Прадстаўнікоў Расеі і Беларусі не запрасілі на памятную цырымонію ў Хірасіму

Мэмарыял у Хірасіме
Мэмарыял у Хірасіме

Амбасадара Беларусі ў Японіі не запрасілі на цырымонію, прысьвечаную 77-годзьдзю гадавіны атамнай бамбардзіроўкі японскага гораду Хірасіма, таксама як прадстаўнікоў Расеі.

У цырымоніі, якая пройдзе 6 жніўня, возьмуць удзел 3550 запрошаных гасьцей. Звычайна на яе запрашаюцца лідэры ядзерных дзяржаў і паслы ўсіх краін. Аднак сёлета арганізатары вырашылі не дасылаць запрашэньне прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну, а таксама беларускім і расейскім дыпляматам, паведамляе РИА Новости.

Раней беларускія і расейскія афіцыйныя дэлегацыі папрасілі не прыяжджаць на памятныя цырымоніі ў канцлягеры Эбэнзэе, Маўтгаўзэн і Бухэнвальд. Прычына — расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, якое падтрымалі ўлады Беларусі.

10 красавіка ў мэмарыяльным комплексе на месцы канцлягера Бухэнвальд прайшла жалобная цырымонія, прымеркаваная да 77-й гадавіны вызваленьня лягера.

Фонд «Мэмарыялы Бухэнвальду і Мітэльбаў-Дора» сёлета адмовіўся запрашаць на мерапрыемствы беларускую і расейскую дэлегацыі з прычыны вайны ва Ўкраіне.

Замест гэтага Беларусь на цырымоніі прадстаўляў запрошаны фондам кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка. Дзяржаўны чырвона-зялёны сьцяг на сустрэчы замянілі на нацыянальны беларускі бел-чырвона-белы. Гэта выклікала палітычны скандал.

​
XS
SM
MD
LG