Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША і Вялікай Брытаніі заявілі, што Ўкраіна мае права наносіць удары па вайсковых аб’ектах Расеі. У Кіеве і Маскве адрэагавалі


Пажар на нафтабазах у Бранску. 25 красавіка 2022 г.
Пажар на нафтабазах у Бранску. 25 красавіка 2022 г.

Міністар абароны Вялікай Брытаніі Бэн Уолес мяркуе, што Ўкраіна мае права наносіць удары па вайсковых аб’ектах на тэрыторыі Расеі.

«Калі Ўкраіна сапраўды вырашыла атакаваць структуру тылавога забесьпячэньня расейскай арміі, гэта было б законна з пункту гледжаньня міжнароднага права», — заявіў Бэн Уолес у эфіры BBC.

Раней падобнае меркаваньне выказаў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен у часе сустрэчы з чальцамі аднаго з камітэтаў Сэнату ЗША.

«Украіна мусіць сама вырашаць, ці наносіць удары па расейскіх вайсковых аб‘ектах, заявіў дзяржсакратар Блінкен», — напісаў з гэтай нагоды ў Twitter дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, прадстаўнік украінскага боку на перамовах з Расеяй Міхаіл Падаляк.

«Расея напала на Ўкраіну і забівае мірных грамадзян. Украіна будзе абараняць сябе любым чынам, у тым ліку ўдарамі па складах і базах расейскіх забойцаў. Сьвет гэтае права прызнае», — дадаў Міхаіл Падаляк.

Расея адказала на гэтыя заявы новымі пагрозамі.

«Хацелася б, каб у Кіеве і заходніх сталіцах сур’ёзна ўспрынялі заявы Міністэрства абароны Расеі аб тым, што далейшае правакаваньне Ўкраіны на ўдары па расейскіх аб’ектах абавязкова прывядзе да жорсткага адказу з боку Расеі», — заявіла прадстаўніца Міністэрства замежных спраў Расеі Марыя Захарава на брыфінгу 28 красавіка.

27 красавіка адразу тры расейскія губэрнатары заявілі аб атаках на свае рэгіёны — Варонескую, Курскую і Белгародзкую вобласьці.

У лютым у Растоўскай вобласьці паблізу з украінскай мяжой дзьве ракеты пацэлілі ў вайсковы аэрадром. Пазьней аналягічныя «абстрэлы» адбыліся ў Белгародзкай, Растоўскай і Курскай абласьцях. 25 красавіка стала вядома пра пажар на дзьвюх нафтабазах у Бранску.

Белгародзкая вобласьць Расеі мяжуе з Харкаўскай і Сумскай абласьцямі Ўкраіны. Ад Бранску найбліжэйшы пункт Сумскай вобласьці Ўкраіны за 123 кілямэтры. Растоўская вобласьць мяжуе з Данецкай і Луганскай абласьцямі Ўкраіны.

З 11 красавіка Расея ўвяла ў памежных з Украінай абласьцях Расеі «жоўты» (высокі) узровень тэрарыстычнай пагрозы. Ён дзейнічае ў Курскай, Белгародзкай, Бранскай абласьцях, двух раёнах Варонескай вобласьці, двух раёнах Краснадарскага краю, што мяжуюць з Украінай па моры, а таксама на поўначы акупаванага Расеяй Крыму.

Украінскі бок пакуль не камэнтуе абвінавачаньняў у абстрэлах, але раней афіцыйны Кіеў папярэджваў, што Расея можа пачаць абстрэл сваёй тэрыторыі, каб «апраўдаць абстрэлы тэрыторыі Ўкраіны».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG