ААН пацьвердзіла 8189 выпадкаў гібелі ці раненьня мірных жыхароў Украіны ў выніку нападу Расеі. Лічба няпоўная

Ваенныя разбурэньні ва Ўкраіне
Ваенныя разбурэньні ва Ўкраіне

Рэальныя лічбы значна вышэйшыя, паведамляюць у ААН.

Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека зафіксавала 8189 выпадкаў гібелі і раненьняў мірных жыхароў Украіны з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня: 3838 загінулых і 4351 параненых.

Гэта даныя з 24 лютага да поўначы 19 траўня, паведамілі ў УВКБ ААН.

У арганізацыі падкрэсьліваюць, што рэальныя лічбы значна вышэйшыя, «бо інфармацыя зь некаторых месцаў, дзе вядуцца інтэнсіўныя ваенныя дзеяньні, затрымліваецца, і шмат якія паведамленьні аб ахвярах сярод мірнага насельніцтва яшчэ павінны быць пацьверджаны».

Гэта тычыцца, напрыклад, населеных пунктаў Марыюпаль (Данецкая вобласьць), Ізюм (Харкаўская вобласьць) і Папасная (Луганская вобласьць), «дзе, як паведамляецца, мелі месца шматлікія выпадкі гібелі і раненьняў цывільных асобаў. Яны падлягаюць далейшай праверцы і не ўключаюцца ў пададзеную вышэй статыстыку».

У ААН дадалі, што большасьць зафіксаваных ахвяр сярод цывільнага насельніцтва выклікана выкарыстаньнем выбуховай зброі з шырокай зонай пашкоджаньня, уключаючы абстрэлы зь цяжкай артылерыі і рэактыўных сыстэм залпавага агню, а таксама ракетныя і авіяцыйныя ўдары.

Тым часам агенцтва ААН па справах уцекачоў заявіла 12 траўня, што з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня Ўкраіну пакінулі больш за 6 мільёнаў чалавек.

​
XS
SM
MD
LG