Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палова сям’і вайскоўцы, але ў гэтае войска я не пайду». Як беларусы ўхіляюцца ад службы і збораў

Войска ў Беларусі
Войска ў Беларусі

Вясновы прызыў у беларускую армію павінен скончыцца ў канцы траўня. Сёлета ён праходзіць на фоне вайны ва Ўкраіне.

Прызыў на тэрміновую службу ў беларускае войска сёлета пачаўся яшчэ да вайны ва Ўкраіне, Лукашэнка адпаведны ўказ падпісаў 9 лютага 2022 году. Мерапрыемствы прызыву плянуецца скончыць да 31 траўня, пасьля чаго навабранцаў накіруюць у вучэбныя часткі. Свабода пагаварыла з прызыўнікамі, якія вырашылі сёлета ўхіліцца ад службы ў арміі, а таксама з чалавекам, які адмовіўся ўдзельнічаць у вайсковых зборах.

«Калі не зьяўлюся, то будзе крымінальная справа»

Юрыю 20 гадоў. Ён вучыцца за мяжой, у адной з польскіх ВНУ. Зь беларускага ўнівэрсытэту адлічыўся ў кастрычніку, тады ж атрымаў першую позву ў войска. Зь Беларусі Юры выехаў, але пасьля даведаўся, што яго зрабілі невыязным.

«У мяне прызыўны ўзрост, і я падлягаю прызыву цяпер, — расказвае Юры. — У Польшчы я ўжо шэсьць месяцаў. Ваенкамат мне другую позву шле. Паводле яе, я 26 красавіка павінен зьявіцца на мерапрыемствы прызыву. І калі я гэтага не зраблю, то будзе крымінальная справа. Так яны сказалі».

Юры дадае, што супрацоўнікі ваенкамату размаўлялі зь яго бацькам, пазванілі проста на мабільны нумар. Новую позву ніхто зь ягоных родных у руках не трымаў і пад подпіс ня браў.

«Яны нават не назваліся адразу, а распытвалі, дзе я знаходжуся і чым займаюся, — гаворыць Юрый. — Толькі пасьля ўжо прызналіся, што гэта з ваенкамату. Прычым супрацоўнік так і не прадставіўся. Сказалі бацьку, што завядуць на мяне крымінальную справу. Прычым сказалі, што ведаюць, што я выехаў за мяжу, і калі я з унівэрсытэту прышлю ім даведку пра тое, што я вучуся, то атрымаю яшчэ адну адтэрміноўку, другую. Прычым мая першая адтэрміноўка на вучобу скончылася ўжо, а закон дазваляе толькі адну».

Юры кажа, што слаць ліст са свайго новага ўнівэрсытэту ў Беларусь ня будзе. Вяртацца на радзіму ў хуткім часе не плянуе таксама. Гаворыць, што проста ня хоча паведамляць беларускім уладам, дзе ён дакладна цяпер знаходзіцца і якой спэцыяльнасьці вучыцца.

«Сказаў усім сваім родным, каб яны на пытаньні пра мяне адказвалі, што нічога ня ведаюць, — кажа Юрый. — Што згубілі са мной сувязь. Як бацька зразумеў з размовы з прадстаўніком ваенкамату, у іх гэта цяпер масавая зьява (адсутнасьць прызыўнікоў у краіне. — РС) і яны ня хочуць заводзіць столькі крымінальных спраў. Я сам ня супраць службы ў войску. Але пакуль у Беларусі такая ўлада, то я дакладна туды не пайду. Ідэалягічна мне непрыемна было б сёньня асацыявацца зь беларускімі сілавымі структурамі. Пры гэтым у мяне палова сям’і — вайскоўцы. Пасьля зьмены ўлады я буду ў першых шэрагах тых, хто пойдзе ў беларускае войска».

«Баюся ехаць у Беларусь»

Аляксандар жыве ў Літве ўжо некалькі гадоў, мае сталую працу. Выехаў яшчэ да падзей 2020-га. Ён падпадае пад прызыў па ўзросьце, але позвы перасталі прыходзіць пасьля адной з мэдкамісій, калі яго прызналі нягодным для службы ў мірны час. Сёлета ваенкамат ізноў зацікавіўся мужчынам.

«Прыйшла позва на адрас маёй рэгістрацыі ў Беларусі, — расказвае Аляксандар. — Запрашалі зьявіцца ў ваенкамат у сувязі з пачаткам прызыву, дату прызначылі на канец сакавіка. Але я не паехаў, не хачу зь імі зьвязвацца. Цяпер ня ведаю, што будзе далей. Калі паеду ў Беларусь да родных, то магу не вярнуцца. Я ня ведаю, што мне рабіць, баюся туды ехаць».

Аляксандар кажа, што адной з прычын нежаданьня зьяўляцца ў ваенкамаце былі падзеі ва Ўкраіне. Ён ня верыць, што Беларусь магла б адправіць на вайну салдатаў тэрміновай службы, але ўсё адно вырашыў не рызыкаваць.

«Я проста вырашыў пакуль ня ехаць, пасьля будзе відаць, — кажа ён. — Позвы папрыходзілі ня толькі мне. Я ведаю і іншыя выпадкі, калі хлопцам, якія ўжо даўно ў Літве жывуць і працуюць, таксама ў Беларусі прыходзілі запрашэньні зьявіцца ў ваенкамат. Прычым і тым, хто ўжо адслужыў. Людзі цяпер чакаюць, што будзе далей. У Літве кажуць, што мяжу ўвогуле могуць закрыць».

«У ваенкамат не пайшоў, вырашыў зьехаць»

Андрэй (імя зьмененае. — РС) вучыўся ў адной зь «сілавых» ВНУ да 2021 году, калі яго спачатку забралі на допыт, а пасьля адлічылі. Ён уладкаваўся на працу і да лютага 2022 году знаходзіўся ў Беларусі. Пакуль не атрымаў позвы з ваенкамату на тэрміновыя зборы.

«Гэта было на пачатку лютага, — расказвае Андрэй. — Прыйсьці ў ваенкамат мне трэба было 10 сакавіка, зборы прызначаліся на 22 сакавіка. Я не пайшоў туды, вырашыў проста выехаць за мяжу. Размаўляў з бацькамі, пакуль ніякай новай цікавасьці да мяне няма. Але я вырашыў застацца за мяжой, буду спрабаваць працягнуць вучобу».

Андрэй расказвае, што спрабаваў даведацца, што гэта за вучэньні, чым яму там трэба будзе займацца. Яму патлумачылі, што зборы пройдуць недзе на тэрыторыі Горадзенскай вобласьці. Але калі ва Ўкраіне пачалася вайна, то ён вырашыў не чакаць і выехаў за мяжу. Час ад часу ён перапісваецца са сваімі былымі аднакурсьнікамі.

«Падтрымліваю кантакт зь некалькімі людзьмі з былога месца вучобы, — гаворыць Андрэй. — Усе яны засталіся давучвацца. Кажуць, што ўсё спакойна, езьдзілі на вучэньні».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG