Расея працягвае руйнаваць гарады, заводы і інфраструктуру Ўкраіны. Харкаў, красавік 2022
Паводле новага прагнозу Сусьветнага банку, Беларусь кароціць свой экспарт на 14,2 %, а імпарт — на 18,6 %.
У 2022 годзе аб’ём ВУП Украіны скароціцца прыкладна на 45%, Беларусі — на 6,5 %, а эканоміка Расеі ўжо знаходзіцца «ў глыбокай рэцэсіі».
«Украінская эканоміка, як чакаецца, скароціцца прыкладна на 45,1% цягам году, хаця дакладныя маштабы скарачэньня залежаць ад працягласьці і інтэнсіўнасьці ваенных дзеяньняў», — гаворыцца ў прагнозе Сусьветнага банку ад 10 красавіка.
Паводле экспэртаў банку, у выніку беспрэцэдэнтных санкцый эканоміка Расеі ўжо знаходзіцца ў глыбокай рэцэсіі, а прагназаванае падзеньне можа скласьці 11,2% у 2022 годзе.
Экспэрты адзначаюць, што вайна Расеі супраць Украіны і санкцыі супраць Расеі адбіваюцца і цалкам на эканоміцы сьвету, асабліва ў Эўропе і Цэнтральнай Азіі. Паводле Сусьветнага банку, за год эканоміка гэтага рэгіёну скароціцца на 4,1%. Пры гэтым перадваенны прагноз прадугледжваў рост на 3 % у пэрыяд аднаўленьня пасьля пандэміі COVID-19.
«Уварваньне Расеі моцна б’е па эканоміцы Ўкраіны і наносіць велізарную шкоду інфраструктуры. Украіне спатрэбіцца неадкладная маштабная фінансавая падтрымка яе намаганьняў захаваць сваю эканоміку і захады ўраду ў падтрымцы пацярпелых украінскіх грамадзян», — заявіла віцэ-прэзыдэнт Сусьветнага банку ў пытаньнях Эўропы і Цэнтральнай Азіі Анна Бьердэ.
У банку таксама адзначаюць, што Расея і Ўкраіна забясьпечваюць 40% імпарту пшаніцы ў рэгіёне, 75% і больш — у Сярэдняй Азіі і Паўднёвым Каўказе.
«З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага Сусьветны банк мабілізаваў пакет тэрміновай фінансавай падтрымкі ў памеры 925 мільёнаў даляраў для Ўкраіны», — паведамілі ў Сусьветным банку.