адмена пошлін датычыцца экспарту прамысловай прадукцыі, садавіны і агародніны, а таксама антыдэмпінгавых пошлін адносна імпарту сталі. Рашэньне Эўрапарлямэнту пачне дзейнічаць пасьля таго, як яго апублікуюць у афіцыйным часопісе ЭЗ, пасьля чаго на наступны дзень яно набудзе моц. Як мяркуецца, гэта можа адбыцца ў чэрвені.

Сэнат ЗША 19 траўня ўхваліў новы пакет дапамогі Ўкраіне ў памеры 40 млрд даляраў

Цяпер яго павінен падпісаць Джо Байдэн. На мінулым тыдні Сэнат ЗША спрабаваў прыняць закон у паскораным фармаце, але галасаваньне заблякаваў рэспубліканец Рэнд Пол.

Значная частка з гэтай сумы пойдзе на зброю, таксама плянуецца накіраваць сродкі на гуманітарныя мэты і падтрымку эканомікі Ўкраіны.

Украіна атрымае гуманітарную дапамогу ад Польшчы ў выглядзе бэнзіну

Пра гэта паведаміла віцэ-прэм'ер, міністар эканомікі Юлія Свірыдзенка. Паводле Свірыдзенкі, Польшча дасьць агулам 25 тысяч тон з уласных запасаў. Як паведамляе прэс-служба Кабінэта міністраў, пастаўкі паліва пачнуцца на наступным тыдні.

Дэфіцыт паліва на АЗС Украіны ўзьнік у канцы красавіка. У канцы сакавіка расейскія вайскоўцы пачалі наносіць авіяўдары па паліўных базах. Разбураныя або пашкоджаны нафтабазы ў Львоўскай, Валынскай, Ровенскай, Палтаўскай, Днепрапятроўскай і Адэскай абласьцях. Таксама ў выніку расейскіх авіяўдараў была разбураная інфраструктура Крэменчугскага НПЗ, найбуйнейшай нафтавай кампаніі Ўкраіны, якая забясьпечвае больш за траціну ўсяго ўкраінскага рынку паліва.

ЭЗ выдзеліць яшчэ 9 мільярдаў эўра на аднаўленьне Ўкраіны

«Мы будзем працягваць быць побач з Украінай на працягу ўсёй гэтай вайны і калі яна пачне аднаўляцца. Мы прапануем Украіне новую макрафінансавую дапамогу ў памеры да 9 мільярдаў эўра ў 2022 годзе», — заявіла 18 траўня старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

У G7 пагадзіліся ўзмацніць эканамічную і палітычную ізаляцыю Расеі

Міністры замежных спраў краін Вялікай сямёркі паабяцалі ўзмацніць эканамічную і палітычную ізаляцыю Расеі, працягваць пастаўкі зброі ва Ўкраіну і працаваць над зьмяншэньнем глябальнага недахопу харчаваньня, выкліканага вайной. Пра гэта гаворыцца ў заяве міністраў.

Дыпляматы Вялікай Брытаніі, Канады, Нямеччыны, Францыі, Італіі, Японіі, ЗША і Эўразьвязу таксама паабяцалі працягваць вайсковую і абарончую дапамогу Ўкраіне «па меры неабходнасьці».

«Мы ніколі не прызнаем межы, якія Расея спрабавала зьмяніць шляхам ваеннай агрэсіі, і будзем працягваць падтрымліваць наш удзел у падтрымцы сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, у тым ліку Крыму», — заявілі міністры.

ЭЗ дасьць Украіне 500 млн эўра на закуп цяжкіх узбраеньняў

Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэль абвясьціў аб плянах Эўразьвязу дадаткова прадаставіць Кіеву 500 мільёнаў эўра. ​ Гэтыя грошы пойдуць на закуп цяжкіх узбраеньняў (пад цяжкімі ўзбраеньнямі звычайна маюцца на ўвазе сыстэмы супрацьпаветранай абароны, караблі, авіяцыйная і бранятэхніка).

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG