Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завышаны прагноз стратаў. Што ня так з арытмэтыкай Рамана Галоўчанкі пра санкцыі


Раман Галоўчанка і Міхаіл Мішусьцін
Раман Галоўчанка і Міхаіл Мішусьцін

Прэм'ер-міністар паведаміў, што санкцыі Захаду заблякавалі экспарт зь Беларусі ў краіны ЭЗ і ЗША на 16-18 мільярдаў даляраў

Аднак, паводле сайту амбасады Беларусі ў Брусэлі, экспарт тавараў і паслуг у ЭЗ у 2021 годзе склаў 12,24 мільярда даляраў. Паводле Белстату, экспарт тавараў у ЗША склаў летась 490 мільёнаў даляраў, экспарт паслуг— 1,51 мільярда даляраў.

У суме экспарт і туды, і туды — 14,24 мільярда даляраў.

Я ня тое каб спрабую выкрыць спадара Галоўчанку, проста хачу зразумець прынцып падліку страты.

Можа, урад разьлічваў, што сёлета атрымаецца ў ЭЗ і ў ЗША прадаць на 16-18 мільярдаў даляраў. Калі так, то гэта быў даволі сьмелы прагноз, асабліва з улікам таго, што мінулы год быў вельмі ўдалым для экспарту.

Эканамічныя прагнозы беларускіх уладаў часта ня спраўджваюцца. Але ў гэтым выпадку завышаным выглядае прагноз не прыбыткаў, а стратаў.

Гэта на першы погляд дзіўна. Пасьля кожнага новага пакету санкцыяў беларускія ўлады бадзёра рапартавалі, што санкцыі магутнай беларускай эканоміцы хоць бы што, літаральна днямі той жа Галоўчанка запэўніў: «Сёньня беларуская эканоміка адчувае сябе здаровай». Ну адчувае дык адчувае, можна толькі парадавацца за яе і за ейных правадыроў.

І раптам — упс, у параўнаньні зь леташнім экспартам ва ўсе краіны сьвету траціну, аказваецца, як карова языком зьліжа. І паведамляе пра гэта той самы «доктар» Галоўчанка, які пазаўчора дыягназаваў здароўе пацыента.

Як так? Дык дзейнічаюць, значыць, санкцыі? То ня дзейнічалі, а цяпер запрацавалі. І ўрад раптам пачаў не прымяншаць, а хіба перабольшваць іх эфэкт.

З чаго б?

Магчыма, памяняўся ўнутрыпалітычны пасыл. Раней думалі натхніць насельніцтва запэўніваньнямі, што санкцыі магутнай айчыннай эканоміцы — як камарыны ўкус. Ня надта атрымалася, насельніцтва на сваёй кішэні і лядоўні адчула, што ўсё сур’ёзна. Ня толькі з прычыны санкцыяў, дарэчы. Тое, што гандаль з Украінай і транзыт праз Украіну абрынуліся — гэта вынік не заходніх санкцыяў, а вядома чаго.

Таму, магчыма, вырашылі памяняць ідэалягічны пасыл і цяпер валіць усе праблемы на заходнія санкцыі. Летась Беларусь ім прадала рознага дабра на 14 прыкладна мільярдаў. Дык гэтыя гады ўвялі такія зьверскія санкцыі, што пазбавяць Беларусь даходаў ад экспарту ім ажно на 16 мільярдаў. Як так? Ну гады — вам жа патлумачылі, яны ва ўсім вінаватыя.

Магчыма, адрасат гэтых страшылак тут нават не адзін, ня толькі беларускі народ. Пра гэтыя сумныя абставіны Раман Галоўчанка раскаазаў падчас перамоваў са сваім расейскім калегам Міхаілам Мішусьціным. І папрасіў аб дапамозе. А ў такой сытуацыі ёсьць прамы сэнс не прыхарошваць сваё становішча, а наадварот, апавядаць і расейцам, як цярпіць Беларусь ад санкцыяў. У тым ліку і за прадастаўленьне сваёй тэрыторыі для расейскіх нападаў на Ўкраіну, між іншым.

Праўда, расейцы, напэўна, у курсе таго, як Беларусь гандлявала і гандлюе з Захадам і ці праўда страты такія вялікія.

Але тут — як у старым анэкдоце. Чалавек забірае машыну з рамонту. Глядзіць квіток за зроблены рамонт і пытаецца: «А што гэта за такая дарагая паслуга „Пракаціла“?» Мэханік у адказ: «Шкада, значыць не пракаціла».

Вось не пракаціць, напэўна. І беларусам, і Мішусьціну.

Перадрук з парталу Zerkalo.io

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG