«Гэта проста піяр-кампанія». Ці зможа Беларусь аддаваць даўгі ў беларускіх рублях

Беларускія грошы
Беларускія грошы

Беларусь заявіла, што будзе плаціць па асобных абавязаньнях у беларускіх рублях. Разьбіраемся, наколькі гэта магчыма.

Беларусь будзе выконваць абавязаньні перад асобнымі замежнымі крэдыторамі ў беларускіх рублях. Адпаведную пастанову прыняў беларускі ўрад сумесна з Нацбанкам.

Сюды адносіцца пагашэньне асноўнага доўгу і працэнтаў па замежных дзяржаўных пазыках ад МБРР, ЭБРР, СІБ.

«Гэта вымушаная мера, бо Беларусь абмежаваная ў разьліках з заходнімі крэдыторамі ў далярах ЗША і эўра праз санкцыі, а таксама аналягічнымі дзеяньнямі вышэйпералічаных арганізацый па спыненьні разьлікаў у сваіх абавязаньнях», — паведамляецца ў афіцыйнай заяве.

Колькі даўгоў Беларусь мусіць аддаць сёлета

10 мільярдаў рублёў — столькі Беларусь мусіць выплаціць па пазыках сёлета, паводле Міністэрства фінансаў. Гэта 3,9 мільярда даляраў. Ліміт доўгу не павінен перавышаць 40% ВУП.

Найбольшая частка сродкаў пойдзе на пагашэньне доўгу Расеі — 3,3 млрд рублёў, або 1,3 мільярда даляраў.

Агулам дзярждоўг Беларусі складае 18,2 млрд даляраў па стане на 1 студзеня 2022 году.

«Гэта паказальныя жэсты»

Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, такія заявы ня сьведчаць пра дэфолт.

«Гэта гульня і паказуха — паказаць, што мы супраць Захаду. Ільвіная доля даўгоў — перад Расеяй і Кітаем, а зь імі можна дамовіцца хоць у рублях, хоць у юанях. Няма падставаў, каб гаварыць пра дэфолт, бо амаль 7 мільярдаў даляраў ёсьць у рэзэрвах. Гэта ня больш як піяр-кампанія», — кажа Яраслаў Раманчук.

На думку эканаміста, беларускіх рублёў ніхто браць ня будзе. І Беларусь мае магчымасьць плаціць у іншай валюце.

«Гэта як гаварыць з заробкам у тысячу даляраў, што няма за што купіць хлеб. Лукашэнка проста зноў грае на нэрвах, каб паказаць, што нават у гэтай сытуацыі ён моцны і можа працягваць барацьбу з Захадам. Гэта проста інфармацыйная кампанія», — кажа Яраслаў Раманчук.

Раней Расея заявіла, што будзе плаціць даўгі ў расейскіх рублях, а ЭЗ мусіць разьлічвацца ў расейскіх рублях за газ ды іншыя энэрганосьбіты. Ніводная з краін ЭЗ з такой схемай не пагадзілася.

​
XS
SM
MD
LG