Лаўроў параўнаў Зяленскага з Гітлерам, сказаўшы, што нібыта ў таго «таксама была габрэйская кроў». Ізраіль пратэстуе

Кіраўнік МЗС Ізраілю Яір Лапід (у цэнтры)
Кіраўнік МЗС Ізраілю Яір Лапід (у цэнтры)

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў параўнаў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага з Адольфам Гітлерам.

«Ён (Зяленскі. — РС) выстаўляе аргумэнт: якая ў іх можа быць дэнацыфікацыя, калі ён габрэй. Магу памыліцца, але ў Адольфа Гітлера таксама была габрэйская кроў. Гэта абсалютна нічога не азначае. Мудры габрэйскі народ кажа, што найбольш заўзятыя антысэміты, як правіла, габрэі. „Няма роду без выроду“, як у нас кажуць», — сказаў Сяргей Лаўроў у інтэрвію італьянскай тэлекампаніі Mediaset S.p.A, якое цытуе сайт МЗС Расеі.

На гэтае выказваньне адрэагаваў міністар замежных спраў Ізраіля Яір Лапід на сваёй старонцы ў Twitter.

«Выказваньні міністра замежных спраў Лаўрова — гэта і недаравальная, і абуральная заява, і жудасная гістарычная памылка. Габрэі не забівалі сябе падчас Галакосту. Найніжэйшы ўзровень расызму ў дачыненьні да габрэяў — гэта абвінавачваць саміх габрэяў у антысэмітызме», — напісаў Яір Лапід.

Міністэрства замежных спраў Ізраіля ўжо выклікала для тлумачальнай размовы расейскага пасла пасля слоў кіраўніка МЗС Сяргея Лаўрова аб габрэях. Пра гэта паведамляе Kan 11.

​
XS
SM
MD
LG