Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка з Пуціным на касмадроме «Восточный» гавораць аб «апэрацыі па абароне Данбасу» і палёце беларуса ў космас


Аляксандар Лукашэнка ў Благавешчанску, 12 сакавіка 2022
Аляксандар Лукашэнка ў Благавешчанску, 12 сакавіка 2022

12 красавіка Лукашэнка і Пуцін абмяркуюць двухбаковыя адносіны і вайну ва Ўкраіне.

Аляксандар Лукашэнка прыляцеў на Далёкі Ўсход Расеі ў горад Благавешчанск для перамоваў з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным. Разам яны наведаюць пляцоўку, на якой будуецца касмадром «Восточный» у Амурскай вобласьці (у праекце ўдзельнічаюць беларускія спэцыялісты).

З Благавешчанску Лукашэнка і Пуцін на адным гелікоптары паляцелі на касмадром «Восточный», паведаміў блізкі да Лукашэнкі тэлеграм-канал «Пул первого».

Там яны праводзяць перамовы пра двухбаковыя адносіны, сытуацыю ва Ўкраіне і сумеснае супрацьстаяньне заходнім санкцыям.

Пуцін на сустрэчы з Лукашэнкам сказаў, што мэты «апэрацыі па абароне Данбасу» будуць дасягнутыя. Раней гэта называлася «апэрацыяй па дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі Ўкраіны».

Пуцін даў даручэньне «Роскосмосу» арганізаваць палёт у космас на расейскім караблі прадстаўнікоў Беларусі. Пра такі праект ён заявіў на касмадроме «Восточный» падчас цырымоніі ўручэньня дзяржаўных узнагарод работнікам касьмічнай галіны, піша ТАСС.

«Мы гаварылі аб гэтым з Аляксандрам Рыгоравічам ужо даўно. Упэўнены, што гэта стане новай важнай вяхой нашага супрацоўніцтва ў асваеньні і вывучэньні космасу», — сказаў Пуцін.

Лукашэнка ў сваю чаргу падчас размовы з касманаўтамі заявіў, што Беларусь гатовая ў сьціслыя тэрміны накіраваць сваіх будаўнікоў і спэцыялістаў для разьвіцьця касмадрому «Восточный». «За намі не заржавее», – цытуе словы Лукашэнкі БелТА.

Гэта другая асабістая сустрэча Пуціна і Лукашэнкі ад моманту пачатку расейскага паўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну.

13 красавіка Лукашэнка адправіцца ў Прыморскі край, дзе сустрэнецца ва Ўладзівастоку з губэрнатарам Прыморскага краю Алегам Кажамякам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG