Наступствы санкцый: Беларусь прадае калій больш як у 2 разы таньней за Расею і Канаду

Кампанія «Беларуськалій»
Кампанія «Беларуськалій»

Пасол Беларусі ў Бразыліі Сяргей Лукашэвіч са спасылкай на зьвесткі зьнешняга гандлю Бразыліі (Comexstat) заявіў, што Беларусь у студзені-сакавіку 2022 году прадала Бразыліі 612 тысяч тон калійных угнаеньняў — гэта трэцяе месца пасьля Расеі (каля 659 тысяч тон) і Канады (719 тысяч тон).

«Наша прадукцыя пастаўляецца на самых выгадных умовах: сярэдні кошт калійных угнаеньняў зь Беларусі ў 2022 годзе быў на 60% ніжэйшы, чым угнаеньняў з Расеі і Канады», — сказаў Сяргей Лукашэвіч у інтэрвію бразыльскай газэце «Correio Braziliense», пераклад якой апублікавала Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Паводле беларускага дыплямата, замяніць беларускі калій у Бразыліі немагчыма, бо ён складае амаль 20% бразыльскага рынку. Беларускія калійныя ўгнаеньні пастаўляліся ў Бразылію празь літоўскі порт у Клайпедзе, але з 1 лютага Літва спыніла транзыт гэтай прадукцыі. Паводле яго, скарачэньне беларускіх паставак паўплывае на кошт сельгаспрадукцыі і ўгнаеньняў, таму вельмі важна аднавіць продаж беларускіх угнаеньняў на бразыльскі рынак.

«Беларусь грае на зьніжэньне цаны на калійныя ўгнаеньні. Некаторыя краіны абяцаюць дапамагчы з набыцьцём угнаеньняў. Але ёсьць розьніца між закупам тоны за 1 ці за 5 тысяч рэалаў», — тлумачыць Сяргей Лукашэвіч.

Беларускі дыплямат прапанаваў адмовіцца ад пасярэднікаў у пастаўках беларускай прадукцыі.

«Гэтая сытуацыя патрабуе комплекснага рашэньня. Для бразыльскай сельскай гаспадаркі ўяўляецца лягічным захаваць канкурэнтаздольнасьць на гэтым рынку і аднавіць каналы паставак зь Беларусі. Акрамя таго, беларускі ўрад прыняў рашэньне аб лібэралізацыі працэдур экспарту калійных угнаеньняў з 6 красавіка 2022 году. У гэтым кантэксьце эфэктыўным рашэньнем можа стаць прамая сувязь паміж канчатковым спажыўцом у Бразыліі і вытворцам угнаеньняў у Беларусі», — мяркуе ён.

Заходнія санкцыі, а таксама вайна ва Ўкраіне цалкам разбурылі звыклую лягістыку экспартных паставак беларускіх калійных угнаеньняў

Штогод краіна прадавала 10–12 мільёнаў тон угнаеньняў, зарабляючы каля 2,5 мільярда даляраў. Аднак цяпер, хоць ахвотныя купіць гэты тавар ёсьць, яго проста немагчыма даставіць спажыўцам.

Агенцтва Bloomberg паведамляла, што Бразылія шукае шляхі паставак беларускага калію ў абыход санкцый. Бразыльскія імпартэры гатовыя разглядаць варыянты бартэру, выкарыстаньне ў разьліках юаня і пасярэднікаў.

​
XS
SM
MD
LG