Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр былы лідэр БССР Сакалоў, які «карміў» Ленінград і Паўночны флёт


Яфрэм Сакалоў
Яфрэм Сакалоў

Гэты тэкст цікаўныя да найноўшай гісторыі чытачы змогуць пабачыць праз паўгода ў кнізе «Дзевяносты», якая, буду спадзявацца, выйдзе ў Бібліятэцы Свабоды.

Але, зь невялікімі скарачэньнямі, друкую яго сёньня — у дзень, калі абвешчана пра сьмерць Яфрэма Сакалова, былога першага сакратара ЦК КПБ.

Я не прэтэндую на колькі-небудзь поўную біяграфію Сакалова і нават на паўнавартасны ягоны палітычны партрэт; тым больш што слаба ведаю яго як чалавека. Падаю ягоную асобу толькі ў той ступені, у якой яна, з аднаго боку, увасабляла той час, а з другой — сама паўплывала на падзеі.

... Расклад сілаў у камуністычным кіраўніцтве БССР у канцы 80-х -самым пачатку 90-х да гэтага часу належным чынам не прааналізаваны, тады як менавіта ў той час былі, у значнай ступені, сфармаваныя тыя групы, якім давялося вызначыць лёс Беларусі на дзесяцігодзьдзі.

І на самай вяршыні гэтага кіраўніцтва быў Яфрэм Яўсеевіч Сакалоў — першы сакратар ЦК КПБ.

Сакалоў узначаліў рэспубліку ў самым пачатку 1987-га, калі пасада першага сакратара ЦК азначала роўна столькі, колькі пры Мазураве ці Машэраве, і ягонае слова ўспрымалася як загад; толькі адзінкі маглі асьмеліцца ўсумніцца ў слушнасьці якой-небудзь малаістотнай ягонай заўвагі — пра такіх герояў у асяродку кіраўнікоў складалі легенды.

А пакінуў пасаду (дарэчы, на ўласнае жаданьне) у канцы 1990-га, які пачаўся для яго стотысячным мітынгам на плошчы Леніна і воклічам «Шапку здымі!» (менавіта, гэтак,на «ты» — народ не ацаніў, што гаспадар рэспублікі ўпершыню ў гісторыі выйшаў да «нефармалаў»), і завяршаўся антыкамуністычным мітынгам зь вянкамі з калючага дроту, ускладзенага да помніку правадыра.

Антыкамуністычны мітынг апазыцыі, Менск, пл. Леніна, 7 лістапада 1990 года.
Антыкамуністычны мітынг апазыцыі, Менск, пл. Леніна, 7 лістапада 1990 года.

На першы погляд, партыйная кар’ера Сакалова не ўяўляе асаблівай цікавасьці да таго моманту пакуль ён не ўзначаліў БССР: быў першым сакратаром райкаму, кіраваў сельгасаддзелам ЦК КПБ, з 1977 — першы сакратар Берасьцейскага абкаму.

Больш пільнае вывучэньне біяграфіі дазволіць заўважыць, што сельгасаддзел ЦК лічыўся самым «цяжкім» (як і ўвогуле ўвесь аграсэктар ў вытворчай галіне), што месца загадчыка ён саступіў сакратару Віцебскага абкаму Дземянцею (якога Машэраў наўрад ці прызначыў бы без рэкамэндацыі папярэдніка), і што ў 1990-м, ужо будучы паўнапраўным кіраўніком рэспублікі, Сакалоў менавіта Дземянцея вылучыць на пасаду старшыні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР.

Але гэта — нюансы, цікавыя хіба для гісторыкаў.

Вось што важна: сельская гаспадарка Беларусі «карміла» Ленінград і Ленінградскую вобласьць, у значнай ступені — Маскву, частку т.зв. сярэдняй паласы Расеі, і цалкам — Паўночны флёт.

Памятаю, як устудэнцтве, на пачатку 80-х, жадаючы зрабіць сюрпрыз дзяўчыне, пры якой, як сказаў бы паэт, сэрца трапятка білася, я стаяў у натоўпе ў менскім Цэнтральным унівэрсаме каля доўгага прылаўка, дзе, калі верыць надпісу, павінна было быць мяса і чакаў, калі гэтае мяса «выкінуць»; выкінулі нейкія косткі. Кулінарнага сюрпрызу не атрымалася — ужо не прыгадаю, чым давялося зьдзіўляць прадмет пачуцьцяў.

І гэта быў Менск, самы яго цэнтар! А ў гэтыя часы кіраўнікі раёнаў, вобласьцяў і рэспублікі атрымлівалі ордэны за выкананьне і перавыкананьне плянаў «здачы сельгаспрадукцыі дзяржаве».

«Дзяржаве» — канешне, не Беларусі, а ў «саюзны фонд». Кіраўнікі рэгіёнаў ацэньваліся выключна і толькі паводле таго, колькі прадукцыі здадуць яны ў гэты самы «саюзны фонд».

Самую вялікую ўзнагароду — званьне Героя сацыялістычнай працы з ордэнам Леніна — атрымаў першы сакратар Берасьцейскага абкаму Сакалоў.

Яфрэм Сакалоў
Яфрэм Сакалоў

Менавіта Сакалову належала спачатку ініцыятыва (а затым і рэалізацыя) стварэньня на Берасьцейшчыне гіганцкіх сьвінагадоўчых комплексаў на 50 і 100 тысяч галоваў. «Гэта дазволіла ў кароткія тэрміны ў разы павялічыць выраб сьпіннога мяса» — рапартавалі беларускія кіраўнікі ў Маскве, ну а Масква ўжо прымушала іншых вобласьці «узяць на ўзбраеньне перадавы вопыт берасьцейцаў».

Тое, што праблема ўтылізацыі фізыялягічных адкідаў такой колькасьці сьвіньняў не была вырашаная, кіраўніцтва вобласьці, рэспублікі і саюзу не клапаціла: экалёгія не была сярод прыярытэтаў.

Менавіта за сьвінакомплексы Сакалоў і атрымаў ад Гарбачова зорку героя сацыялістычнай працы, а затым — і пасаду першага сакратара ЦК (што было істотным кар’ерным рыўком, ён пераскочыў праз адну, а то і праз дзьве прыступкі партыйнай гіерархіі).

Гэтым прызначэньнем Гарбачоў пацьвердзіў сваё крэда раньняга пэрыяду перабудовы: мадэрнізаваць эканамічную сыстэму, і — рухацца далей да камунізму.

Марксісцка-ленінская ідэалогія, як і дзейная нацыянальная палітыка, пад сумнеў ня ставілася: калі народ накарміць, яму ня прыйдзе ў галаву аспрэчваць пастулаты.

З прыходам Сакалова гаспадаром ЦК намэнклятура з палёгкай уздыхнула: Яфрэм Яўсеевіч меў рэнамэ чалавека мяккага і неканфліктнага, і гэта абяцала адыход ад практыкі касталома Сьлюнькова, пры якім рэдка якая нарада абыходзілася без інфаркта некага з удзельнікаў.

Але вось жа неспадзяванка: у момант, калі Яфрэм Яўсеевіч толькі пасьпеў уладкавацца ў кабінэце на пятым паверсе дому па Карла Маркса, — прыехала камісія з Масквы, з ЦК КПСС, ды яшчэ якая — пасланая самім генэральным сакратаром!

Камісіі, самыя высокія, Яфрэму Яўсеевічу былі не ў навіну, ды і статус ягоны як члена ЦК КПСС быў вышэйшы за членаў камісіі. Нязвыклай была прычынай візыту: беларуская мова.

У канцы 1986-га група беларускай інтэлігенцыі напісала ліст да Гарбачова пра катастрафічнае становішча беларускай мовы. Цяжка сказаць, чаму генсек зьвярнуў на гэты ліст увагу (мяркую, што паўплывала наяўнасьць подпісу Васіля Быкава), але камісію ў Менск даслаў.

Ліст пісаўся яшчэ пры Сьлюнькове, але той быў ужо ў Маскве, а разьбірацца давялося Сакалову.

Падазраю, што калі б камісія прыехала правяраць скаргу, што ў рэспубліцы разьвядзеньню сабак пароды мопс надаюць менш увагі, чым, скажам, таксам ці дабэрманам — Сакалоў быў бы менш зьдзіўлены ці ня зьдзіўлены зусім: займаўся ж сьвінагадоўляй, жывёлагадоўляй, птушкагадоўляй, ну і калі ў Маскве вырашылі даручыць разводзіць сабак — чаму не?

Але — мова? Што зь яе карысьці? Чаму ёй трэба надзяляць такую увагу, амаль як жывёлагадоўлі? Гэта было нешта зусім новае і незвычайнае.

Амаль пэўны, што такія пытаньні адно за другім узьнікалі ў сьвядомасьці «моцнага гаспадарніка» Сакалова.

Аднак сам Сакалоў нічога новага прыдумаць ня мог, як толькі дзейнічаць па звыклай схеме. Галоўнага «падпісанта» — Быкава — ён узяў на сябе, запрасіўшы на гутарку і патлумачыўшы яму ўсю памылковасьць ацэнак стану беларускай мовы недасьпелымі прадстаўнікамі інтэлігенцыі, якія ўцягнулі ў сваю кампанію і яго, народнага пісьменьніка, героя сацыялістычнай працы.

З падпісантамі ніжэйшых рангаў разьбіраліся мясцовыя партыйныя ворганы, часта — без асаблівых цырымоніяў.

У Маскву пайшла дэпэша: зь беларускай мовай парадак наведзены.

І — ізноў спакой, зноў стабільнасьць.

Але ліст пра беларускую мову быў толькі пачаткам: у чэрвені 1988-м Пазьняк напісаў пра Курапаты, і — закруцілася. Сход у Чырвоным касьцёле і ўтварэньне «Мартыралёгу» ды Аргкамітэту БНФ, шматтысячны мітынг на стадыёне «Дынама», выбары народных дэпутатаў СССР, Чарнобыльскі шлях...

Усё гэта ўспрымалася як пасягальніцтва на сьвятое — на марксісцка-ленінскае вучэньне, на манаполію камуністычнай партыі на ўладу, ды і было такім. І кампартыя Беларусі ўвязалася ў «последний и решительный бой», і палкаводцам, ідэйна непахісным і рашучым, быў, які належала, першы сакратар.

Бітва супраць усяго новага, прагрэсіўнага, дэмакратычнага была нагэтулькі бескампраміснай, што БССР, зь лёгкай рукі Алеся Адамовіча, пачалі называць «вандэяй перабудовы».

А ў гэты час калега Сакалова, першы сакратар ЦК літоўскай кампартыі Альгірдас Бразаўскас даў магчымасьць правесьці ў Вільні ўстаноўчы сход БНФ, хай і ня беспраблемна, але супрацоўнічаў з «Саюдзісам», і ўрэшце зрабіўся адным з тых, хто паспрыяў прыходу Літвы да незалежнасьці.

Слова «Незалежнасьць» беларускія партыйныя работнікі вымавіць у станоўчым кантэксьце баяліся і тады, калі 27 ліпеня галасавалі за Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР.

... Зь Яфрэмам Сакаловым я гутарыў толькі аднойчы, і па ягонай ініцыятыве. Летам 1990-га я выступіў на сэсіі Вярхоўнага Савету і рэзка выказаўся пра антыдэмакратычную і антынезалежніцкую палітыку кампартыі Беларусі і асабіста «групы Сакалова». Тое быў адзін з маіх першых выступаў не ад мікрафону, а з трыбуны, прамаўляў я без паперкі і, меў на ўвазе вышэйшае кіраўніцтва, якое Сакалоў узначальваў — канешне, слова «групоўка» было недакладным.

Яфрэм Яўсеевіч падышоў да мяне ў адным зь перапынкаў. Было гэта на наступны дзень ці нават праз дзень пасьля майго выступу — значыць, ён гутарыў не спантанна, а падумаўшы.

Добра запомніў ягоны кароткі маналёг і, думаю, прыводжу яго тут без істотных скажэньняў, амаль даслоўна:

— Я хачу Вам сказаць, Навумчык, што не існуе ніякай «групоўкі Сакалова». У камуністычнай партыі Беларусі няма ніякіх груповак і фракцый, няма ніякай групаўшчыны і фракцыйнай барацьбы. Камуністычная партыя адзіная, і будзе заўсёды адзіная. Запомніце гэта.

Сакалова ўстрывожыла, што на ўсю Беларусь (ішла прамая радыётрансьляцыя) пагучала пра магчымасьць існаваньня нейкіх, адрозных адна ад другой, плыняў у партыі.

Бо там, дзе існуюць розныя падыходы, ня можа, па-Сакалову, быць еднасьці і стабільнасьці.

Не да дэпутата-фронтаўца варта было б падыходзіць першаму сакратару — а да іншага дэпутата, які вернасьць камуністычнай партыі пад сумнеў ніколі ня ставіў. Праз некалькі месяцаў дэпутат Лукашэнка створыць фракцыю «Камуністы за дэмакратыю», а яшчэ праз некалькі гадоў, ужо ў якасьці прэзыдэнта, пачне ўсталёўваць страчаную стабільнасьць, якой гэтак ганарыўся Яфрэм Яўсеевіч.

Хаця — якая ўжо стабільнасьць, калі ў дні разьвітаньня з Сакаловым з аэрадромаў ягонай любай Берасьцейшчыны будуць уздымацца расейскія бамбавікі, каб ператварыць у друз украінскія гарады.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG