Міністар абароны ЗША Лойд Осьцін, арганізатар сустрэчы ў Рамштайне, Нямеччына, 26 красавіка 2022
На авіябазе Ваенна-паветраных сіл ЗША «Ramstein» у Нямеччыне адбываецца стратэгічна сустрэча кансультатыўнай групы з удзелам больш за 40 краін сьвету для абмеркаваньня дапамогі Ўкраіне, якая вядзе абарончую вайну супраць Расеі.
Сустрэчу, у якой удзельнічаюць ня толькі краіны-удзельніцы NATO, склікаў урад ЗША.
Міністар абароны ЗША Лойд Осьцін, як паведамляе BBC, назваў гэтую сустрэчу гістарычнай, бо яе мэта — дапамагчы Ўкраіне перамагчы ў вайне супраць Расеі пасьля яе паўнамаштабнага ўварваньня.
Лойд Осьцін паведаміў, што пасьля візыту ў Кіеў пераканаўся ў неадкладнасьці абаронных патрэбаў Украіны. Ён адзначыў мужны супраціў Украіны расейскай арміі.
«Ваш супраціў натхняе ўвесь свабодны сьвет. Расея вядзе вайну з-за амбіцый аднаго чалавека. Украіна вядзе вайну, каб абараніць дэмакратыю, сувэрэнітэт і сваіх грамадзян. Але стаўкі выходзяць далёка за межы Ўкраіны і нават Эўропы. Расейскае ўварваньне зьяўляецца неабгрунтаваным, безадказным і супрацьпраўным. Гэта атака супраць сусьветнага парадку, заснаванага на правілах, і выклік для свабодных людзей па ўсім сьвеце... Дзяржавы-аднадумцы аб’яднаныя ў падтрымцы Ўкраіны ў гэтай барацьбе супраць імпэрскай расейскай агрэсіі», — завіў міністар абароны ЗША.
Паводле яго, з пачатку вайны ЗША і хаўрусьнікі (каля 30 дзяржаў) разам сабралі для Ўкраіны вайсковую дапамогу на больш як 5 мільярдаў даляраў, зь якіх дапамога ЗША склала 3,7 мільярдаў даляраў.
У сустрэчы бярэ ўдзел ўкраінская дэлегацыя на чале зь міністрам абароны Ўкраіны Аляксеем Рэзьнікавым.