Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варта чакаць падзеньня сёлета беларускай эканомікі прыблізна на 10%, — экспэртка Барнукова


Менскі трактарны завод
Менскі трактарны завод

Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка BEROC, тлумачыць, ці пагражае Беларусі дэфолт, разважае пра лёс ІТ-сэктару ў Беларусі і расказвае, чаму Беларусь зараз ня зможа заняць расейскі рынак, як у 2014-м.

Сьцісла:

  • Дэфолт — значыць тое, што ніхто больш не пазычыць. Але нам і так ніхто ў доўг ужо не дае.
  • У доўгатэрміновай пэрспэктыве мы бачым шэраг прычынаў для дэвальвацыі беларускага рубля.
  • Галоўнае, што трэба Расеі, гэта высокатэхналягічны імпарт, які Беларусь ніяк ня можа замясьціць.
  • Міжнародныя кліенты ня хочуць працаваць зь беларускімі айцішнікамі, з камандамі зь Беларусі, якія плацяць падаткі беларускай дзяржаве.
  • Падзеньне ІТ-сэктару працэнтаў на 20 — гэта самы аптымістычны варыянт.

— Беларускі ўрад заяўляе заходнім структурам, што будзе вяртаць замежныя пазыкі і працэнты па іх у беларускіх рублях. Ці прывядзе гэта да дэфолту? І які ў гэтым практычны сэнс, улічваючы, што толькі невялікая частка беларускага доўгу прыпадае на заходнія структуры? Гэта проста малпаваньне «старэйшага брату» з Расеі, дэманстрацыя таго, што, маўляў, «мы можам і так»?

Кацярына Барнукова
Кацярына Барнукова

— Па сутнасьці, гэта і ёсьць дэфолт, то бок адмова плаціць па ўласных даўгах у адпаведнай валюце. Гэта дэфолт сэлектыўны, пакуль Беларусь адмаўляе толькі асобным заходнім крэдыторам. І гэта тэхнічны дэфолт — то бок магчымасьць плаціць у нас ёсьць, але мы з пэўных прычын ня хочам гэтага рабіць.

Пакуль ніводнае рэйтынгавае агенцтва не прысвоіла Беларусі дэфолтнага рэйтынгу. Бо Менск толькі абвясьціў пра гэта жаданьне плаціць рублямі, але момант выплат яшчэ не наступіў. І вы маеце рацыю, гэта ня мае ніякага вялікага сэнсу з эканамічнага гледзішча — гэта проста палітычны ход, малпаваньне расейскай пазыцыі.

— Калі Менск гэтага не баіцца, гэта азначае, што той сэлектыўны дэфолт не прывядзе да нейкіх катастрафічных наступстваў?

— Дэфолт страшны з дзьвюх прычын. Першая — ніхто больш не пазычыць. Але нам і так ніхто ў доўг ня дасьць. Так што гэта ня грае ролі.

Другая — калі міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы абвяшчаюць дэфолт, то ўсе дзяржаўныя аблігацыі пераўтвараюцца з надзейнага актыву ў сьмецьцевы. Гэта можа прывесьці да банкаўскага крызісу, што было ў лацінаамэрыканскіх краінах. У нас гэта, хутчэй за ўсё, банкаўскага крызісу не выкліча. Ніхто не пабяжыць здымаць дэпазыты — бо ўсе ўжо зьнялі ўсё, што можна было.

Трэцяе — калі абвяшчаюць дэфолт, гэта дае права іншым крэдыторам адклікаць свае крэдыты датэрмінова. У нас гэта будзе тычыцца толькі эўрааблігацыяў — і, відаць, гэта тая рызыка, якую Беларусь гатовая ўзяць на сябе.

— Што адбываецца з курсам беларускага рубля, які нечакана для многіх узмацніўся пасьля падзеньня ў першыя дні вайны? Ён проста паўтарае траекторыю расейскага рубля, які гэтаксама спачатку ўпаў, але потым вярнуўся амаль на даваенны ўзровень?

— Так, беларускі рубель прывязаны ў тым ліку да расейскага, і таму паўтарыў ягоную дынаміку ў гэтыя тыдні. Але ўмацаваньне расейскага рубля адбылося на зарэгуляваным, а не свабодным рынку, — былі жорсткія абмежаваньні на куплю, дадатковы падатак і гэтак далей.

У доўгатэрміновай пэрспэктыве мы бачым шэраг прычынаў для дэвальвацыі беларускага рубля. Зараз у часовым умацаваньні беларускага рубля магло адыграць сваю ролю рэзкае зьніжэньне імпарту. Ва ўмовах, калі пастаўшчыкі і кампаніі адмаўляюцца працаваць у Беларус, попыт на валюту мог дастаткова моцна ўпасьці. У тым ліку і на куплю нафты — бо не зусім зразумела, як цяпер працуе наша нафтаперапрацоўка: паводле афіцыйных паведамленьняў, загружанасьць у сакавіку была толькі напалову.

Сытуацыя такая, што Беларусь у значнай ступені, працэнтаў на 20, страціла рынак Эўразьвязу, страціла ўкраінскі рынак. 40 працэнтаў экспарту ідзе ў Расею, а расейская эканоміка скароціцца за год мінімум на 10 працэнтаў. Мы страчваем рынкі, экспарт, і зразумела, што ў гэтай сытуацыі рубель дэвальвуецца. І стрымліваць ягонае падзеньне будзе толькі скарачэньне імпарту, і ў сувязі з санкцыямі, і ў сувязі з падзеньнем даходаў насельніцтва.

— Пасьля перадапошняй сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна было аб’яўлена, нібыта Расея рэструктурызуе беларускі доўг — маўляў, можаце аддаць пазьней. Але Міністэрства фінансаў Беларусі паведаміла, што ў 2022 годзе плацяжы па дзярждоўгу складуць амаль 10,5 мільярда. Гэта вялізная сума, гэта траціна выдаткаў бюджэту.

— Сапраўды, мы яшчэ ня чулі пацьверджаньняў з расейскага боку пра рэструктурызацыю доўгу. Я думаю, размова пра гэта ідзе, але канчаткова яшчэ нічога не падпісана. Яшчэ адзін нюанс у тым, што нават рэструктурызацыя — гэта горш за тое, што Беларусь атрымлівала ад Расеі раней. Раней атрымлівала жывыя крэдыты, якія маглі траціць, як хацелі. А цяпер ніякіх новых жывых грошай Менск ня бачыць нават ад Расеі.

— Беларускі ўрад днямі прыняў плян комплекснай падтрымкі эканомікі. У іншай сытуацыі некаторыя крокі, якія там закладзеныя, выглядалі б як даволі лібэральныя.

— Сапраўды, некаторыя абазначаныя там рэчы маюць сэнс. Пытаньне ў тым, ці будуць яны мець уплыў і ці магчыма іх рэалізаваць. Калі ўзяць, напрыклад, імпартазамяшчэньне, то беларускі ўрад хоча выкарыстаць сытуацыю сыходу міжнародных кампаніяў з Расеі — маўляў, давайце цяпер мы будзем у Расею свае тавары пастаўляць.

Але тут ёсьць некалькі праблемаў. Па-першае, тое, што мы пастаўлялі ў Эўропу і Ўкраіну — нафтаперапрацоўка, драўніна, мэталы — Расеі не патрэбна, яна гэта робіць сама. Ці можам мы пастаўляць Расеі тое, што ім патрэбна? Як, напрыклад, у 2014-м, пасьля якога мы падняліся на антысанкцыях Расеі супраць эўрапейскіх прадуктаў. Але цяпер сытуацыя іншая, прыйдзецца перабудоўвацца. Напрыклад, лёгкай прамысловасьці канкурэнцыі ў танным сэгмэнце складаюць узбэцкія тавары, якія заваёўваюць рынак нізкай цаной. Але галоўнае, што трэба Расеі, — гэта высокатэхналягічны імпарт, які Беларусь ніяк ня можа замясьціць.

— Улады паспрабавалі нешта зрабіць, каб не дапусьціць канчатковага ад’езду беларускіх айцішнікаў. Аб’явілі, што зноў зьнізяць падатак, прапануюць нейкія іншыя эканамічныя «пернікі». Ці паўплывае гэта на намер супрацоўнікаў значнай часткі ІТ-сэктару, якія фактычна ўсе не падтрымліваюць улады, зьехаць зь Беларусі?

— Калі ў свой час паднялі гэты падатак з 9 да 13 працэнтаў, гэта істотна не паўплывала на жаданьне зьехаць ці заставацца. Гэта ня так важна, гэта дробны бонус, які не вырашае ключавой праблемы — бясьпекі ў дзяржаве і наяўнасьці кліентаў, якія хочуць з табой працаваць. Частка айцішнікаў выехалі, бо баяцца прызыву ў войска.

Але галоўнае — міжнародныя кліенты ня хочуць працаваць з камандамі зь Беларусі, якія плацяць падаткі беларускай дзяржаве.

Апытаньне паказала, што 30% айцішнікаў ужо выехалі, і мы назіраем сыход вялікіх кампаніяў, так што падзеньне гэтага сэктару працэнтаў на 20 — гэта самы аптымістычны варыянт.

— А які прагноз магчыма даць на агульныя вынікі гэтага году ў цэлым аб беларускай эканоміцы?

— Мне здаецца, што аб’ектыўна было б чакаць падзеньня прыблізна на 10 працэнтаў. Менш наўрад ці можа выйсьці. А можа быць і больш, калі працягнецца ваенная эскаляцыя і пашырыцца эўрапейскае эмбарга на расейскую нафту. Ужо сёньня ніхто ў Эўропе фактычна не купляе беларускіх нафтапрадуктаў. Яны працуюць на ўнутраны рынак, і, пэўна, на расейскае войска.

Нават калі на сусьветных рынках будуць назірацца нейкія спрыяльныя тэндэнцыі, Беларусь ад гэтага мала што атрымае, бо рынкі для нас закрытыя.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG