Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і Пуцін сустрэліся на касмадроме «Восточный». Колькі пакралі на яго будаўніцтве і што стала зь беларускай касьмічнай праграмай


Каcмадром «Восточный»
Каcмадром «Восточный»

За 15 гадоў на будаўніцтва «Восточного» патрацілі каля 200 мільярдаў рублёў, адтуль запусьцілі 11 ракет, а за карупцыю завялі 140 крымінальных спраў.

12 красавіка ў Расеі і на тэрыторыі краін былога СССР адзначаецца Дзень касманаўтыкі — у гонар даты, калі ў 1961 годзе Юры Гагарын упершыню трапіў у касьмічную прастору. Ракета, якая вывела карабель Гагарына ў космас, стартавала з Байкануру. Пасьля распаду СССР гэты касмадром застаўся на тэрыторыі незалежнага Казахстану, а Расея вырашыла пабудаваць сабе новы на Далёкім Усходзе.

Аб’ект атрымаў назву «Восточный», менавіта там чарговы раз сустрэліся Пуцін і Лукашэнка. Там жа было абвешчана аб аднаўленьні расейскай праграмы палётаў на Месяц і пра намер запусьціць у космас беларускага касманаўта. Расказваем пра кароткую, але скандальную гісторыю самага новага расейскага касмадрому, а таксама згадваем пра беларускую касьмічную праграму.

15 гадоў будаўніцтва

Касмадром «Восточный» будуюць ужо 15 гадоў, указ пра яго закладку Пуцін падпісаў яшчэ ў 2007-м. Месца для новага расейскага цывільнага касмадрому тады яшчэ малады прэзыдэнт РФ выбіраў асабіста. На Далёкім Усходзе касмадром вырашылі разьмясьціць адразу па некалькіх прычынах. Гэта было зручна праз малую заселенасьць рэгіёну, блізкасьць да мора, куды маглі падаць адпрацаваныя ступені ракет і Транссібірскую магістраль, якая была адносна побач і дазваляла хутка падвозіць неабходныя для будаўніцтва матэрыялы, самі касьмічныя караблі і элемэнты ракет.

З 2014 году куратарам будаўніцтва касмадрому быў асабіста сёньняшні кіраўнік «Роскосмоса» Дзьмітрый Рагозін, вядомы сваёй палемікай у Twitter з заснавальнікам карпарацыі Space X Іланам Маскам. Праз праблемы з выкананьнем тэрмінаў будаўніцтва ў 2016 годзе нагляд за гэтым аб’ектам Пуцін перадаў міністру абароны РФ Сяргею Шайгу, аднаму з самых набліжаных да сябе людзей і будучаму саўдзельніку арганізацыі нападу на Ўкраіну. У тым жа 2016 годзе з «Восточного» ўпершыню ажыцьцявілі камэрцыйны пуск касьмічнай ракеты з трыма спадарожнікамі.

Паводле першапачатковага пляну, акурат у 2016-м «Восточный» павінен быў быць дабудаваны, аднак гэтага не адбылося дагэтуль. На касмадроме дзейнічае толькі стартавы стол для лёгкіх і сярэдніх ракет, значную частку пускаў Расея па-ранейшаму робіць з казахскага Байкануру. Адтуль жа Расея адпраўляе ў космас усіх касманаўтаў, «Восточный» для гэтага не падыходзіць. Першы запуск касманаўта адсюль плянавалася зрабіць у 2022 годзе, але цяпер ужо відавочна, што гэтага не адбудзецца.

На гэты момант на «Восточном» дабудоўваюць другую чаргу аб’ектаў, яе плянуюць здаць у 2025 годзе. Касмадром «Байканур», зь якога ў 1961 годзе паляцеў у космас Юры Гагарын, пачалі будаваць у 1955 годзе.

11 пускаў, 200 мільярдаў рублёў і 140 крымінальных спраў за карупцыю

З 2016 году з касмадрому «Восточный» было запушчана 11 ракет, 5 зь іх у 2021 годзе. Пускі выконваліся пераважна на заказ заходніх краін і выводзілі на арбіту заходнія спадарожнікі. У 2021 годзе, напрыклад, усе 5 запускаў былі зробленыя на замову Вялікай Брытаніі. З 2022 году супрацоўніцтва з краінамі Эўразьвязу, ЗША, Брытаніяй і шэрагам іншых Расея страціла. На 2022 год плянавалі два запускі расейскіх касьмічных апаратаў, аднак яны пакуль не адбыліся. Space X Ілана Маска толькі за 2021 год запусьціла сваю ракету Falcon 9 больш за 30 разоў.

Колькі Расея патраціла сродкаў на касмадром, які пакуль так і не атрымалася дабудаваць, дакладна невядома. Называюцца сумы ад прыкладна 100 мільярдаў (так заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў) да 300 мільярдаў (такі выніковы кошт пасьля здачы другой чаргі). Недзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «МБХ-Медия» падлічыла, што да 2022 году на будаўніцтва «Восточного» патрацілі ўжо каля 200 мільярдаў рублёў.

За гэты ж час за злоўжываньні на будаўніцтве касмадрому «Восточный» было заведзена звыш 140 крымінальных спраў. У тым ліку за нявыплату заробкаў будаўнікам, што ў 2015 годзе нават стала прычынай масавай забастоўкі рабочых. Агулам ім былі вінаватыя больш за 150 мільёнаў рублёў, канфлікт вырашыўся толькі пасьля асабістага ўмяшаньня Пуціна.

У 2018 годзе Генэральная пракуратура Расеі афіцыйна паведаміла, што на будаўніцтве «Восточного» ўкрадзена каля 10 мільярдаў рублёў.

«Сто разоў сказана было — працуйце празрыста, грошы вялікія выдзяляюцца, праект практычна носіць агульнанацыянальны характар! — абураўся Пуцін у 2019 годзе. — Не, крадуць — сотнямі мільёнаў, сотнямі мільёнаў! Ужо некалькі дзясяткаў крымінальных спраў заведзена, адбыліся ўжо рашэньні судоў, у турме людзі сядзяць. Не, парадку так там да гэтага часу не ўдалося навесьці як сьлед».

Беларуская касьмічная праграма — 2 спадарожнікі за 15 гадоў

Беларуская касьмічная праграма афіцыйна стартавала амаль адначасова з будаўніцтвам расейскага касмадрому «Восточный», адпаведны ўказ Лукашэнка падпісаў у 2007 годзе. Аднак спроба запусьціць першы беларускі касьмічны апарат была на год раней — у 2006-м. Тады яна аказалася няўдалай, расейская ракета не змагла выйсьці на арбіту і «БелКА-1» згарэла ў атмасфэры, што вымусіла дзяржаўных прапагандыстаў зьнішчаць наклад газэты «Советская Белоруссия» з надрукаваным артыкулам аб пасьпяховым старце.

«БелКА-2» запусьцілі толькі ў 2012-м з Байкануру. Спадарожнік павінен быў ажыцьцяўляць фатаздымкі зямной паверхні і дапамагаць у сельскай гаспадарцы. У Акадэміі навук разьлічвалі і на камэрцыйнае яго выкарыстаньне, аднак пра гэта ў адкрытых крыніцах зьвестак няма.

У 2016 годзе з кітайскага касмадрому «Січан» запусьцілі камунікацыйны спадарожнік «Белінтэрсат-1», які дапамагае забясьпечваць перадачу тэлекамунікацыйных дадзеных. Спадарожнік лічыцца беларускім, аднак ён цалкам распрацаваны і выраблены ў Кітаі.

Запуск яшчэ аднаго апарата «БелКА» быў заплянаваны на 2021 год, Лукашэнка падпісаў распараджэньне аб гэтым падчас пратэстаў канца жніўня 2020-га. Аднак на гэты момант пра стан таго праекту нічога невядома.

21 студзеня 2020 году Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком «Роскосмоса» Дзьмітрыем Рагозіным і расказаў яму, што лічыць асваеньне касьмічнай прасторы адным з прыярытэтных для Беларусі.

«Шмат было задумак, шмат што рэалізавана, — сказаў тады Лукашэнка. — Мы ведаем, і вы лепш за мяне ведаеце, што лятае на арбіце, што належыць Беларусі там. Мы робім ня тое што першыя крокі ў космасе, а якія магчыма рабіць. Мы ў Беларусі стараемся высокія тэхналёгіі разьвіваць па ўсіх кірунках». Лукашэнка таксама назваў космас «лякмусавай паперкай, якая дапамагае ацаніць магчымасьці і здольнасьці дзяржавы і народу». Рагозін у адказ падарыў Лукашэнку пальчатку расейскага касманаўта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG