Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі баец-добраахвотнік ва Ўкраіне распавёў, як ягонага бацьку затрымлівалі ў Беларусі за антываенны пратэст

Беларускі добраахвотнік ва Ўкраіне  Ян Мельнікаў, 2016 год
Беларускі добраахвотнік ва Ўкраіне Ян Мельнікаў, 2016 год

Беларус Ян Мельнікаў, які з 2014 году ваяваў у адным з добраахвотніцкіх батальёнаў на ўсходзе Ўкраіны, а цяпер знаходзіцца ў складзе беларускага батальёну імя Кастуся Каліноўскага, паведаміў, што ягонага бацьку пакаралі 15 суткамі адміністрацыйнага арышту за ўдзел у антываенным пікеце.

«Беларускае грамадзтва масава выступала супраць удзелу Беларусі ў гэтай вайне. Асабісты прыклад майго бацькі, які быў затрыманы і ўвязьнены на 15 сутак за тое, што выйшаў на акцыю супраць удзелу Беларусі і выкарыстаньня яе тэрыторыі ў гэтай вайне», — распавёў Ян Мельнікаў 9 траўня на брыфінгу ў Кіеве.

Мельнікаў паведаміў украінскім і замежным журналістам, што ў Беларусі дагэтуль парцягваюцца жорсткія рэпрэсіі, якія пачаліся ў Беларусі пасьля масавых акцый пратэсту супраць фальсыфікацый вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе.

«Каб вы разумелі, пасьля 2020 году, калі ў нас адбыліся забойствы пратэстоўцаў, апазыцыянэраў, калі ў нас былі масавыя рэпрэсіі і скалечаныя сотні людзей, сотні тысяч грамадзян выехалі з краіны. Сёньня выйсьці на акцыю супраць вайны — гэта тое самае, што цяпер выйсьці на акцыю пратэсту ў Крыме або ў Данецку. Але пры гэтым мы бачым вялікую колькасьць людзей, якія выходзяць на вуліцу, хаця разумеюць, якія жахлівыя ўмовы трыманьня іх чакаюць», — патлумачыў Ян Мельнікаў.

Іншы жаўнер беларускага батальёну Вадзім Кабанчук адзначыў, што беларусы сваім удзелам у вайне супраць Расеі з боку Ўкраіны «адстойваюць гонар беларускага народу».

«Сваім прыкладам мы паказваем, што беларусы не падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі і ягоныя дзеяньні», — падкрэсьліў Вадзім Кабанчук.

Прадстаўнікі батальёну імя Кастуся Каліноўскага дадалі, што яшчэ шмат беларусаў хацелі б далучыцца да шэрагаў беларускіх ініцыятыў ва Ўкраіне і яны адчуваюць моцную падтрымку з боку грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца на бацькаўшчыне.

Раней праваабаронцы заяўлялі, што ад 24 лютага — дня пачатку агрэсіі Расеі супраць Украіны — за ўдзел у антываенных акцыях у Беларусі затрымалі як найменей 1,5 тысячы чалавек.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG