Большасьць эвакуаваных з «Азоўсталі» не захацелі застацца ў «ДНР»

Эвакуацыя  з Марыюпалю, 1 траўня 2022
Эвакуацыя з Марыюпалю, 1 траўня 2022

Раніцай у панядзелак, 2 траўня праходзіць эвакуацыя мірных жыхароў з Марыюпалю. Пра гэта паведаміў дарадца мэра гораду Пётар Андрушчанка.

У сацсетках зьявіліся відэа з эвакуацыйнымі аўтобусамі. Калёна едзе з Марыюпалю ў напрамку Бярдзянску, а далей у Запарожжа, якое знаходзіцца пад кантролем украінскіх уладаў.

Гаворка ідзе аб эвакуацыі людзей, якія знаходзяцца ў раёнах, падкантрольных расейскім войскам, і якія пажадалі выехаць у Запарожжа. Колькі чалавек выехала з гораду, пакуль невядома.

Сёньня ж павінна была працягнуцца і эвакуацыя цывільных асоб з тэрыторыі заводу «Азоўсталь», якую ўтрымліваюць украінскія вайскоўцы. Напярэдадні, паводле зьвестак украінскага боку, пры пасярэдніцтве ААН і Чырвонага Крыжа ўдалося эвакуаваць больш за 100 чалавек, яны сёньня павінны прыбыць у Запарожжа.

Сэпаратысты так званай «ДНР», у сваю чаргу, заявілі, што за ўчорашні дзень з тэрыторыі «Азаўсталі» былі эвакуаваныя 80 мірных жыхароў. Паводле паведамленьня, 11 зь іх пажадалі застацца на падкантрольнай сэпаратыстам тэрыторыі, а астатнія 69 — выехаць на тэрыторыю, падкантрольную Ўкраіне.

Паводле ацэнак, у Марыюпалі, амаль цалкам разбураным падчас расейскай аблогі і штурму гораду, могуць заставацца каля 100 тысяч мірных жыхароў, у тым ліку некалькі сотняў — у лёхах на «Азоўсталі». Апэрацыя ў іх эвакуацыі пры ўдзеле ААН пачалася 30 красавіка.

Украіна раней абвінаваціла Расею ў гвалтоўнай дэпартацыі жыхароў Марыюпалю на тэрыторыю Расеі. Расейскія ўлады сьцьвярджаюць, што не дэпартуюць жыхароў, але адкрываюць для іх «гуманітарныя калідоры».

Колькасьць палеглых жыхароў Марыюпалю невядомая, на гэты момант можна абапірацца толькі на ацэнкі, паводле якіх іх ад некалькіх тысяч да дзясяткаў тысяч.

​
XS
SM
MD
LG