Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Майстроўня», «Талака», «Тутэйшыя», часопіс «Бурачок» і марш у Курапаты. Нацыянальны рух у Беларусі напярэдадні распаду СССР


Гуканьне вясны 1983 году. Майстроўня сьпявае каля помніка Янку Купалу ў Менску
Гуканьне вясны 1983 году. Майстроўня сьпявае каля помніка Янку Купалу ў Менску

Да 30-годзьдзя распаду СССР «Настоящее время» падрыхтавала праект пра нацыянальныя рухі ў былых савецкіх рэспубліках, зьяўленьне якіх стала магчымым з пачаткам перабудовы, а таксама пра іх уплыў на разьвіцьцё сытуацыі ў рэгіёнах.

Сярод іншых краін «Настоящее время» падало, што важна ведаць пра нацыянальны рух у Беларусі.

«Мы пракручвалі такі, здавалася б, неверагодны сцэнар і ламалі галовы: як гэта так зрабіць, каб Беларусь пацярпела менш за ўсё і каб нам адпасьці ад Савецкага Саюзу, ад Расеі, якая ланцугамі прывязала да сябе „саюзныя“ рэспублікі, як мага далей».

Гэтыя радкі — зь ліста праваабаронцы Алеся Бяляцкага да ягонай калегі Алены Лапцёнак, адпраўленага з папраўчай калёніі ў Бабруйску. Бяляцкі правёў у зьняволеньні некалькі гадоў у першай палове 2010-х. Цяпер яму 59 і ён зноў за кратамі — летам 2021 году беларускія ўлады «зьліквідавалі» мноства некамэрцыйных арганізацый, а іхных кіраўнікоў затрымалі. Не абышлі гэтыя рэпрэсіі і створаную Бяляцкім «Вясну» — праваабарончы цэнтар.

Падзеі, пра якія пісаў Бяляцкі Алене Лапцёнак і ў якіх ён, быўшы асьпірантам Інстытуту літаратуры Акадэміі навук БССР, браў самы актыўны ўдзел, — гэта пачатак незалежнасьці Беларусі і адраджэньне яе нацыянальных традыцый у 1980-я. Расказваем, як з «моды на ўсё нацыянальнае» ў краіне пачыналіся палітычныя перамены, і якую ролю адыграў у гэтых падзеях Алесь Бяляцкі.

Алесь Бяляцкі (другі справа) зь сябрамі ў складзе самадзейнага ансамблю
Алесь Бяляцкі (другі справа) зь сябрамі ў складзе самадзейнага ансамблю

Ад фальклёру — да пераменаў

У 1980-я Савецкі Саюз пагружаўся ў глыбокі крызіс, але яшчэ да абвешчанай перабудовы ў многіх рэспубліках стала свабадней з грамадзкімі ініцыятывамі. У Беларускай ССР, у асноўным у моладзевым асяродзьдзі, пачалі зьяўляцца арганізацыі і рухі, мэтай якіх было адраджэньне нацыянальнай культуры. Сваімі акцыямі і асьветніцкай дзейнасьцю яны разварушвалі грамадзтва і натхнялі яго на перамены.

Зьяўляліся нацыянальныя рухі, так званыя моладзевыя таварыствы. Беларуская мова ў побыце і творчасьці, тэатар, літаратура, выяўленчае мастацтва, фальклёр і рок-музыка, а таксама захапленьне палітыкай, незалежнасьць думак — гэтыя прагрэсіўныя гурткі маладых і захопленых стваралі моду на нацыянальнае.

Блянк для подпісаў за беларускую школу, якія зьбірала Беларуская Майстроўня ў 1983 г.
Блянк для подпісаў за беларускую школу, якія зьбірала Беларуская Майстроўня ў 1983 г.

«Майстроўня»

Адным зь першых аб’яднаньняў, якія актыўна заняліся адраджэньнем нацыянальнай культуры, стала «Майстроўня». Студэнты і ўсе, хто пажадаў да іх далучыцца, пачалі з адраджэньня традыцый: вывучалі і праводзілі на гарадзкіх вуліцах і ў знакавых для беларускай культуры месцах народныя абрады — Каляды, Гуканьне вясны, Купальле; ладзілі лекцыі і канцэрты.

У 1983 годзе адзін з удзельнікаў «Майстроўні» Віктар Івашкевіч прапанаваў сабраць подпісы за навучаньне на беларускай мове — тады ў Менску не было ніводнай такой школы, вучылі толькі на расейскай. Аказалася, што 80% тых, каго ўдалося апытаць, выступілі «за». Гэта стала адкрыцьцём для актывістаў: ніхто ня мог уявіць, што прыхільнікаў нацыянальнай беларускай культуры так шмат. Неўзабаве, у 1984 годзе, пры ўдзеле «Майстроўні» адкрылася Таварыства беларускай школы — у далейшым яно вяло агітацыю за адкрыцьцё школ і дзіцячых садоў на беларускай мове. І хоць збор подпісаў вельмі хутка забаранілі спэцслужбы, гарадзкія ўлады ўсё ж адкрылі набор у беларускія клясы ў адной са школ Менску.

Майстроўня, 1981 год. Стаяць: Ігар Запрудзкі, Ларыса Сімаковіч, Вінцук і Арына Вячоркі, Гэнік Лойка, Сяргей Запрудзкі, Галя Кунцэвіч, аўтар, Сяргей Кныш. Сядзяць: Яўген Валасевіч, Наталля Лазоўская, Алена Амельчыц (Анісім), Янка Медзьвядзёў, Ірына Крук (Марачкіна).
Майстроўня, 1981 год. Стаяць: Ігар Запрудзкі, Ларыса Сімаковіч, Вінцук і Арына Вячоркі, Гэнік Лойка, Сяргей Запрудзкі, Галя Кунцэвіч, аўтар, Сяргей Кныш. Сядзяць: Яўген Валасевіч, Наталля Лазоўская, Алена Амельчыц (Анісім), Янка Медзьвядзёў, Ірына Крук (Марачкіна).

«Талака»

У 1985 годзе зьявілася «Талака» — арганізацыя, створаная як клюб аховы помнікаў і архітэктуры. Яе сябры ня толькі ўдзельнічалі ў рэстаўрацыйных работах і археалягічных раскопках, але і актыўна займаліся асьветніцтвам. Удзельнікі «Талакі» ўвялі традыцыю ладзіць беларускія абрадавыя сьвяты, прыводзілі ў парадак месцы, зьвязаныя з памяцьцю Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863 году, а напрыканцы васьмідзясятых — калі гэта стала магчыма — удзельнічалі ў падрыхтоўцы і правядзеньні масавых мерапрыемстваў.

Менавіта «Талака» ўспомніла і вярнула ў якасьці патрыятычнага лёзунгу заклік «Жыве Беларусь!» і правяла першую публічную лекцыю пра бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня». У другой палове 1980-х «Талака» была самай вялікай і ўплывовай неафіцыйнай арганізацыяй у Беларусі.

Моладзевае аб'яднаньне "Талака". Дзяды, дзень ушанаваньня памяці продкаў. Ушанаваньне памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах. 1989 год
Моладзевае аб'яднаньне "Талака". Дзяды, дзень ушанаваньня памяці продкаў. Ушанаваньне памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах. 1989 год

Адзін з заснавальнікаў «Талакі» Вінцук Вячорка так расказваў пра гэтыя гады:

«Ня ўсё нам тады ўдалося, але ўдалося больш, чым не ўдалося. Пытаюцца, як удалося пры камунізьме ў самой „дубовай“, „зацэмэнтаванай“ так званай рэспубліцы Савецкага Саюзу вось так дзейнічаць і паступова вярнуць беларускую ідэю, зрабіць яе моднай і прэстыжнай, заразіць ёю спачатку тысячы, потым дзясяткі і сотні тысяч людзей? Па-першае, канкурэнцыі ў той ідэі не было. А па-другое, тактычна прамахнуліся тагачасныя ўлады: нас звалі „нефармаламі“. ...Вывучалі разам аматараў матацыклаў, нацыяналістаў, аматараў поп-музыкі, якія называліся тады „валністы“, турыстаў, аматараў бардаўскай песьні... Вывучалі зьнешнія прыкметы, адносіны з бацькамі і пазашлюбныя адносіны, але не разумелі, што ёсьць зачатак новай Беларусі, у якой месца іх камсамолам-камунізмам няма і ня будзе».

Моладзевае аб'яднаньне "Талака". Дзяды, дзень ушанаваньня памяці продкаў. Сьвяткаваньне Купальля. Строчыцы, 1987 год
Моладзевае аб'яднаньне "Талака". Дзяды, дзень ушанаваньня памяці продкаў. Сьвяткаваньне Купальля. Строчыцы, 1987 год

«Тутэйшыя»

Важнай часткай гэтай новай моладзевай культуры, у цэнтры якой апынулася мова і нацыянальныя каштоўнасьці, была літаратура ўвогуле і самвыдат у прыватнасьці. У 1986 годзе зьявілася таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», яго ўзначаліў Алесь Бяляцкі — будучы праваабаронца, а тады асьпірант Інстытуту літаратуры Акадэміі навук БССР. Пазьней многія ўдзельнікі «Тутэйшых», у тым ліку і Бяляцкі, заснавалі «Мартыралёг» — першую праваабарончую арганізацыю, а таксама ўвайшлі ў склад БНФ «Адраджэньне» — ужо грамадзка-палітычнага руху.

Урачыстая вечарына з нагоды 30-годзьдзя літаратурнага абʼяднаньня «Тутэйшыя».
Урачыстая вечарына з нагоды 30-годзьдзя літаратурнага абʼяднаньня «Тутэйшыя».

Часопіс «Бурачок»

Для тых, каму была цікавая нацыянальная тэма, у самвыдаце выходзіў часопіс «Бурачок» (пад псэўданімам Мацей Бурачок у канцы ХІХ стагодзьдзя пісаў вядомы беларускі паэт Францішак Багушэвіч). «Размовы шэптам аб беларускай незалежнасьці, дэмакратыі і свабодзе павінны былі стаць прадметам адкрытага абмеркаваньня», — пісаў Алесь Бяляцкі, успамінаючы падпольнае выданьне. Часопіс друкавалі на партатыўнай друкарскай машынцы на папяроснай паперы. Каб не захоўваць машынку дома і ня ставіць нікога пад небясьпеку (КДБ мог па асаблівасьцях адбіткаў літар і лічбаў выйсьці на машынку, а празь яе — на стваральнікаў часопіса), пасьля працы над чарговым нумарам яе закопвалі ў зямлю ў лесе пад Менскам.

«Купіўшы пачак папяроснай паперы і пачак капіркі, я друкаваў цэлую ноч, устаўляючы закладку за закладкай, пакуль не надрукаваў патрэбную колькасьць асобнікаў. Раніцай вынес рэшткі нявыкарыстанай паперы і капіркі ў сьмецьцевы бак. Затым старанна працёр машынку, каб сьцерці адбіткі пальцаў, і занёс Віктару Івашкевічу разам з надрукаванымі і змацаванымі асобнікамі „Бурачка“. У якасьці вокладкі ішла звычайная пісчая папера. Пры маёй актыўнасьці ў „Тутэйшых“ такая начная праца была даволі небясьпечнай. Але і даверыць яе камусьці таксама было небясьпечна», — расказваў Алесь Бяляцкі ў лістах.

Першыя «Дзяды»

У 1987 годзе «Тутэйшыя» правялі першы мітынг, прымеркаваны да Дня памяці продкаў «Дзяды», які традыцыйна адзначалі беларусы да рэвалюцыі і стварэньня СССР. На гэтую акцыю ля помніка Янку Купалу ў Менску прыйшлі 300 чалавек. Заяўку на правядзеньне акцыі падалі, але рэакцыі на яе ніякай не было — і ўдзельнікі проста выйшлі. Бяляцкі лічыць, што ўлады разгубіліся, таму мітынг прайшоў спакойна.

Дзяды, 29 кастрычніка 1989 году. Крыж Пакуты рыхтуюць да ўсталяваньня. Валеры Шчукін, Андрэй Рамашэўскі.
Дзяды, 29 кастрычніка 1989 году. Крыж Пакуты рыхтуюць да ўсталяваньня. Валеры Шчукін, Андрэй Рамашэўскі.

Курапаты

Праз год, у 1988-м, за некалькі месяцаў да Дзядоў, у газэце «Літаратура і мастацтва» выйшаў артыкул дысыдэнта і археоляга Зянона Пазьняка і інжынэра Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці». Так увесь сьвет даведаўся пра ўрочышча пад Менскам — найбуйнейшае ў Беларусі месца масавых расстрэлаў і пахаваньняў рэпрэсаваных у гады Вялікага тэрору. Па розных ацэнках, у Курапатах супрацоўнікі НКВД расстралялі ад 30 тысяч (зьвесткі Генпракуратуры БССР) да 250 тысяч чалавек (зьвесткі польскага прафэсара Зьдзіслава Віньніцкага). Рэзанансны артыкул абмяркоўвалі ня толькі ў літаратурных і дысыдэнцкіх колах, а літаральна ўсюды: на кухнях і ў школах, у інстытутах і на працы. Актывісты заплянавалі «Дзяды» каля Ўсходніх могілак у Менску. Але гэтым разам заяўку на правядзеньне мерапрыемства заўважылі і не ўхвалілі — «у сувязі з правядзеньнем мерапрыемства да 60-годзьдзя камсамолу».

Дзяды ў 1988 годзе
Дзяды ў 1988 годзе

Але Бяляцкі і ягоныя паплечнікі ўсё роўна вырашылі правесьці акцыю. На яе прыйшлі, паводле розных ацэнак, 15–20 тысяч чалавек. Калёнай удзельнікі накіраваліся на ўскраіну гораду — у Курапаты. Алеся Бяляцкага як арганізатара затрымалі адразу ж. Мітынг у Курапатах жорстка разагналі з ужываньнем спэцсродкаў: міліцыя біла людзей дубінкамі і выкарыстоўвала сьлезацечны газ.

«Рэзананс ад гэтай акцыі для ўладаў быў вельмі нечаканы. Грамадзтва абурылася, народ пачаў думаць над тым, што адбываецца навокал і што трэба рабіць. Улічваючы, што за месяц да гэтага быў створаны арганізацыйны камітэт Беларускага народнага фронту, гэта дало новаму руху тысячы прыхільнікаў. Дэмакратычныя перамены ў Беларусі пачалі адбывацца імкліва. Ніхто ня мог такога прадбачыць. Юнацкая мара пра незалежнасьць краіны стала рэальнасьцю», — успамінаў Алесь Бяляцкі.

Дзяды ў 1988 годзе. Выступае Зянон Пазьняк
Дзяды ў 1988 годзе. Выступае Зянон Пазьняк

Тады ён атрымаў першы ў сваім жыцьці штраф — 200 савецкіх рублёў (сума, супастаўная зь сярэднямесячнай зарплатай у СССР у гэты час). Грошы яму сабралі калегі па Інстытуце літаратуры Акадэміі Навук. «Напэўна, тады ўва мне пачаў нараджацца праваабаронца», — адзначаў Бяляцкі.

Музэй Багдановіча

За грамадзянскую актыўнасьць Алеся Бяляцкага двойчы выганялі з асьпірантуры (але ён усё ж скончыў яе ў 1989 годзе і на базе дысэртацыі выпусьціў кнігу «Літаратура і нацыя»), не ўзялі на працу ў Акадэмію навук, а таксама ні ў Магілёўскі, ні ў Віцебскі пэдынстытуты.

Яму ўдалося стаць малодшым навуковым супрацоўнікам у Музэі гісторыі беларускай літаратуры, а неўзабаве Бяляцкага выбралі на пасаду кіраўніка Літаратурнага музэю імя Максіма Багдановіча. Гэта быў першы выпадак, калі на пасаду дырэктара музэю не прызначалі зьверху, а выбіралі, расказала Алена Лапцёнак, калега Бяляцкага. Выбар паў на яго як на маладога супрацоўніка, які падае надзеі. І музэй дзякуючы актыўнай дзейнасьці Бяляцкага хутка ператварыўся ў адзін са сталічных культурных цэнтраў. «У нас у музэі знаходзіліся рэдакцыі газэт „Свабода“, „Наша ніва“, мы дапамагалі фальцаваць газэты, якія друкаваліся, Алесь даваў юрыдычны адрас многім недзяржаўным арганізацыям, якія ў той час масава рэгістраваліся», — узгадвае Алена Лапцёнак.

Музэй Багдановіча сустракае Данчыка, амэрыканскага сьпевака беларускага паходжаньня
Музэй Багдановіча сустракае Данчыка, амэрыканскага сьпевака беларускага паходжаньня

«Мартыралёг»

Шэсьце ў Курапаты зьмяніла стаўленьне да дэмакратычнага і нацыянальнага руху ў Беларусі, зрабіла яго масавым. З 1989 году беларусы сталі штогод адзначаць Дзень памяці продкаў «Дзяды». Пасьля затрыманьняў падчас шэсьця яго ўдзельнікі стварылі «Камітэт-58», названы так па нумары артыкула КК РСФСР (контрарэвалюцыйныя злачынствы), Па гэтым артыкуле и яго аналягах у саюзных рэспубліках былі несправядліва асуджаныя больш за 3,5 млн чалавек. На базе «Камітэту-58» зьявілася Таварыства памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій «Мартыралёг» — дасьледчая і асьветніцкая супольнасьць, удзельнікі якой, як «Мэмарыял» у Расеі, зьбіралі сьведчаньні злачынстваў сталінскіх часоў і камунізму. У яго стварэньні ўдзельнічаў і Алесь Бяляцкі.

Пахаваньнем Міхаіла Дубянецкага, Менск 5.09.1990 году. Шыльду «Мартыралог Беларусі» нясе Анатоль Сыс
Пахаваньнем Міхаіла Дубянецкага, Менск 5.09.1990 году. Шыльду «Мартыралог Беларусі» нясе Анатоль Сыс

БНФ

Аўтар прагрымелага артыкула пра Курапаты Зянон Пазьняк быў лідэрам аргкамітэту Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» (БНФ «Адраджэньне») — грамадзка-палітычнага руху, які абвяшчаў мэтай сваёй працы дэмакратычныя рэформы і адраджэньне беларускай нацыі. У лютым 1989 году БНФ арганізаваў першую апазыцыйную акцыю, якая была дазволена ўладамі: на мінскім стадыёне «Дынама» пад бел-чырвона-белымі сьцягамі каля 40 тысяч чалавек запатрабавалі скасаваць замацаваную ў Канстытуцыі кіраўнічую ролю Камуністычнай партыі.

Выступ Зянона Пазьняка на мітынгу на стадыёне Дынама. Менск, 1989 год
Выступ Зянона Пазьняка на мітынгу на стадыёне Дынама. Менск, 1989 год

Чарнобыльскі шлях

30 красавіка 1989 году ў Менску прайшоў першы Чарнобыльскі шлях — шэсьце ад парку Чалюскінцаў да плошчы Леніна (цяпер плошча Незалежнасьці) у памяць аб тых, хто загінуў і пацярпеў ад Чарнобыльскай катастрофы. Арганізатарам шляху выступіў Беларускі народны фронт. Улады не дазволілі правядзеньне шэсьця і на гэтую ж дату прызначылі рэспубліканскі суботнік. Але на акцыю сабралася каля 30 тысяч чалавек. Траціна ўдзельнікаў прыехала з забруджаных тэрыторый: людзі трымалі ў руках таблічкі з назвамі вёсак і пасёлкаў. Першапачаткова Чарнобыльскі шлях задумваўся як акцыя памяці, але з часам ён усё больш набываў пратэставы характар. З 1996-га яго сталі праводзіць кожны год.

Чарнобыльскі шлях у Менску, 1989 год
Чарнобыльскі шлях у Менску, 1989 год

Яшчэ адзін масавы мітынг БНФ правёў у лютым 1990-га, напярэдадні выбараў у Вярхоўны Савет. На плошчы Леніна ў цэнтры Менску каля 100 тысяч чалавек на чале з Пазьняком пратэставалі супраць недэмакратычнага правядзеньня выбараў. Мітынг скончыўся каля будынку Дзяржтэлерадыё, куды прыйшлі ўдзельнікі акцыі з патрабаваньнем даць эфір лідэрам БНФ — і эфір далі.

Сотні беларусаў з раёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, у 1990 годзе выправіліся ў Маскву да кіраўніцтва Савецкага Саюзу дамагацца праўды пра трагедыю. Мітынг з патрабаваньнем праўды пра Чарнобыль у Менску
Сотні беларусаў з раёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, у 1990 годзе выправіліся ў Маскву да кіраўніцтва Савецкага Саюзу дамагацца праўды пра трагедыю. Мітынг з патрабаваньнем праўды пра Чарнобыль у Менску

1989–1990. Першыя сапраўдныя выбары

Увесну 1989 году ў Савецкім Саюзе праходзілі выбары ў Вярхоўны Савет па новым законе — першыя альтэрнатыўныя выбары народных дэпутатаў. У кандыдатаў была магчымасьць выступіць перад выбаршчыкамі і расказаць пра свае праграмы, падчас самой працэдуры было забясьпечана таемнае галасаваньне, разнарадкі пры вылучэньні кандыдатур у дэпутаты зьніклі.

У Беларускай ССР у сакавіку 1990 году ў Вярхоўны Савет былі абраныя 50 прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі. Прафэсар фізыкі Станіслаў Шушкевіч стаў намесьнікам старшыні Вярхоўнага Савету. На выбарах у Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласьці перамог кіраўнік саўгаса «Гарадзец» Аляксандар Лукашэнка.

Парлямэнцкая апазыцыя БНФ. Магілёў, 1990 год. Зьлева направа — Зянон Пазьняк, Барыс Гюнтэр, Алег Трусаў, Валянцін Голубеў, Юры Беленькі
Парлямэнцкая апазыцыя БНФ. Магілёў, 1990 год. Зьлева направа — Зянон Пазьняк, Барыс Гюнтэр, Алег Трусаў, Валянцін Голубеў, Юры Беленькі

Алеся Бяляцкага выбралі дэпутатам Менскага гарадзкога Савету дэпутатаў. Калі ў 1991 годзе там разглядалі пытаньне нацыянальнай сымболікі, ён загадзя прынёс бел-чырвона-белы сьцяг. «Празь некалькі хвілін пасьля адабрэньня сымболікі сьцяг ужо разьвіваўся над Менгарвыканкамам. Першы ў краіне. За два тыдні да таго, як ён стаў дзяржаўным», — адзначае ў лістах Бяляцкі. У гэты ж час з ініцыятывы дэпутата Бяляцкага Менгарсавет зацьвердзіў правілы на беларускай мове для Менскага мэтрапалітэну.

У жніўні 1991 году, на наступны дзень пасьля путчу ГКЧП, будучы стваральнік «Вясны» разам яшчэ з 28 дэпутатамі гарсавету выступіў са зваротам да менчукоў: «Захоўваць вернасьць законна абраным органам улады і дабівацца ўсімі канстытуцыйнымі мэтадамі спыненьня дзейнасьці Дзяржаўнага камітэту па надзвычайных сытуацыях». Пазьней, у 1995–1996 гадах, у гарачэйшы і больш небясьпечны для прыхільнікаў дэмакратыі час (у гэтыя гады ўлада прэзыдэнта ў Беларусі ўзмацнялася, але парлямэнт і гарадзкія саветы яшчэ былі месцам для дыскусій), Алесь Бяляцкі станавіўся заяўнікам шматлікіх масавых акцый у Менску. У выпадку разгонаў і затрыманьняў суд ня мог судзіць яго — як дэпутата — без дазволу гарсавету. А гарсавет, у які ўваходзілі ў асноўным дэмакратычныя дэпутаты, такога дазволу не даваў.

7 лістапада 1990 году на плошчы перад Домам ураду ў Менску адбыўся антыкамуністычны мітынг. Яго рыхтаваў Беларускі народны фронт. Час і месца правядзеньня выбралі сьвядома: у Беларусі афіцыйна адзначалі Дзень Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, а плошча Леніна з помнікам правадыру пралетарыяту была сымбалем камуністычнай ідэі і савецкай ідэалёгіі.

Антыкамуністычны мітынг апазыцыі, Менск, пл. Леніна, 7 лістапада 1990 года.
Антыкамуністычны мітынг апазыцыі, Менск, пл. Леніна, 7 лістапада 1990 года.

На мітынг прыйшлі тысячы людзей. Яны несьлі самаробныя транспаранты і плякаты і крычалі: «Далоў камунізм!». У нейкі момант удзельнікі мітынгу змаглі прарваць ланцуг міліцыі ля Дома ўраду і падышлі ўшчыльную да помніка Леніну.

«Яшчэ тры-пяць гадоў таму такое немагчыма было сабе ўявіць, — успамінаў у лістах Алесь Бяляцкі. — Дзясяткі гадоў да гэтага доўгія калёны дэманстрантаў праходзілі міма бронзавага Леніна і ўскладалі яму ў балванахвальстве вянкі і кветкі».

Адзін з актывістаў, 38-гадовы Валер Сядоў, узьлез на пастамэнт помніка Леніну, прымацаваў да яго крыж, абматаны калючым дротам, і фуфайку — як сымбаль ГУЛАГу і савецкіх рэпрэсій. «Адна з мэтаў мітынгу 7 лістапада 1990 году — шэсьце на плошчу Леніна да яго помніка. Мне адразу ж у той момант успомніўся дзед, бабуля, мая мама пяцігадовая, якая стаіць на марозе ў сьнезе напаўголая. Па бацьку дзед, які загінуў, каб выратаваць сямʼю ад рэпрэсій. Уся радня прыгадалася, — расказваў пазьней Сядоў у інтэрвію беларускай службе Радыё Свабода. — Мы гэта зрабілі ад імя дзясяткаў мільёнаў рэпрэсаваных, і беларусаў у тым ліку».

Першы палітычны вязень

Валера Сядова, журналіста газэты «Навіны Адраджэньня» і сябра БНФ, затрымалі праз паўгода, супраць яго распачалі крымінальную справу «аб парушэньні грамадзкага парадку». Ён адмовіўся сьведчыць супраць арганізатараў мітынгу, правёў у СІЗА на Валадарскага 70 дзён, 32 зь іх галадаў. Валер Сядоў стаў першым палітычным зьняволеным у найноўшай гісторыі Беларусі.

Валер Сядоў выступае на мітынгу на плошчы Леніна. Зьлева Сяргей Навумчык.
Валер Сядоў выступае на мітынгу на плошчы Леніна. Зьлева Сяргей Навумчык.

З прычыны нэгатыўнай рэакцыі беларусаў на арышт, а таксама пратэсту дэмакратычных дэпутатаў ВС БССР супраць яго перасьледу, Сядова адпусьцілі на волю пад падпіску аб нявыезьдзе. Крымінальную справу супраць яго спынілі ў траўні 1992 году.

Алеся Бяляцкага выклікалі ў РУУС у якасьці сьведкі па справе «злачынства каля помніка». Ён заявіў, што справа ўзбуджаная незаконна, і адмовіўся даваць паказаньні. Калі справу Сядова спынілі, а сам актывіст быў на волі, крымінальную справу распачалі ўжо ў дачыненьні да Бяляцкага — за адмову даваць паказаньні ў якасьці сьведкі. Але неўзабаве і яно было закрыта.

Мітынг 7 лістапада скончыўся спакойна, хоць «нагнаў страху ў душы кіраўнікоў кампартыі», пісаў Алесь Бяляцкі. «Яны ўпершыню ўбачылі, як шмат людзей выступаюць супраць камунізму. І гэты страх яны ўжо ніколі не забудуць. Ён зьявіцца зноў у 1991 годзе, калі пасьля няўдалага антыгарбачоўскага перавароту дэпутаты-камуністы пад ціскам фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце прагаласуюць за роспуск Камуністычнай партыі і абвяшчэньне незалежнасьці».

Рэспубліка Беларусь

25 жніўня 1991 году Беларусь афіцыйна абвясьціла сябе незалежнай дзяржавай — «Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце» рэспублікі атрымала статус канстытуцыйнага закону. У верасьні 1991 году Вярхоўны Савет прыняў Закон «Аб назьве Беларускай ССР», у адпаведнасьці зь якім яна стала называцца «Рэспубліка Беларусь», скарочана — «Беларусь». Дзяржаўнымі сымбалямі сталі герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг. «Памірала савецкая і нараджалася новая, незалежная Беларусь. На нашых вачах і з нашай дапамогай адбываўся гэты цуд, і мы садзейнічалі яму з усіх сіл», — пісаў Алесь Бяляцкі.

Плошча Леніна ў Менску. Пратэст рабочых 4 красавіка 1991 году
Плошча Леніна ў Менску. Пратэст рабочых 4 красавіка 1991 году

Усё, што сьпела ў васьмідзясятыя, пасьля развалу Савецкага Саюзу дало свой плён. У 1992 годзе сувэрэнную Беларусь прынялі ў АБСЭ, МВФ, ФІФА, у Менску адкрылася прадстаўніцтва фонду Сораса. Сталічны праспэкт Леніна перайменавалі ў праспэкт Францыска Скарыны. У Менску адкрыліся Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа і Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Адрадзілася найстарэйшая беларуская газэта «Наша Ніва».

Дзень Волі. Зянон Пазьняк, Міхась Анцыповіч, Мікола Купава, Васіль Быкаў, Сяргей Навумчык. Менск, парк Янкі Купалы, 25 сакавіка 1994 г.
Дзень Волі. Зянон Пазьняк, Міхась Анцыповіч, Мікола Купава, Васіль Быкаў, Сяргей Навумчык. Менск, парк Янкі Купалы, 25 сакавіка 1994 г.

У 1994 годзе ў Беларусі адбыліся першыя ў гісторыі выбары прэзыдэнта. Адзіныя, якія прайшлі ў два туры, — і толькі пасьля іх удзельнікі і назіральнікі не абвінавачвалі ўлады ў фальсыфікацыях. У першым туры лідэр БНФ Зянон Пазьняк набраў 12,8%, старшыня Савету міністраў Вячаслаў Кебіч — 17,3%, кіраўнік саўгаса «Гарадзец» і дэпутат фракцыі «Камуністы за дэмакратыю» Аляксандар Лукашэнка — 44,8%. У другім туры перамог Лукашэнка, набраўшы 80,3%, Кебіч — усяго 14%.

Вельмі хутка першы беларускі прэзыдэнт ініцыяваў наданьне статусу дзяржаўнай расейскай мове, адмовіўся ад нацыянальных дзяржаўных сымбаляў — бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня» — на карысьць ледзь прыкметна зьмененай савецкай сымболікі. Таксама ён правёў тры рэфэрэндумы — у 1995, 1996 і 2004 гадах (дэпутаты Беларусі і незалежныя ад Лукашэнкі палітыкі паведамлялі пра іх незаконнасьць і шматлікія парушэньні), — якія зьмянілі Канстытуцыю і забясьпечылі яму бясконцае прэзыдэнцтва. У краіну вярнуўся аналяг камсамолу — Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Усё, што гучыць на беларускай мове і чым займаліся «Талака» і «Тутэйшыя», паступова з падачы Лукашэнкі абвяшчаецца варожым.

Бяляцкі: «Вясна», намінацыя на Нобэлеўскую прэмію і новы арышт

У 1996 годзе, пасьля чарговага Чарнобыльскага шляху, жорстка разагнанага ўладамі, у Беларусі зьявіўся праваабарончы цэнтар «Вясна», і Алесь Бяляцкі, ужо добра вядомы ў краіне як праваабаронца і дэпутат, яго ўзначаліў.

Чарнобыльскі шлях 1996 году ў Менску
Чарнобыльскі шлях 1996 году ў Менску

Легальна цэнтар праіснаваў да 2003 году, калі за ўдзел у назіраньні падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001-га «Вясну» беспадстаўна пазбавілі рэгістрацыі (з таго часу і дагэтуль яна працуе ў краіне неафіцыйна). У 2004 годзе беларускую «Вясну» прынялі ў Міжнародную фэдэрацыю за правы чалавека (FIDH). У 2007 годзе Алесь Бяляцкі стаў віцэ-прэзыдэнтам FIDH — першым чалавекам з Усходняй Эўропы на гэтай пасадзе. Яго пераабіралі двойчы — у 2010 і 2013 гадах.

У 2011 годзе Алеся Бяляцкага затрымалі: Літва і Польшча на запыт беларускіх уладаў перадалі ім інфармацыю пра банкаўскія рахункі беларусаў, у тым ліку і Бяляцкага. Ён віны не прызнаў і растлумачыў, што грошы з рахунку траціліся на праваабарончую дзейнасьць. МЗС Літвы пазьней выказаў пратэст супраць дзеяньняў беларускіх уладаў, якія выкарыстоўвалі атрыманыя дадзеныя аб законных рахунках як доказ нібыта ўчыненага злачынства, а амбасадар Літвы ў Беларусі асабіста прасіў прабачэньня ў сямʼі праваабаронцы. Бяляцкі ў гэты час сядзеў — спачатку ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага, а потым у калёніі ў Бабруйску. Праваабаронцу вызвалілі ў 2014 годзе па амністыі.

Алесь Бяляцкі ў судзе, 2011 год
Алесь Бяляцкі ў судзе, 2011 год

У ліпені 2021 году Алеся Бяляцкага і іншых праваабаронцаў і валянтэраў цэнтру «Вясна» затрымалі падчас разгрому ў Беларусі недзяржаўных арганізацый: ціск на НКА ўзмацніўся пасьля пратэстаў летам і восеньню 2020-га і завяршыўся масавым пазбаўленьнем рэгістрацый, а потым і арыштамі. Ужо больш за паўгода Бяляцкі ў зьняволеньні, яму ставяць у віну ўхіленьне ад выплаты падаткаў. Паплечнікі праваабаронцы і валянтэры «Вясны» працягваюць працу: вядуць сьпіс палітвязьняў (у ім ужо больш за 1000 чалавек), падтрымліваюць сувязь зь іх сваякамі, расказваюць пра судовыя працэсы над тымі, каго ўлады Беларусі лічаць «экстрэмістамі», і аналізуюць дзеяньні дзяржавы па падрыхтоўцы да яшчэ аднаго рэфэрэндуму Лукашэнкі.

За актыўную пазыцыю і праваабарончую працу Алеся Бяляцкага судзілі больш як 20 разоў: спачатку ў Беларускай ССР, а потым і ў сучаснай Беларусі. І пяць разоў вылучалі на Нобэлеўскую прэмію міру за тое самае — палітычную барацьбу і праваабарону. Як праваабаронцу, палітвязьню і «вязьню сумленьня» Бяляцкаму ў розныя гады прысуджалі прэмію Свабоды імя Сахарава Нарвэскага Хэльсынскага камітэту, прэмію Леха Валэнсы, прэмію Вацлава Гавэла, прэмію імя Пэтры Келі, прэмію імя Сахарава, прэмію дзярждэпартамэнту ЗША, прэмію Homo Homini (яе ўручаў асабіста Вацлаў Гавэл).

У сваёй кнізе пра вядомых беларусаў журналіст Аляксандар Тамковіч пісаў пра стваральніка «Вясны» так: «Алесь Бяляцкі змагаецца з афіцыйнымі ўладамі не для піяру, а для таго, каб больш з гэтым не ваяваў ніхто».

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня.


Выйшла на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG