Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі затрымалі восем «рэйкавых партызан». Што пра іх вядома

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

За апошнія дні спэцслужбы Беларусі арыштавалі мінімум 8 чалавек, якіх падазраюць у зрыве графіку руху расейскіх цягнікоў з вайсковай тэхнікай і пашкоджаньні інфраструктуры чыгункі, піша «Вясна».

З 28 лютага на 1 сакавіка на тэрыторыі Магілёўскай, Гомельскай і Менскай абласьцей зафіксаваныя тры факты зьнішчэньня сыгнальнага абсталяваньня, блякаваньня чыгуначных шляхоў, пісала МУС. Па гэтых фактах завялі крымінальныя справы па арт. 289 Крымінальнага кодэксу (Акт тэрарызму).

Віцебск: «Плянаваў дывэрсію»

6 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіКу і АМАПу затрымалі жыхара Віцебску. Паводле МУС, той нібыта плянаваў вывесьці са строю сыстэмы, якія забясьпечваюць бясьпеку чыгуначнага руху.

Затрыманы — супрацоўнік Віцебскай дыстанцыі сыгналізацыі і сувязі УП «Віцебскае аддзяленьне Беларускай чыгункі» Сяргей Канавалаў. Пра гэта паведамляў тэлеграм-канал чыгуначнікаў, які лічыць, што Канавалава арыштавалі беспадстаўна.

Сьветлагорск: «Спалілі шафу сыгнальнай устаноўкі на чыгунцы»

З 2 сакавіка ў Сьветлагорску праходзілі ператрусы. Прычынай стала, тое што на перагоне Астанковічы — Жэрдзь гомельскага аддзяленьня Беларускай чыгункі спалілі рэлейную шафу сыгналізацыі, цэнтралізацыі і блякаваньня (СЦБ). У выніку сьвятлафоры і стрэлачныя пераводы на гэтым участку перасталі працаваць.

Перагон Астанковічы — Жэрдзь знаходзіцца на лініі Жлобін — Калінкавічы, якая затым працягваецца на Оўруч (Жытомірская вобласьць Украіны). Лінію пабудавалі як найкарацейшы шлях для вайсковых эшалёнаў у бок Украіны падчас Першай сусьветнай вайны.

Праваабаронцам вядома, што 4 сакавіка ў Сьветлагорску затрымалі сямейную пару Дзьмітрыя і Натальлю Равіч, брата Натальлі Дзяніса Дзікуна і яго дзяўчыну Алісу Маланаву. У праўладных тэлеграм-каналах зьявілася пакаяннае відэа зь Дзянісам Дзікуном, на якім ён выглядае зьбітым. Хлопец гаворыць на камэру, што падпаліў яшчэ з двума людзьмі 28 лютага шафу сыгнальнай устаноўкі на станцыі «Жэрдзь-Астанковічы».

На трох затрыманых завялі крымінальную справу за акт тэрарызму.

Асіповічы: «Выказаў гатоўнасьць садзейнічаць акцыям прамога дзеяньня»

2 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіку ў Асіповічах затрымалі 43-гадовага мясцовага жыхара Аляксея Шышкаўца. МУС сьцьвярджае, што на пачатку 2022 году мужчына «ўвайшоў у склад экстрэмісцкага фармаваньня BYPOL, аўтарызаваўшыся ў мабілізацыйным чат-боце для зьдзяйсьненьня супрацьпраўных дзеяньняў у Беларусі». 1 сакавіка ён нібыта атрымаў указаньні па блякаваньні чыгуначных шляхоў, а таксама па вырабе і выкарыстаньні «кактэйляў Молатава».

Супраць яго распачалі крымінальную справу «за ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні з мэтай учыненьня злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасьці» (арт. 361-1 КК).

«Ён выказаў актыўную гатоўнасьць садзейнічаць акцыям прамога дзеяньня на аб’ектах чыгункі ў раёне Асіповічаў з мэтай правядзеньня дывэрсій і недапушчэньня прасоўваньня эшалёнаў з вайсковай тэхнікай», — паведаміў начальнік магілёўскага абласнога ўпраўленьня ГУБАЗіК МУС Міхаіл Сухачоў.

Стоўпцы і Жодзіна

У ноч з 1 на 2 сакавіка ў Стоўпцах затрымалі Сяргея Глебку і ягоную жонку Кацярыну, якія, паводле МУС, на чыгуначных шляхах падпалілі бярвеньні, каб перашкодзіць руху цягнікоў.

У сям’і трое непаўналетніх дзяцей. На «пакаянным» відэа заўважна, што ў Сяргея на твары сінякі. Супраць пары распачалі крымінальную справу па арт. 289 КК (акт тэрарызму).

Таксама вядома, што 2 сакавіка ў Жодзіне сілавікі затрымалі 35-гадовага «рэйкавага партызана». Аднак падрабязнасьці справы не паведамляюцца.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG