Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пра гэта гавораць з раніцы да вечара», — палітоляг аб рэакцыі грамадзтва Ізраіля на антысэміцкія заявы Лаўрова

Пратэставы плякат. Ілюстрацыйнае фота
Пратэставы плякат. Ілюстрацыйнае фота

Як у Ізраілі рэагуюць на словы кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова пра габрэйскую кроў у Гітлера і якія наступствы для адносін дзьвюх краін можа мець «антысеміцкі» скандал, «Настоящее время» даведалася ў палітоляга Зеэва Ханіна.

Паміж Расеяй і Ізраілем працягвае разгарацца «антысэміцкі» скандал, фігурантам якога стаў кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў, які 1 траўня даў інтэрвію аб вайне ва Украіне італьянскай тэлекампаніі Mediaset.

Лаўрову, у прыватнасьці, задалі пытаньне, як заявы Масквы аб «нацыфікацыі» Украіны і «нацысцкім» рэжыме ў Кіеве суадносяцца з тым, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі — габрэй. Лаўроў на гэта адказаў:

«Ён выстаўляе аргумэнт: якая ў іх можа быць нацыфікацыя, калі ён габрэй? Магу памыліцца, але ў Гітлера таксама была габрэйская кроў. Гэта абсалютна нічога ня значыць. Мудры габрэйскі народ кажа, што самыя заўзятыя антысэміты, як правіла, габрэі. „Няма роду без выроду“, як у нас гавораць».

Кіраўнік МЗС Ізраіля Яір Лапід заявіў, што словы Лаўрова «недаравальныя, абуральныя і зьяўляюцца грубай гістарычнай памылкай», а таксама што Ізраіль чакае прабачэньняў з боку Лаўрова. Аднак кіраўнік МЗС РФ прасіць прабачэньня ня стаў: замест гэтага яго ведамства абвінаваціла Ізраіль у тым, што краіна падтрымлівае «нацыстаў» ва Ўкраіне.

Палітоляг Зээў Ханін кажа, што тэма антысэміцкага выказваньня Лаўрова да гэтага моманту ў лідэрах інфармацыйнага парадку дня.

«Пра гэта гавораць практычна з раніцы да вечара амаль ва ўсіх сродках масавай інфармацыі на ўсіх даступных мовах: на іўрыце, на ангельскай, на расейскай, на францускай і гэтак далей. Гэта сапраўды некалькі шокавая заява. Трэба сказаць, што ёсьць людзі, якія спрабуюць апраўдваць заяву міністра замежных спраў Расеі ці казаць пра тое, што ягоныя словы выдраныя з кантэксту і ён ня гэта меў на ўвазе, такія думкі таксама сустракаюцца. Але асноўная частка людзей ці разводзіць рукамі, ці крытыкуе».

Паводле Зээва Ханіна, на афіцыйным узроўні словы Лаўрова хутчэй за ўсё не прывядуць да высылкі дыпляматаў або разрыву адносін паміж дзьвюма краінамі. Палітоляг адзначае, што хоць абодва бакі — Масква і Іерусалім — ня будуць зацікаўленыя ў эскаляцыі адносін, ранейшага ўзроўню паразуменьня, напэўна, дасягнуць ужо не атрымаецца.

«Я не магу прагназаваць, наколькі. Але падобна на тое, што гэта сытуацыя, калі Ізраіль больш ня ў стане сядзець на плоце. Уласна, Ізраіль і не сядзеў на плоце — ён далучыўся да асуджэньня расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Але абодва бакі імкнуліся асьцярожна паводзіць сябе ў гэтай сытуацыі, каб не парушыць тыя дамоўленасьці і разуменьне, якія былі дасягнуты ў папярэднія гады», — сказаў Зеэў Ханін.

Ён падкрэсьліў, што выказваньне Лаўрова для ізраільскага грамадзтва як чырвоная ануча для быка, але пры гэтым зазначыў, што ня ўсе ў Ізраілі зразумелі і калі прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі параўнаў сытуацыю, у якой апынуліся ўкраінцы, з Катастрофай габрэйскага народу (Галакостам).

«Гэта значыць, зразумелі, чаму ён гэта кажа, зразумелі, у якім стане знаходзяцца ўкраінскі лідэр і ўкраінцы на сёньняшні дзень. Але палічылі, што гэтыя выказваньні недарэчныя», — удакладніў Зээў Ханін.

Ён адзначыў, што расейскі бок спрабаваў выкарыстаць габрэйскую тэму ў сваім канфлікце з Украінай і раней.

«Калі яшчэ ў 2014-м адбылася анэксія Крыму і пачаліся ваенныя дзеяньні паміж Украінай і прарасейскімі сэпаратыстамі ў Данбасе, ва Ўсходняй Украіне, уласна, ужо тады з Масквы была пачута дэклярацыя аб тым, што яны выступаюць супраць украінскага ўраду і кіраўніцтва, таму што гэта рэжым, які складаецца з „нацыяналістаў, бандэраўцаў і антысэмітаў“.
Са свайго боку, ва Ўкраіне гаварылі аб тым, што ў Маскве знаходзіцца ксэнафобскі рэжым, які ўключае ў сябе антысэмітызм. Іншымі словамі, гаворка ішла аб так званым інструмэнтальным антысэмітызьме. Гэта значыць — аб выкарыстаньні антысэмітызму для дыфамацыі палітычнага суперніка і ваеннага суперніка ў пэрспэктыве».

Сёньня, па словах Зээва Ханіна, рыторыка Крамля перайшла на зусім іншы ўзровень.

«Тут ужо адзін з бакоў выступае ня столькі абаронцам габрэяў, колькі абвінавачвае габрэяў у стварэньні той ці іншай сытуацыі, зьвяртаючыся да гістарычных рэтраспэктываў. І гэта ў Ізраілі, зразумела, ня могуць прыняць з захапленьнем».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG