МЗС Расеі выступіла з новай антысэміцкай заявай і абвінаваціла Ізраіль

Плякат з фота міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова на адным з пратэстаў супраць расейскай палітыкі
Плякат з фота міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова на адным з пратэстаў супраць расейскай палітыкі

У Ізраілі заявы кіраўніка расейскага ведамства Сяргея Лаўрова назвалі скандальнымі і абуральнымі.

МЗС Расеі заявіў, што ўрад Ізраілю трымае курс на «падтрымку нэанацысцкага рэжыму ў Кіеве». Заява міністра замежных спраў Ізраілю Яіра Лапіда аб тым, што габрэі не забівалі самі сябе падчас Галакосту, названа «антыгістарычнай». Паведамленьне апублікаваў афіцыйны твітэр расейскага ведамства.

Расейскае МЗС пералічвае два выпадкі супрацоўніцтва габрэяў з нацыстамі падчас ІІ сусьветнай. З гэтага робіцца выснова, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі можа быць прэзыдэнтам нэанацысцкай краіны. Акрамя таго, расейскае замежнапалітычнае ведамства фактычна абвінаваціла ў нэанацызме прэзыдэнта Латвіі Эгілса Левітса, які таксама мае габрэйскія карані.

У панядзелак палітыкі, чыноўнікі і грамадзкія дзеячы ў Ізраілі выступілі супраць выказваньняў міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова, які выказаў здагадку, што правадыр нацысцкай Нямеччыны Адольф Гітлер меў габрэйскія карані. Гэтая гіпотэза навуковымі дадзенымі не пацьвярджаецца. Расейскі высокапастаўлены чыноўнік таксама заявіў, што многія заўзятыя антысэміты могуць быць габрэямі.

У Ізраілі гэтыя словы сустрэлі з абурэньнем і назвалі прыкладам антысэмітызму і расізму.

Прэм’ер-міністар Ізраілю Нафталі Бэнэт у панядзелак назваў словы Лаўрова «хлусьнёй», якая заклікана ўскласьці адказнасьць за зьнішчэньне габрэяў падчас Другой сусьветнай вайны на іх саміх. Бэнэт таксама заклікаў неадкладна спыніць выкарыстаньне адсылкі да Галакосту ў палітычных мэтах.

Кіраўнік МЗС Ізраілю Яір Лапід сказаў, што словы Лаўрова «ня толькі недаравальныя і абуральныя — яны таксама зьяўляюцца жахлівай гістарычнай памылкай. Габрэі не забівалі сябе падчас Галакосту». Паводле Лапіда, абвінавачаньні саміх габрэяў у антысэмітызьме — гэта «самы гнюсны ўзровень расізму».

Старшыня праўленьня мэмарыяльнага комплексу «Яд вашэм» Дані Даян назваў словы Лаўрова «неабгрунтаванымі, бязглуздымі, небясьпечнымі і годнымі ўсялякага асуджэньня». Іх асудзілі і іншыя ізраільскія палітыкі.

​
XS
SM
MD
LG