Мэр Марыюпалю: на «Азоўсталі» яшчэ звыш 200 мірных жыхароў

Людзі пераходзяць вуліцу з роварамі недалёка ад мэталюргічнага камбінату «Азоўсталь», Марыюпаль, Украіна, 2 траўня 2022
Людзі пераходзяць вуліцу з роварамі недалёка ад мэталюргічнага камбінату «Азоўсталь», Марыюпаль, Украіна, 2 траўня 2022

Напярэдадні з мэталюргічнага заводу «Азоўсталь» эвакуавалі некалькі соцень цывільных украінцаў.

Мэр Марыюпалчю Вадзім Бойчанка паведаміў агенцтву Reuters, што ў бамбасховішчах камбіната «Азоўсталь» застаюцца больш за 200 мірных жыхароў, а ў самім Марыюпалі — каля 100 тысяч.

Напярэдадні вечарам стала вядома, што пры падтрымцы ААН і Чырвонага Крыжа ў аўторак 3 траўня ўзгаднілі эвакуацыю, якая павінна была пачацца а сёмай раніцы.

У сваю чаргу полк «Азоў» паведаміў, што ўчора ўвечары расейскае войска працягнула абстрэл камбінату, дзе хаваюцца ад небясьпекі мірныя жыхары.

Як перадае карэспандэнтка BBC Лора Бікер, калёна, у якой едуць аўтобусы і машыны з эвакуаванымі з Марыюпалю людзьмі, усё яшчэ едзе у кірунку Запарожжа.

Калёна павінна праехаць сотні кілямэтраў па тэрыторыі, якую кантралюе расейскае войска.

Інфармацыі аб прасоўваньні калёны вельмі мала, таму незразумела, ці даехала яна ўжо да тэрыторыі, якая кантралюецца Украінай, піша BBC. Але, як чакаецца, аўтобусы прыбудуць у Запарожжа ў наступныя некалькі гадзін.

У калёне едуць каля 100 жанчын і дзяцей, што больш за два месяцы правялі ў тунэлях пад мэталюргічным заводам «Азоўсталь», якія мірныя жыхары сталі выкарыстоўваць у якасьці сховішча пасьля пачатку вайны.

Таксама падземныя памяшканьні заводу выкарыстоўваюць украінскія вайскоўцы — тэрыторыя заводу засталася апошнім месцам, якое яны кантралююць у Марыюпалі.

Апэрацыя эвакуацыі мірных жыхароў з «Азоўсталі» пры ўдзеле ААН пачалася 30 красавіка.

Украіна раней абвінаваціла Расею ў гвалтоўнай дэпартацыі жыхароў Марыюпалю на тэрыторыю Расеі. Расейскія ўлады сьцьвярджаюць, што не дэпартуюць жыхароў, але адкрываюць для іх «гуманітарныя калідоры».

Колькасьць палеглых жыхароў Марыюпалю невядомая, на гэты момант можна абапірацца толькі на ацэнкі, паводле якіх загінулі ад некалькіх тысяч да дзясяткаў тысяч чалавек.

​
XS
SM
MD
LG