Зяленскі пра ахвяры ў Бучы: «Адсечаныя канцавіны, галовы — такіх выпадкаў было шмат»

Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Сабралі цытаты Ўладзіміра Зяленскага з інтэрвію журналісту праекту 60 Мinutes аўстралійскага тэлеканала Nine Network.

«Папулярнасьць дакладна мяне не натхняе, бо я ведаю, якая цана ў гэтай папулярнасьці: цана — гэта вайна».

«Я думаю, што на маім месцы любы прэзыдэнт, якога б выбраў народ Украіны, павінен быў быць з народам».

«Палітыка паменшыла маю веру ў людзей».

«Дзесяць [замахаў на Зяленскага] — гэта ня так страшна. Усяго дзесяць людзей хочуць гэтага. Я думаю, што ў прэзыдэнта Расеі нашмат больш праблем, гледзячы на стаўленьне ўсяго сьвету да іхнай палітыкі».

«Я нават не вагаўся», — пракамэнтаваў Зяленскі рашэньне застацца ва Ўкраіне з пачаткам вайны.

Прэзыдэнт Украіны адзначыў, што ў Бучы знаходзілі целы людзей з адсечанымі канцавінамі і абезгалоўленыя. Таксама ва Ўкраіне знаходзілі целы забітых у калодзежах.

«Яны кідалі сваіх людзей, каб вынесьці пральныя машыны з кватэраў, і кідалі сваіх параненых», — сказаў Зяленскі пра расейскіх вайскоўцаў.

«Я не зьбіраўся ісьці ў прэзыдэнты. Гэта не было маёй марай ад самага пачатку. Усё атрымалася выпадкова».

«Сьвет ня супраць усіх людзей у Расеі, гэта няпраўда. Сьвет больш не ўспрымае палітыкі Пуціна. Сьвет не ўспрымае дыктатуры».

Уладзімір Зяленскі расказаў, што ён камунікуе са сваёй сям’ёй, але ня можа размаўляць зь імі штодня праз захады бясьпекі. Ён дадаў, што ягоныя дзеці ўсё разумеюць пра вайну: «У нас адкрытая дэмакратыя ў дзяржаве, а яшчэ большая дэмакратыя ў нас у сям’і».

«Мы можам страціць дзясяткі мільёнаў тон ураджаю, які ўжо сабраны, які Расея не выпускае. Яны кантралююць Чорнае мора. Але тым ня менш мы хочам разблякаваць гэтыя шляхі, бо пасьля энэргетычнага крызісу будзе харчовы. Сто адсоткаў».

«Проста вярнуць сваё. Проста супакой на нашай зямлі. Проста каб людзі нашыя вярнуліся да сябе. Нічога чужога не патрэбна», — адказаў прэзыдэнт Украіны на пытаньне, якой ён бачыць перамогу.

​
XS
SM
MD
LG