Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пажар ці падрыў? Чаму загарэліся нафтабазы ў Бранску і што пра іх вядома. ФОТА


Пажар на нафтабазе ў Бранску, 25 красавіка
Пажар на нафтабазе ў Бранску, 25 красавіка

Расейскія СМІ раніцай паведамілі аб пажары на дзьвюх нафтабазах у Бранску. Журналісты са спасылкай на Міністэрства надзвычайных сытуацый Расеі паведамлялі менавіта аб загараньні нафтабазаў — спачатку адной, а потым другой.

Свабода сабрала інфармацыю, якая вядомая на гэты момант.

Пажар ці падрыў?

Большасьць расейскіх СМІ спасылаліся на крыніцы ў Міністэрстве надзвычайных сытуацый Расеі, а там цьвердзілі менавіта аб узгараньні.

Вядома, што інфармацыю аб пажары расейскія экстраныя службы атрымалі а другой гадзіне ночы, накіравалі на тушэньне 158 пажарных і 51 адзінку тэхнікі з Варонескай, Калускай, Курскай, Арлоўскай, Смаленскай, Тульскай абласьцей і Масквы.

Пажар на нафтабазе ў Бранску, 25 красавіка
Пажар на нафтабазе ў Бранску, 25 красавіка

Па іхнай інфармацыі, ніхто не пацярпеў.

Аднак ужо раніцай у інтэрнэце пачалі распаўсюджваць відэазапіс з адной з камэр назіраньня паблізу, на якім чуваць гукі, падобныя на гукі палёту ракеты і выбуху.

Пазьней сьведкі, якіх знайшлі і цытавалі расейскія СМІ, таксама пацьвердзілі, што пажару папярэднічалі два выбухі, але яны ня чулі ніякіх гукаў, падобных на гукі верталётаў ці самалётаў.

Пажар на нафтабазе ў Бранску, 25 красавіка
Пажар на нафтабазе ў Бранску, 25 красавіка

Афіцыйныя ўлады не паведамляюць магчымых вэрсій прычын пажару. На афіцыйных сайтах Бранску і Бранскай вобласьці пакуль увогуле адсутнічае якая-небудзь інфармацыя аб пажарах на нафтабазах.

Пажар на нафтабазе ў Бранску, 25 красавіка
Пажар на нафтабазе ў Бранску, 25 красавіка

Каму належаць нафтабазы

Вядома, што пажар ахапіў два рэзэрвуары аб’ёмам 10 і 5 тысяч тон. У іх захоўвалася менавіта дызэльнае паліва. Найбольшым спажыўцом гэтага віду паліва зьяўляецца расейская армія і яе баявая тэхніка.

Нафтабазы належаць кампаніі «Транснефть-Дружба», даччынай кампаніі расейскай «Транснефти», якая мае 11 вытворчых аб’ектаў.

Кампаніі «Транснефть» таксама належыць нафтаправодная магістраль «Дружба», па якой нафта пастаўляецца з Расеі праз Беларусь далей у Эўропу.

Сёлета ў красавіку адразу некалькі краін увялі санкцыі супраць кампаніі «Транснефть» у адказ на расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну.

Хто можа быць датычны да пажараў

Сёлета ў лютым у Растоўскай вобласьці паблізу з украінскай мяжой дзьве ракеты пацэлілі ў вайсковы аэрадром.

Тады крыніцы растоўскіх СМІ ў сілавых структурах сьцьвярджалі, што аэрадром атакавалі ўкраінскія войскі. Раненьні атрымалі некалькі чалавек, але самалёты не пашкоджаныя.

Пазьней у аналягічных атаках на Белгарадзскую, Растоўскую і Курскую вобласьці Расея афіцыйна абвінаваціла Ўкраіну. Але экспэрты зьняпраўдзілі ўсе гэтыя абвінавачаньні. На афіцыйным палітычным і вайсковым узроўні Ўкраіна ўвогуле не камэнтавала гэтых выпадкаў.

Ва ўсіх гэтых выпадках аб’екты былі блізка да мяжы з Украінай. Ад Бранску найбліжэйшы пункт у Сумскай вобласьці Ўкраіны за 123 кілямэтры.

Тэарэтычна пры такой адлегласьці аб’екты могуць быць даступныя для абстрэлу з ракетных сыстэм, разьмешчаных у памежжы Ўкраіны. Але прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі неаднойчы падкрэсьліваў, што Ўкраіна вядзе абарончую вайну на сваёй тэрыторыі.

Што кажуць экспэрты

Экспэрт Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч мяркуе, што пажары на нафтабазах у Бранску, адкуль забясьпечвалася палівам вайсковая база ў Клінцах, фактычна робіць малаімавернай новую атаку расейцаў у чарнігаўскім і сумскім кірунку.

«Наступ расейцаў на Данбасе прабуксоўвае. І верагоднасьць паўторнага (адцягваючага) удару расейцаў у кірунку Ноўгарад Сіверскага — Шосткі была не нулявой. Цяпер гэта малаімаверна», — мяркуе экспэрт.

Але, паводле яго, Расеі спатрэбіцца 2-3 дні на зьмену ваеннай лягістыкі.

«Простая арытмэтыка: чым далей нафтабаза ад лініі фронту, тым больш бэнзавозаў (вагонаў, калі забесьпячэньне па чыгунцы) неабходна для пастаўкі паліва ў войскі. І тым больш уразьлівымі становяцца калёны забесьпячэньня», — мяркуе Ігар Тышкевіч.

Экспэрт таксама перакананы, што пажар на двух нафтабазах кампаніі «Транснефть» не прывядзе да крытычных страт.

Здарэньне на чыгунцы

Пазьней адзін з украінскіх тэлеграм-каналаў паведаміў, што ў Бранскай вобласьці таксама пашкоджана чыгунка, якая вяла ў адну з расейскіх вайсковых частак. Аднак афіцыйнага пацьверджаньня гэтага інцыдэнту няма.

Напярэдадні, 24 красавіка, у Бранскай вобласьці праходзілі вучэньні ў пажарнай бясьпецы на сацыяльных аб’ектах, а з 12 да 14 красавіка — усерасейскія камандна-штабныя вучэньні ў ліквідацыі прыродных пажараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG