Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вайна ва Ўкраіне і санкцыі душаць экспарт калійных угнаеньняў зь Беларусі


Шахты «Беларуськалію»
Шахты «Беларуськалію»

Заходнія санкцыі, а таксама вайна ва Ўкраіне цалкам разбурылі звыклую лягістыку экспартных паставак беларускіх калійных угнаеньняў

Штогод краіна прадавала 10–12 мільёнаў тон угнаеньняў, зарабляючы каля 2,5 мільярда даляраў. Аднак цяпер, хоць ахвотныя купіць гэты тавар ёсьць, яго проста немагчыма даставіць спажыўцам. Ці засталіся ў Беларусі варыянты альтэрнатыўных лягістычных маршрутаў і як гэтая сытуацыя адаб’ецца на эканоміцы краіны — у дасьледаваньні DW.

Спажыўцы ёсьць, а магчымасьці паставак няма

Праблемы з пастаўкай беларускіх калійных угнаеньняў на сусьветны рынак пачаліся на пачатку лютага, калі Літва цалкам спыніла іх транзыт праз сваю тэрыторыю, баючыся трапіць пад санкцыі ЗША, уведзеныя ў сьнежні 2021 году супраць «Беларуськалію» і «Беларускай калійнай кампаніі».

Тады Беларусь паспрабавала перанакіраваць лягістычныя плыні ва Ўкраіну, але ўкраінская чыгунка ўвяла абмежаваньні на транзыт беларускіх калійных угнаеньняў. І хоць шчыліны на гэтым кірунку заставаліся, 24 лютага пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну транзыт празь яе тэрыторыю стаў немагчымы. А 29 сакавіка ўлады Ўкраіны канфіскавалі для дзяржаўных патрэбаў вагоны зь беларускімі калійнымі ўгнаеньнямі вагою 7 тысяч тон, якія накіроўваліся ў краіны Азіі і, верагодна, трапілі на тэрыторыю краіны яшчэ да пачатку ваенных дзеяньняў.

Улічваючы тое, што Захад прызнаў Беларусь у вайне Расеі з Украінай суагрэсарам, Эўразьвяз і ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць Менску — беспрэцэдэнтныя па маштабе. ЭЗ цалкам забараніў транзыт калійных угнаеньняў зь Беларусі — гэта значыць, што іншыя маршруты (напрыклад, праз парты Румыніі) таксама робяцца недаступнымі.

Добры момант у гэтай гісторыі, паводле словаў дырэктара Цэнтру эканамічных дасьледаваньняў BEROC Кацярыны Барнуковай, — у тым, што ў калійных угнаеньняў ёсьць спажыўцы: «Індыя і Кітай гатовыя купляць угнаеньні, нягледзячы на «таксычнасьць» Менску. У лютым 2022 году плянавалася падпісаньне кантрактаў, але яно так і не адбылося. Верагодна, кітайцы і індыйцы ня сталі падпісваць доўгатэрміновыя пагадненьні, разумеючы праблемы зь лягістыкай і чакаючы вырашэньня пытаньня».

Ці дапаможа Беларусі Расея?

Адзіны напрамак, які застаецца ў гэтай сытуацыі, — Расея. Масква выказала гатоўнасьць дапамагчы «Беларуськалію», абмяркоўваліся варыянты паставак праз расейскія парты, а таксама будаўніцтва ўласнага беларускага тэрміналу ў Ленінградзкай вобласьці на працягу двух гадоў.

Па словах чальца эканамічнай каманды Сьвятланы Ціханоўскай Ірыны Сазановіч, глябальна лягістычных выхадаў у Беларусі практычна не засталося. «У Расеі і так не хапае магутнасьцяў — „Уралкалій“ цалкам выкарыстоўвае яе парты. Што тычыцца будаўніцтва ўласнага порту, то, па-першае, гэта зойме два гады; па-другое, ёсьць пытаньні зь фінансаваньнем. У любым выпадку пакуль гэта толькі заявы, якія, да таго ж, былі зробленыя да вайны і да санкцый супраць расейскіх кампаній. Цяпер усё можа зьмяніцца», — кажа Сазановіч.

Яна таксама лічыць, што ў сытуацыі, калі ў самой Расеі справы дрэнныя, Масква наўрад ці будзе дапамагаць Менску: «У нейкім сэнсе Беларусь для іх канкурэнт, бо ёсьць свой „Уралкалій“».

Лягістыка праз Расею дарагая, спажыўцы шукаюць альтэрнатывы

Кацярына Барнукова адзначае, што зараз у Беларусі загаварылі пра тое, каб давозіць калій да Індыі праз парты ў Астрахані:

«Але спачатку калій трэба неяк давезьці да Астрахані — хутчэй за ўсё па чыгунцы. На Касьпійскае мора прыпадае невялікі кавалак шляху. Потым трэба прайсьці праз краіны зь нестабільнай сытуацыяй — Іран, Афганістан, Пакістан. Гэта няпростая лягістыка».

Акрамя таго, праблема калійных угнаеньняў у тым, што яны займаюць шмат месца, абʼём тавару вялікі. «Каб такі доўгі маршрут дастаўкі быў рэнтабэльны, трэба на зваротным шляху чымсьці загрузіць вагоны, але такія абʼёмы пакуль ня знойдзеныя. Лягістыка выходзіць вельмі дарагая, і, нягледзячы на супэрпрэміяльныя цэны па каліі, на прыбытковасьць будзе выйсьці складана», — прагназуе Барнукова.

Акрамя таго, пакуль незразумела, якія абʼёмы зь неабходных 10 мільёнаў тон гэты маршрут можа на сябе прыняць.

На Беларусь прыпадае 15–18% паставак калійных угнаеньняў на сусьветны рынак

Цяперашнія спажыўцы беларускіх угнаеньняў сталі разглядаць альтэрнатыўныя варыянты закупкі, напрыклад Канаду, дзе плянуецца павялічыць здабычу. «Бразылія пачала весьці перамовы з канадзкімі кампаніямі, а Індыя ўжо заключыла кантракт, прычым па даволі высокіх цэнах. Гэта сьведчыць аб тым, што яны не вераць у тое, што „Беларуськалій“ зможа вырашыць лягістычныя праблемы», — лічыць Сазановіч.

Напярэдадні ўрад Беларусі ўвёў ліцэнзаваньне экспарту калійных угнаеньняў. Як мяркуе Барнукова, гэта зроблена для таго, каб і іншыя кампаніі, акрамя «БКК», маглі гандляваць каліем у абыход санкцыяў ЗША. Аднак праблему транзыту гэта не вырашае. Выглядае, што адзіны дзейны цяпер кірунак — пастаўкі ў Кітай чыгункаю праз Расею, пра што ў канцы лютага казаў прэмʼер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка. Абʼёмы паставак і кошт невядомыя, бо яшчэ летась Менск засакрэціў статыстыку па некаторых экспартных пазыцыях, у тым ліку па калійных угнаеньнях.

Прыпыненьне экспарту ўплывае на «Беларуськалій» і эканоміку краіны

Праблемы зь лягістыкай непазьбежна паўплываюць на эканоміку краіны. «У „Беларуськалію“ заўсёды быў вялікі прыбытак, гэта важная крыніца валюты. Мы недаатрымаем мінімум 2,5 мільярда даляраў, можа нават 3,5 мільярда, бо цэны на рынку моцна вырасьлі. Гэта значыць, што некалькі адсоткавых пунктаў ВУП адразу будуць страчаныя», — канстатуе Кацярына Барнукова.

Каб ня думаць пра тое, куды падзець угнаеньні, Барнукова раіць пакуль прыпыніць іх вытворчасьць: «На маленькую Беларусь прыпадае 15–18% сусьветнага рынку калію, у нас унутранае спажываньне перанасычанае. Тое ж самае і з расейскім рынкам, дзе ёсьць свае ўгнаеньні. Альтэрнатыўных рынкаў няма. Значыць, трэба перастаць вырабляць у тых жа маштабах».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG