Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская адказала на крытыку сваіх слоў аб прычынах правалу войск Расеі пад Кіевам

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Лідэрка беларускай апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію «Настоящему времени»  заявіла, што «шмат у чым дзякуючы беларусам спыніўся напад на Кіеў з боку Беларусі».

У інтэрвію «Настоящему времени» Сьвятлана Ціханоўская падкрэсьліла, што беларусы супраць вайны і не падтрымліваюць уварваньне Расеі ва Ўкраіну.

«Беларусы паказалі чарговы раз сваю мужнасьць. Шмат у чым дзякуючы ім спыніўся напад на Кіеў з боку Беларусі. Расейскае войска не адчувала сябе камфортна на нашых землях», — заявіла Святлана Ціханоўская.

Аднак ня ўсе ўспрынялі гэтае выказваньне адназначна. Сярод некаторых украінцаў яно выклікала хвалю крытыкі.

Карыстальнікі сацыяльных сетак нагадалі Ціханоўскай пра кірмаш, арганізаваны расейскімі акупантамі ў беларускім горадзе Нароўля, дзе тыя прадавалі беларусам нарабаваную ва Ўкраіне маёмасьць; рызыку нападу беларускай арміі, якая захоўваецца да гэтага часу, а таксама ракеты, якімі расейскія вайскоўцы абстрэльвалі ўкраінскія мірныя гарады.

Саму ж Ціханоўскую абвінавацілі сярод іншага ў крывадушнасьці і жаданьні прысвоіць сабе чужыя заслугі.

13 траўня Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала рэакцыю на сваё інтэрвію «Настоящему времени» і падкрэсьліла гераізм украінцаў, які «не паддаецца сумневу»:

«Я лічу, што задача палітыка — быць сумленным і адкрытым з людзьмі, і таму вырашыла напісаць гэты пост. Паважаныя ўкраінцы, я цалкам згодная, што подзьвіг вашага народу, ахвяра вашага народу і гераізм вашага народу не паддаюцца ні ацэнцы, ні сумневу. Тое, як вы ўсе разам абараняеце сваю краіну і сваю будучыню, — гэта прыклад усяму сьвету, усім нацыям і дзяржавам. Ні я, ні любы іншы чалавек на плянэце ня можа пазбавіць вас гэтай заслугі. І задача ўсіх нас — дапамагаць вам змагацца за мір і супраць агрэсараў. Беларусы разумеюць гэта і кожны дзень дапамагаюць вам, чым могуць», — адзначыла Ціханоўская.

Беларусы працягваюць выказваць сваё нэгатыўнае стаўленьне да вайны Расеі ва Ўкраіне, за што, паводле дадзеных за красавік 2022 году, больш за 1,5 тысячы зь іх трапілі пад рэпрэсіі і гвалт.

Так, яшчэ ў першыя месяцы вайны Расеі супраць Ўкраіны беларускія «рэйкавыя партызаны» ўчынілі дзясяткі дывэрсій на чыгунцы, а кібэрпартызаны на два тыдні парушылі працу абсталяваньня, якое забясьпечвае аўтаматычную працу Беларускай чыгункі, каб не дапусьціць перасоўваньня расейскай вайсковай тэхнікі.

Таксама ва ўмовах дзяржаўнага тэрору супраць любога іншадумства жыхары Беларусі зладзілі шэраг пратэставых антываенных акцый.

Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы, створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG