Марыюпальская гарадзкая рада паведаміла, што пры падтрымцы ААН і Чырвонага Крыжа ўкраінскія ўлады змаглі ўзгадніць з расейцамі яшчэ дзьве лякацыі для пасадкі грамадзян у эвакуацыйную калёну.
«Гэта паселішча Мангуш і Луначарскае кольца каля Бярдзянску», — адзначаецца ў паведамленьні гарадзкой рады.
У Бярдзянску марыюпальцы вымушаны будуць прайсьці расейскія «фільтрацыйныя лягеры», і толькі потым яны змогуць выехаць у Запарожжа.
Паводле зьвестак украінскага ўраду, за мінулыя два дні з Марыюпалю і прамысловай пляцоўкі «Азоўсталь» удалося вывезьці больш як 100 жанчын, дзяцей і грамадзян пажылога ўзросту.
«На (заводзе) „Азоўсталь“ разам з абаронцамі Марыюпалю застаюцца заблякаванымі сотні цывільных. Сытуацыя набыла прыкметы сапраўднай гуманітарнай катастрофы, бо ў людзей заканчваецца вада, ежа і мэдыкамэнты», — паведаміла віцэ-прэм’ерка Ўкраіны Ірына Верашчук.
Ход эвакуацыі не камэнтуюць
Улады Ўкраіны цяпер мінімальна інфармуюць аб ходзе эвакуацыі з Марыюпалю.
«Эвакуацыя працягваецца. Ёсьць папярэдняя дамоўленасьць, што да эвакуацыйнай калёны змогуць далучыцца грамадзяне на ўласным аўтатранспарце», — сказаў дарадца марыюпальскага мэра Пятро Андрушчанка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.
І гэта, дадаў ён, адзінае, што можна цяпер камэнтаваць. «Мы пазьбягаем камэнтароў, пакуль эвакуацыя не завершыцца, бо для расейскага боку гэта, выяўляецца, «вельмі адчувальна», — дадаў ён.
Спыненьне агню расейцамі — умоўнае
Пятро Андрушчанка кажа, што расейцы не выконваюць умовы поўнай цішыні.
«Учора (1 траўня. — РС), як толькі аўтобусы пад’ехалі да заводу «Азоўсталь» па грамадзян, адразу пачаліся новыя абстрэлы, улічваючы, што снайпэры працуюць па гэтай пляцоўцы, і эвакуацыя сама па сабе вельмі небясьпечная для нашых абаронцаў, якія забясьпечваюць яе з тэрыторыі заводу «Азоўсталь», — адзначыў дарадца.
«Дамоўленасьць (аб спыненьні агню. — РС) заўсёды ўмоўная. Калі няма прапагандысцкіх каналаў, то ўсё адбываецца крыху інакш, чым яны паказваюць. Калі калёны ўжо будуць у Запарожжы, бліжэй да вечара, мы зможам расказаць, як усё адбывалася на кожным этапе», — падкрэсьліў Пятро Андрушчанка.
У Марыюпалі прымушаюць мясцовых працаваць у «камунальных» службах
Дарадца мэра Марыюпалю Пятро Андрушчанка пацьвердзіў, што ў горадзе пачалі працаваць «камунальныя службы і ратавальнікі».
«Часам пад прымусам, сапраўды пад псыхалягічным прымусам. Фактычна людзі працуюць за ежу, людзі разьбіраюць завалы, дастаюць целы загінулых, потым іх запакоўваюць і, што найбольш цынічна, іх грузяць у тыя самыя грузавікі, у якіх акупанты завозяць так званую „гуманітарку“ і вывозяць з гораду для пахаваньня ў брацкіх магілах», — патлумачыў ён.
«Сытуацыя вельмі складаная. Ежы бракуе, таму людзі вымушаныя ісьці на разбор завалаў, таму што для большасьці гэта адзіная магчымасьць атрымаць ежу, асабліва мужчынам, бо ім увогуле не выдаюць «гуманітаркі».
«Расейцы ўтойваюць свае злачынствы ў Марыюпалі»
Дарадца марыюпальскага мэра кажа, што цяпер немагчыма дакладна ацаніць колькасьць загінулых у выніку абстрэлаў і блякады гораду.
«Напэўна, лічбы ня будуць абнаўляцца да таго часу, пакуль мы ня вернемся ў горад. Мы спыніліся на ацэначных лічбах, гэта 21-22 тысячы загінулых. Вызначыць нешта іншае цяпер амаль немагчыма, улічваючы, што працягваюцца спробы (расейцаў) схаваць уласныя злачынствы», — рэзюмаваў дарадца марыюпальскага мэра Пятро Андрушчанка.
Марыюпаль знаходзіцца ў блякадзе з пачатку сакавіка. Украінскія вайсковыя падразьдзяленьні супраціўляюцца ў прыазоўскім горадзе ўжо другі месяц. Цяпер працягваюцца спробы вывезьці з горада цывільных асоб і параненых вайскоўцаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.