Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прапаганда пераабуецца імгненна, ім ня так важна, што гаварыць. Быў бы загад», — Быкоўскі


Прапагандысты Валерый Мусіенка, Ксенія Лебедзева, Андрэй Мукавозчык, Ігар Тур на цырымоніі падпісаньня рашэньня канстытуцыйнага рэфэрэндуму. 4 сакавіка 2022
Прапагандысты Валерый Мусіенка, Ксенія Лебедзева, Андрэй Мукавозчык, Ігар Тур на цырымоніі падпісаньня рашэньня канстытуцыйнага рэфэрэндуму. 4 сакавіка 2022

Беларускі мэдыяаналітык Паўлюк Быкоўскі расказвае, як зьмянілася беларуская прапаганда ад пачатку вайны ва Ўкраіне, разважае пра тое, ці запанавалі ў афіцыйных СМІ цалкам расейскія наратывы, ці засталося нешта сваё, і тлумачыць, на якія групы насельніцтва накіроўвае свае мэтады афіцыйная прапаганда.

Сьцісла:

  • У канцэпцыі беларускага інфармацыйнага сувэрэнітэту наўпрост прапісана, што Беларусь ня ўдзельнічае ў інфармацыйных войнах паміж іншымі краінамі.
  • Пэрыядычна расказваецца пра поўны разгром украінскай арміі, але праходзіць час, і разгрому ўсё не відаць.
  • У 2014 годзе беларуская прапаганда спрабавала паказаць сябе нейкай «нэўтральнай», неангажаванай. Цяпер яны адкрыта на расейскім баку.
  • Адкрылася акно магчымасьцяў для прарасейскіх прапагандыстаў, і яны пачалі яго выкарыстоўваць.
  • Для прапагандысцкай машыны ў аўтарытарных рэжымах ня так важна, што гаварыць. Ёсьць загад ці замова — яны і гавораць.
Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

— Беларуская афіцыйная прапаганда ад пачатку вайны ва Ўкраіне даволі адназначна выступала на расейскім баку, прасоўвала расейскія наратывы, і ў гэтым сэнсе мала адрозьнівалася ад расейскай прапаганды, распаўсюджваючы выразную антыўкраінскую пазыцыю. Ці зьмянілася гэтая рыторыка зараз, праз два месяцы — калі зьмянілася шмат абставінаў, у тым ліку і заявы Аляксандра Лукашэнкі сталі не такімі адназначнымі, як на пачатку вайны?

— Сапраўды, афіцыйны Менск адкрыта трансьляваў расейскую пазыцыю, адмовіўшыся ад нэўтральнасьці. Пры гэтым варта нагадаць, што нэўтральнасьць — галоўны прынцып у канцэпцыі беларускага інфармацыйнага сувэрэнітэту, дзе наўпрост прапісана, што Беларусь ня ўдзельнічае ў інфармацыйных войнах і спрэчках паміж іншымі краінамі. І гэта ўсё працягваецца, беларускія дзяржаўныя мэдыя працягваюць трансьляваць расейскую пазыцыю.

У апошнія тыдні зьмянілася інтэнсіўнасьць. Можна сказаць, што тэма вайны ва Ўкраіне сышла зь першых пазыцыяў, на першае месца выйшла тэма ўкраінскіх уцекачоў і як Беларусь ім дапамагае. На пачатку вайны прысутнічаў пэўны інфармацыйны разрыў — прапаганда расказвала пра вайну «на Данбасе», а ўцекачы беглі з Чарнігаўскай, Кіеўскай вобласьці. Цяпер і тэма ўцекачоў зьмікшавалася, зараз галоўным стаў тэзіс, як ва Ўкраіне ўсё кепска на фоне Беларусі, дзе ўсё добра.

І тут ёсьць разрыў у паказаньнях — пэрыядычна расказваецца пра поўны разгром украінскай арміі, але праходзіць час, і разгрому ўсё не відаць. Таму зараз яны наконт гэтага выказваюцца больш абачліва, і беларуская прапаганда ўжо ня кажа пераканаўча, што вайна хутка скончыцца. Часьцей падкрэсьліваецца, што Беларусь ня ўдзельнічае ў вайне, захавала мір і спакой, гэта дасягненьне ўлады.

— Наколькі наратывы беларускай прапаганды супадаюць з расейскай з улікам таго, што беларускае грамадзтва, як вядома з сацыялёгіі, зусім па-іншаму ставіцца да вайны? У першыя тыдні вайны паказвалі сацыяльныя ролікі, у якіх вайскоўцы казалі: «Мы застаёмся тут», маючы на ўвазе, што беларускае войска ня будзе браць удзел у ваенных дзеяньнях. Наколькі гэты матыў падкрэсьліваецца прапагандай?

— Зараз ужо гэтыя ролікі не паказваюць, яны былі актуальныя ў першыя дні. Лукашэнка шмат разоў казаў, што беларускія вайскоўцы ня будуць ваяваць ва Ўкраіне, акрамя адной сытуацыі — калі на Беларусь нападуць. Беларускі бок абвяргаў любыя спрэчныя паведамленьні пра нібыта абстрэлы беларускай тэрыторыі.

— Словы Лукашэнкі «А я вам сейчас покажу, откуда на Беларусь готовилось нападение» сталі папулярным мэмам. Такія недарэчныя выказваньні прапаганда абавязаная «адпрацаваць», апраўдаць і патлумачыць? Ці яна можа няўдалыя словы Лукашэнкі проста ігнараваць, не заўважыць — што ня раз бывала ў афіцыйных паведамленьнях, калі нейкія цытаты проста не прыводзіліся?

— У прынцыпе, яшчэ з часоў Першай сусьветнай вайны ёсьць вядомыя прапагандысцкія напрацоўкі. Першая зь іх — «Мы ня хочам вайны, мы толькі абараняемся». Нават калі нацысты напалі на Польшчу, яны прыдумалі Гляйвіцкі інцыдэнт, каб сьпіхнуць віну за пачатак вайны на палякаў. Агрэсары хочуць быць тым бокам, які нібыта толькі адказвае на агрэсію, а ня сам нападае.

Таму зараз беларуская прапаганда бясконца працуе ў гэтым кірунку, яны дыскрэдытуюць і палітычную сыстэму Ўкраіны, канкрэтных палітыкаў. Яны працуюць на гэта даўно, але ў 2014 годзе беларуская прапаганда спрабавала паказаць сябе нейкай «нэўтральнай», не ангажаванай. Цяпер яны не саромеюцца прызнацца, што яны на расейскім баку.

У астатнім — нярэдка прапаганда дзейнічае сытуацыйна, бо не заўсёды яны могуць здагадацца, якая будзе пазыцыя ў Лукашэнкі. Яны спакойна спасылаюцца на расейскія крыніцы інфармацыі, ня маючы сваіх карэспандэнтаў на месцах падзеяў.

— Варта прааналізаваць тую эвалюцыю, якую перажыла беларуская афіцыйная прапаганда пасьля жніўня 2020-га. Калі раней яе галоўнай задачай было «абараніць сувэрэнітэт» на чале зь ягоным «гарантам» Лукашэнкам, нацыянальныя інтарэсы, як іх разумеў рэжым, — то цяпер нярэдка беларускія СМІ не адрозьніць ад расейскіх. Больш за тое, адбываюцца рэчы, немагчымыя нават у савецкай Беларусі — напады на Каліноўскага, пераацэнка ягонай гістарычнай ролі з гледзішча расейскіх шавіністычных інтарэсаў.

— Усё ж такі шавіністычныя наратывы пра Каліноўскага гучалі і раней у прамовах прарасейскіх сьпікераў. У сытуацыі, калі Менску да жніўня 2020 году вёў інфармацыйныя спрэчкі з Масквой, гэтыя прапагандысты вымушаныя былі наступаць на горла сваёй песьні і надта моцна не выказваць сваю прарасейскасьць. А цяпер, калі афіцыйны Менск падтрымлівае ўсё, што робіць Масква, і гэта адбываецца падчас вайны, калі больш выразны падзел на сваіх і чужых, то яны бачаць магчымасьці больш актыўна праводзіць сваю пазыцыю.

Адкрылася акно магчымасьцяў для прарасейскіх прапагандыстаў, і яны пачалі яго выкарыстоўваць. Дзяржаўная машына да гэтага пакуль не падключалася (да зьмены ацэнкі Каліноўскага). І калі памяняецца каньюнктура, яны скажуць, што гэта былі «перагібы на месцах».

— Калі гаварыць пра цяперашні палітычны кантэкст, то Лукашэнка мяняе сваю рыторыку, міністар замежных спраў Уладзімер Макей піша лісты эўрапейцам. Калі гэта дойдзе да нейкіх новых веяньняў, прапаганда без праблем пераабуецца ўсьлед за сваім галоўным начальнікам? Ці зьявяцца праблемы ў тых жа шчыра прарасейскіх аўтараў?

— Для прапагандысцкай машыны ў аўтарытарных рэжымах ня так важна, што гаварыць. Ёсьць загад ці замова — яны і гавораць. Трэба будзе, яны скажуць, што «Акіянія заўжды ваявала з Ост-Азіяй». Сыстэма адпрацаваная, ёсьць дакладныя прыклады, як гэта адбывалася ў сучаснай беларускай гісторыі — так што ніякіх праблемаў тут ня будзе для прапаганды. Магчымыя зьмены ў нейкіх мэтадах, як гэта было пасьля жніўня 2020-га, калі ў Беларусь прыехалі расейскія «спэцыялісты» і паказалі, што варта даваць меркаваньні нібыта незалежных замежных экспэртаў з розных заходніх краінаў.

— Калі гаварыць у цэлым пра беларускую дзяржаўную прапаганду, то на каго яна накіраваная? Ёсьць уражаньне, што яны працуюць выключна на меншасьць, для зацятых «ябацек», не імкнучыся пашыраць аўдыторыю на «нэўтральных» беларусаў.

— Мне падаецца, яны выкарыстоўваюць розныя інструмэнты для розных групаў. Для ляялістаў яны падтрымліваюць карціну сьвету, у якой ёсьць Лукашэнка як галоўны правадыр, які выратаваў Беларусь. Ёсьць і праца з апанэнтамі, якіх трэба дэмаралізаваць, адбіць волю да супраціву. Тут самыя яскравыя прыклады — гэта і Азаронак, і Ігар Тур, які шукае супярэчнасьці паміж рознымі апазыцыйнымі дзеячамі і імкнецца ўбіць паміж імі клін.

Ёсьць праца і з нэўтральнай аўдыторыяй, для якой яны працуюць на ніжнюю частку «піраміды Маслаў». Яны падкрэсьліваюць гарантаваньне бясьпекі ў Беларусі — маўляў, на вуліцах нікога не хапаюць, і чалавеку, які знаходзіцца па-за межамі палітыкі, нічога не пагражае. Таксама ёсьць адказ прапаганды на санкцыі — маўляў, яны ніякай шкоды не прынясуць, жыцьцёвы ўзровень ня зьменіцца. Іншая справа, я ня ўпэўнены, што гэтая праца робіцца дастаткова эфэктыўна.

Таксама асобная частка прапаганды накіраваная на пошук краінаў і групаў лабістаў афіцыйнай Беларусі за мяжой, якія ня вельмі крытычна ставяцца да Лукашэнкі. Думаю, яны зараз спрабуюць дагрукацца да традыцыйных адвакатаў Лукашэнкі ў Эўропе. Як казаў Грамыка, на Захадзе заўсёды знойдуцца тыя, з кім можна пачаць перамовы, бо Захад не маналітны.

Так што асноўныя кірункі і мэты прапаганды — каб ляялісты заставаліся ляяльнымі, пратэстоўцы каб ня мелі волі і сьмеласьці да пратэсту, а астатнія каб сядзелі дома і верылі, што рэжым забясьпечыць іхныя хаця б асноўныя патрэбы.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG