Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў паведаміў, што прачнуўся раніцай 27 красавіка а 3.35 «ад моцнага гуку, падобнага на выбух».
Калі меркаваць па ягоных публікацыях у тэлеграм-канале, цягам гадзіны ніводная экстраная служба не магла высьветліць прычыны гэтага гуку.
Праз паўгадзіны Вячаслаў Гладкоў дадаў, што, паводле папярэдняй інфармацыі, гарыць склад з боепрыпасамі ў раёне сяла Старая Нялідаўка.
Яшчэ празь дзьве гадзіны губэрнатар паведаміў, што «адкрытае гарэньне пажару» зьліквідавана», «пацярпелых сярод мірнага насельніцтва няма, разбурэньня жылых пабудоў і будынкаў таксама няма».
Гэта пяты інцыдэнт у Белгарадзкай вобласьці Расеі: 30 сакавіка, 1, 3 і 26 красавіка ў Белгарадзе адбылася сэрыя абстрэлаў ракетамі і выбухі на складах боепрыпасаў і нафтабазе.
Яшчэ два расейскія губэрнатары паведамілі пра выбухі ў сваіх рэгіёнах
Губэрнатар Курскай вобласьці Раман Старавойт таксама паведаміў, што ў ноч на 27 красавіка жыхары Курску чулі «воплескі» (так у Расеі называюць інцыдэнты з выбухамі або стрэламі. — РС). Паводле яго, спрацавала сыстэма супрацьпаветранай абароны (СПА). Ахвяр і разбурэньняў не было.
Аб гуках выбухаў у Курску паведамлялі і мясцовыя жыхары, як з цэнтру гораду, так і з ваколіц.
У Варонежы, які знаходзіцца прыкладна за 200 км ад мяжы з Украінай, адбылося два выбухі. Губэрнатар Варонескай вобласьці таксама паведаміў, што спрацавала СПА, якая нібыта зьбіла бесьпілётнік. Ён заявіў, што жыцьцям жыхароў рэгіёну «нічога не пагражае».
Масква абвінавачвае Кіеў у абстрэлах расейскіх рэгіёнаў
З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ўлады памежных рэгіёнаў Расеі рэгулярна паведамляюць аб абстрэлах, у якіх абвінавачваюць Кіеў.
Сёлета ў лютым у Растоўскай вобласьці паблізу з украінскай мяжой дзьве ракеты пацэлілі ў вайсковы аэрадром. Пазьней аналягічныя «абстрэлы» адбыліся ў Белгарадзскай, Растоўскай і Курскай абласьцях. 25 красавіка стала вядома б пажары на дзьвюх нафтабазах у Бранску.
Белгарадзкая вобласьць Расеі мяжуе з Харкаўскай і Сумскай абласьцямі Ўкраіны. Ад Бранску найбліжэйшы пункт у Сумскай вобласьці Ўкраіны знахрдзіцца за 123 кілямэтры. Растоўская вобласьць мяжуе з Данецкай і Луганскай абласьцямі Украіны.
З 11 красавіка Расея ўвяла ў памежных з Украінай абласьцях Расеі «жоўты» (высокі) узровень тэрарыстычнай пагрозы. Ён дзейнічае ў Курскай, Белгарадзкай, Бранскай абласьцях, двух раёнах Варонескай вобласьці, двух раёнах Краснадарскага краю, якія мяжуюць з Украінай па моры, а таксама на поўначы акупаванага Расеяй Крыму.
Украінскі бок пакуль не камэнтуе абвінавачаньняў у абстрэлах, але раней афіцыйны Кіеў папярэджваў, што Расея можа пачаць абстрэл сваёй тэрыторыі, каб «апраўдаць абстрэлы тэрыторыі Ўкраіны».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.