Урад ЗША стараўся трымаць у таямніцы ўсю інфармацыю пра паездку дзяржсакратара Энтані Блінкена і міністра абароны Лойда Осьціна, пакуль яны бясьпечна ня выехалі з Украіны, адмовіўшыся нават пацьвердзіць, што паездка адбылася, піша The New York Times.
Зрэшты, днём раней Уладзімір Зяленскі раскрыў пляны найвышэйшай дэлегацыі ЗША наведаць Украіну ўпершыню з моманту ўварваньня Расеі два месяцы таму. У інтэрвію, якое паказвалася па ўкраінскай тэлевізіі ў нядзелю, калі ўрад ЗША яшчэ захоўваў маўчаньне, дарадца Зяленскага Аляксей Арастовіч заявіў, што амэрыканцы ў Кіеве.
Што расказалі ў Кіеве
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі правёў сустрэчу зь дзяржаўным сакратаром ЗША Энтані Блінкенам і міністрам абароны ЗША Лойдам Остынам, якія прыбылі зь візытам ва Ўкраіну. Як паведамляе прэс-служба Офісу прэзыдэнта, у пачатку перамоваў Зяленскі адзначыў важнасьць наведваньня Кіева амэрыканскімі высокапастаўленымі чыноўнікамі «ў гэты адказны для Ўкраіны момант».
«Мы цэнім, што Злучаныя Штаты Амэрыкі беспрэцэдэнтна дапамагаюць Украіне. Хачу ад сябе асабіста і ад усяго ўкраінскага народу падзякаваць прэзыдэнту Байдэну за яго лідэрства ў падтрымцы Ўкраіны, за яго асабістую выразную пазыцыю. Падзякаваць усяму амэрыканскаму народу, а таксама Кангрэсу за двупалатную і двупартыйную падтрымку. Мы бачым гэта. Мы гэта адчуваем», – падкрэсьліў ён.
Зяленскі абмеркаваў з дэлегацыяй ЗША абаронную дапамогу, узмацненьне санкцый супраць Расіі, фінансавую падтрымку Украіны і гарантыі бясьпекі.
Прэзыдэнт Украіны адзначыў, што ўжо нададзеная Злучанымі Штатамі абаронная падтрымка на агульную суму 3,4 мільярда даляраў зьяўляецца найбольшым укладам ва ўмацаваньне абараназдольнасьці Ўкраіны.Паводле яго, гэтае спрыяньне ўжо дапамагае вывесьці абаронныя магчымасьці Ўкраіны на якасна новы ўзровень.
Амэрыканскі Кангрэс ужо мае зацьверджаны плян у 13,6 мільярда даляраў выдаткаў на надзвычайныя сытуацыі, зьвязаныя з расейскім уварваньнем, у тым ліку на зброю, вайсковыя пастаўкі ва Ўкраіну. Гэта адзін з самых вялікіх праектаў замежнай дапамогі ЗША якой-кольвек краіне за апошняе дзесяцігодзьдзе. Сродкі таксама пакрываюць разгортваньне войскаў ЗША ў Эўропе. За некалькі дзён да візыту амэрыканскіх палітыкаў у Кіеў прэзыдэнт Байдэн абвясьціў аб дадатковай вайсковай дапамозе ў памеры 800 мільёнаў даляраў, уключаючы абсталяваньне, прызначанае для таго, каб дапамагчы Ўкраіне адбіваць наступ Расеі на ўсходзе краіны.
Але вышэйшыя службовыя асобы ЗША не наведвалі краіну з моманту ўварваньня, нават калі эўрапейскія лідэры на гэта пайшлі, каб зь першых вуснаў пераканацца ў зьверствах, учыненых расейскімі салдатамі ў прыгарадах Кіева. Калі ўкраінцы адзначалі праваслаўны Вялікдзень, кіраўнік аўтакефальнай праваслаўнай царквы Украіны мітрапаліт Эпіфаній сустрэўся ў Кіеве з двума сябрамі Кангрэсу ЗША, Цімам Уолбэргам зь Мічыгану і Вікторыяй Спарц з Індыяны, абое прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі.
Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен быў апошнім высокапастаўленым чыноўнікам ЗША, які наведаў Украіну ў сярэдзіне студзеня. Злучаныя Штаты закрылі амбасаду ў Кіеве 14 лютага, і іх дыпляматы неўзабаве пакінулі краіну. Ужо празь 10 дзён Расея пачала вайну.
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн раней адмовіўся прыяжджаць непасрэдна ва Ўкраіну, але падчас свайго візыту ў Польшчу наведаў памежжа, дзе сустрэўся з украінскімі ўцекачамі.
Папярэднія візыты высокапастаўленых амэрыканскіх чыноўнікаў у іншыя зоны ваенных дзеяньняў, такія як Ірак і Афганістан, звычайна апісваліся толькі пасьля таго, як чыноўнік прыбыў у краіну — а часам нават пасьля таго, як зьехаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.