Усясьветна вядомы амэрыканскі палітоляг і філёзаф Фрэнсіс Фукуяма ў сваёй новай калёнцы для American Purpose пералічыў некалькі прычын, чаму ўкраінцам удасца выцесьніць расейцаў з тэрыторый, што тыя захапілі.
«Кіеў мае парытэт у бранятэхніцы»
«Злучаныя Штаты і іх саюзьнікі па NATО, адказваючы на просьбы Ўладзімера Зяленскага аб ваеннай дапамозе, цяпер накіроўваюць ва Ўкраіну значна больш тэхнікі, такой як артылерыя далёкага дзеяньня, бесьпілётнікі і авіяцыя, што зьвядзе на нішто большую частку пераваг Расеі ў агнявой сіле. Хоць мы ня ведаем, якія былі ўкраінскія страты, на сёньняшні дзень некаторыя мяркуюць, што Кіеў, магчыма, цяпер фактычна мае парытэт у бранятэхніцы, пазбаўляючы Маскву перавагі 3:1, якая звычайна неабходная для пасьпяховага наступу.
«Баявы дух расейцаў застанецца вельмі нізкі»
Баявы дух расейцаў, напэўна, застанецца вельмі нізкі. Падразьдзяленьні, выведзеныя з поўначы Ўкраіны, былі кінутыя назад у бой на Данбасе, не пасьпеўшы адпачыць і перагрупавацца. На сёньняшні дзень яны панесьлі вялізныя страты ў жывой сіле і тэхніцы і, відаць, страцілі яшчэ пару генэралаў на мінулым тыдні.
«Украінцы моцна матываваныя»
«Украінцы яшчэ больш матываваныя на перамогу цяпер, калі яны сталі сьведкамі зьверстваў, учыненых расейцамі на акупаваных імі тэрыторыях».
«Расейцы не навучыліся эфэктыўна каардынаваць агульнавайсковую апэрацыю»
«Незразумела, ці здольныя расейцы здабываць урокі і хутка прыстасоўвацца да абставін, якія зьмяніліся. У прыватнасьці, яны не навучыліся эфэктыўна каардынаваць буйную агульнавайсковую апэрацыю і працягваюць спадзявацца на грубую агнявую моц для прасоўваньня наперад. Украінцы, наадварот, вельмі добра перадалі паўнамоцтвы ніжэйшым камандным падразьдзяленьням, захаваўшы пры гэтым агульны стратэгічны кантроль над сваімі сіламі».
«У Расеі бракуе рэзэрвы»
«У Расеі проста няма жывой сілы або рэзэрвовых войскаў, якія яны маглі б прызваць, бо іхнае войска на Данбасе памалу высільваецца».
«Прымяненьне Расеяй зброі масавага зьнішчэньня застаецца малаверагодным зыходам»
«Ніхто не павінен выключаць магчымасьць эскаляцыі, калі патэнцыйныя стаўкі такія высокія, як цяпер. Адзін з аргумэнтаў супраць беспалётнай зоны палягаў у тым, што ў гэтым выпадку Злучаныя Штаты ці NATO будуць наўпрост атакаваць расейскія цэлі на тэрыторыі Расеі і перасякуць важную чырвоную рысу.
Тым ня менш я думаю, што эскаляцыя з боку Расеі і прымяненьне ёю зброі масавага зьнішчэньня застаецца малаверагодным зыходам.
Хімічная або ядзерная зброя проста не ўратуе расейцаў ад пагаршэньня становішча і справакуе эскаляцыю да значна больш высокага ўзроўню ўдзелу NATO ў вайне. Наўрад ці яны адкажуць сымэтрычным выкарыстаньнем зброі масавага зьнішчэньня, але ёсьць шмат варыянтаў таго, як можна ўступіць у вайну са звычайнымі ўзбраеньнямі (напрыклад, фактычна ўсталяваўшы беспалётную зону або нанёсшы ўдар па базах, адкуль паходзіць зброя масавага зьнішчэньня). І гэта таксама магло б нанесьці вялізную шкоду пазыцыям Расеі. Калі расейцы зараз сур’ёзна прайграюць украінцам, падумайце, што адбудзецца, калі краіны NATO умяшаюцца наўпрост.
Што будзе значыць параза Расеі ў вайне
«Няўдача Расеі ў вайне будзе мець наступствы як для самой Расеі, так і для ўсіх папулістаў, што згуртаваліся вакол Пуціна. Палітычныя наступствы вырашальнай паразы Расеі яшчэ не адчулі ў Эўропе. Віктар Орбан перамог на выбарах са значным адрывам, як і Аляксандар Вучыч у Сэрбіі. У мінулыя выходныя Эманюэлю Макрону ўдалося перамагчы Марын Лё Пэн са значным адрывам.
Аднак вайна ва Ўкраіне яшчэ не завершаная. Калі ў наступныя тыдні яна скончыцца выгнаньнем Расеі з тэрыторый, якія тая акупавала пасьля 24 лютага, Пуцін разбурыць сваё новае бліскучае войска безь якой-небудзь тэрытарыяльнай выгады і прывядзе сваю краіну да ізаляцыі на ўзроўні Паўночнай Карэі. Няўдача на гэтым узроўні ў канчатковым выніку будзе мець наступствы як для самой Расеі, так і для ўсіх папулістаў, што гуртуюцца вакол яе».
Будучыня Ўкраіны
«Аднак барацьба Ўкраіны ня скончыцца разам з гэтай паразай Расеі. Эканамічная блякада чарнаморскіх партоў Украіны павінна быць зьнятая, калі гэтая краіна хоча мець жыцьцяздольную эканамічную будучыню.
Да вайны самай вялікай слабасьцю Ўкраіны было панаваньне алігархаў у ейнай эканоміцы і палітычнай сыстэме. Унутраны балянс сілаў рэзка зьмяніўся з пачатку ўварваньня, калі алігархі першымі паўцякалі з краіны. Рэнат Ахметаў, алігарх з Данбасу, чыя былая Партыя рэгіёнаў прэтэндавала на тое, каб прадстаўляць інтарэсы расейскамоўных на ўсходзе Ўкраіны, стаў сьведкам таго, як яго сталеліцейны завод „Азоўсталь“ быў разбамбаваны і акупаваны ў гераічным баі з расейскімі акупантамі. Зьявіцца выдатная магчымасьць умацаваць украінскую нацыянальную ідэнтычнасьць вакол новага набору сымбаляў і балянсаў сілаў, а таксама пераадолець карумпаваную спадчыну краіны, якая існавала да 24 лютага 2022 году».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.