Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачка чыноўніка, выступала супраць нэўтралітэту Беларусі. Што за дэпутатка прапанавала новы «расстрэльны» артыкул Крымінальнага кодэксу


Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Марына Лянчэўская
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Марына Лянчэўская

Палата прадстаўнікоў унесла ў двух чытаньнях зьмены ў Крымінальны кодэкс. Цяпер за спробы тэрарыстычнага акту пакараньне будзе аж да сьмяротнага. З такой ініцыятывай выступіла дэпутатка ад Заходняй акругі Менску Марына Лянчэўская. Што пра яе вядома?

Марыне Лянчэўскай 51 год. Яна родам зь вёскі Еўдакімавічы Шклоўскага раёну. Яе бацька — вядомы чыноўнік Аляксандар Папкоў, які калісьці працаваў дырэктарам калгаса ў Шклоўскім раёне. У 1998 годзе Папкоў стаў віцэ-прэм’ерам, які курыруе сельскую гаспадарку, а ў 2003 — намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта. Нейкі час Папкоў таксама пабыў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

«Я выключна татава дачка. Праўда, некалі сур’ёзна ваявала зь ім: ён марыў, што стану юрыстам, а я паступіла на гістфак. Ведаеце, што дзіўна? Тата меў рацыю. Пазьней зьвязала жыцьцё зь юрыспрудэнцыяй — працавала ў пракуратуры», — казала яна ў інтэрвію «Мінск-навінам».

Лянчэўская скончыла Магілёўскі пэдагагічны інстытут імя Куляшова, а таксама прыватны Беларускі інстытут правазнаўства. Працавала спачатку ў пракуратуры Магілёўскай вобласьці, а пасьля ў Генэральнай пракуратуры. У 2010 годзе перайшла на працу ў «Беларусбанк», праз чатыры гады стала на чале сакратарыяту старшыні праўленьня банку.

Менавіта з гэтай пасады Лянчэўская балятавалася ў Палату прадстаўнікоў. Паводле дэклярацый, яна была адна з найбольш заможных кандыдатаў. За 2018 год Лянчэўская мела даход у памеры 120 тысяч рублёў. Па тагачасным курсе — гэта каля 55 тысяч даляраў.

Юры Лянчэўскі, фота з сайта gto.by
Юры Лянчэўскі, фота з сайта gto.by

Таксама ва ўласнасьці Лянчэўскай была кватэра плошчай 130 мэтраў квадратных і аўтамабіль.

Муж дэпутаткі — кіраўнік «Белтэхагляду» Юры Лянчэўскі. Ён таксама родам з Магілёва. «Нягледзячы на тое, што мой муж — кіраўнік высокага ўзроўню, як сапраўдны мужчына ён разумее, што жанчыне трэба дапамагчы. Дзякуючы яго падтрымцы і ўзаемаразуменьню ў сямʼі я маю магчымасьць рэалізоўвацца ў працы. За гэта я яму вельмі ўдзячная», — казала Лянчэўская ў інтэрвію часопісу «Алеся».

У шлюбе яны ўжо больш за 25 гадоў. Маюць двух сыноў-школьнікаў.

Падчас падзей жніўня 2020 году Лянчэўская крытыкавала жаночыя маршы, лічыла, што ўдзельніцамі тых акцый маніпулююць.

«Што такое жанчына па сваёй сутнасьці? Гэта чалавек, які заўсёды суперажывае таму, што адбываецца. І сёньня, сапраўды, некаму гэта выгадна. Яны стварылі такія ўкіды, такое інфармацыйнае поле, калі жанчыны нават не разумеюць таго, што імі маніпулююць. Лічаць, што яны самастойна выйшлі, прыгожа сталі з кветкамі. Але на самой справе гэта маніпуляваньне, безумоўна, іх сьвядомасьцю. Мы прыгадваем Украіну, Кубу, можна прыводзіць і іншыя прыклады», — казала яна ў інтэрвію агенцтву БелТА.

Калі распрацоўвалі новую рэдакцыю Канстытуцыі Беларусі, то Лянчэўская актыўна выступала супраць нэўтральнага статусу Беларусі.

«Мы існуём у якасьці сябра блёку АДКБ, і цяперашняя нэўтральнасьць нам толькі на шкоду. І ўвогуле я лічу, што АДКБ павінна стаць сур’ёзнай супрацьвагай NATO», — казала дэпутатка ў этэры тэлеканалу СТБ.

Яшчэ да пачатку вайны ва Ўкраіне Лянчэўская ў сваім фэйсбуку станоўча выказвалася аб прызнаньні Расеяй «незалежнасьці» ДНР і ЛНР.

«Колькі гадоў жыхары гэтых тэрыторыяў не маглі спакойна жыць, уцякалі ад вайны, аплаквалі сваіх загінулых дзяцей. Хіба важна цяпер, чыя праўда, хто вінаваты, калі на парадку дня пытаньне міру для ўсіх? Урэшце, мы ўсе славяне і нам няма чаго дзяліць. І агульнага ва ўсіх нас значна больш, чым мы можам уявіць. І як жа хочацца з братнімі народамі жыць у міры і сяброўстве. І калі ўсе пастараюцца, перастануць кідацца ўзаемнымі папрокамі і прэтэнзіямі (дарэчы, на пацеху Эўропе) — усё магчыма! І гісторыя гэта ўжо даказвала», —лічыць Лянчэўская.

У праблемах Украіны яна неаднаразова абвінавачвала краіны Захаду.

«Беларусь заўсёды ставілася да Ўкраіны як да братэрскага народу, што не заўсёды скажаш пра Ўкраіну», —казала Лянчэўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG