Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску асудзілі настаўніцу, якая прыйшла ў школу з жоўтай і блакітнай стужкамі ў валасах

Настаўніца Ларыса Секяржыцкая, якую cудзілі за жоўта-блакітную стужку ў валасах. Бабруйск, 31 сакавіка 2022 г.
Настаўніца Ларыса Секяржыцкая, якую cудзілі за жоўта-блакітную стужку ў валасах. Бабруйск, 31 сакавіка 2022 г.

За дзьве стужкі яна мае заплаціць 2240 рублёў штрафу.

У Бабруйску завяршыўся суд над настаўніцай гісторыі 27-й школы Ларысай Секяржыцкай.

4 сакавіка яна прыйшла ў школу з жоўтай і блакітнай стужкамі ў прычосцы. Гэта не спадабалася настаўніцы матэматыкі і кіраўніцы вайскова-патрыятычнай клясы Натальлі Сіманенцы, тая разам з настаўніцай гісторыі Сьвятланай Хутаранскай пачалі гучна запытваць, што Секяржыцкая хацела гэтым сказаць, і патрабавалі, каб яна зьняла гэтыя стужкі. Сіманенка і Хутаранская казалі, што самі маюць родзічаў ва Ўкраіне, але «гэта цяпер не да месца».

«Для мяне гэта асабістая трагедыя, — сказала ў судзе сьведка Хутаранская, — я нарадзілася ва Ўкраіне, вучылася там, мае родныя там. Я мусіла б у гэтай сытуацыі абматацца сьцягам Украіны, але дэманстрацыя якіх-небудзь сьцягоў у дзяржаўнай установе адукацыі, напэўна, непажаданая».

Потым да ўгавораў і патрабаваньняў зьняць стужкі далучыліся завуч школы Алена Васількова і дырэктарка Натальля Вінакур. Секяржыцкая адмаўлялася здымаць жаночы аксэсуар, і адміністрацыя выклікала міліцыю, настаўніцу забралі ў ГУУС.

Начальнік аддзелу аховы правапарадку Бабруйскага ГУУС Сяргей Рудзько, які і вёў справу Секяржыцкай, вінаваціў яе ў «актыўным удзеле ў масавым мерапрыемстве ў выглядзе пікетаваньня, што выразілася ў публічным дэманстраваньні жоўта-блакітных стужак у валасах, якія сымбалізавалі сьцяг Украіны».

У якасьці доказу, што гэта палітычная дэманстрацыя, ён прывёў фатаздымкі зь менскіх мітынгаў 27 лютага, дзе былі сьцягі Ўкраіны. Ларыса ж Секяржыцкая нагадала, што на мітынгах не была, наагул у тыя дні хварэла дома на каранавірус, і прадэманстравала суду сьцягі Швэцыі, Босьніі, Барбадаса і іншых краін, а таксама эмблемы ФК БАТЭ і прафсаюзу працаўнікоў адукацыі, якія таксама маюць жоўты і блакітны колеры.

Настаўніца Ларыса Секяржыцкая (у цэнтры са старэйшай дачкой і мужам), якую cудзілі за жоўта-блакітную стужку ў валасах. Бабруйск, 31 сакавіка
Настаўніца Ларыса Секяржыцкая (у цэнтры са старэйшай дачкой і мужам), якую cудзілі за жоўта-блакітную стужку ў валасах. Бабруйск, 31 сакавіка

Усе сьведкі казалі, што Ларыса Секяржыцкая нічога нікому не казала пра Ўкраіну ці сэнс сваёй прычоскі, асабліва па школе не хадзіла, тыя стужкі нават ня ўсе заўважылі. Затое і Секяржыцкая заявіла, і некаторыя сьведкі пацьвердзілі, што на пэдагагічнай нарадзе 25 сакавіка дырэктарка школы Вінакур на адрас тых настаўнікаў, што прысутнічалі на першым судовым працэсе, сказала: «Думайце, у вас канчаецца кантракт».

Суд цягнуўся 3 дні. Тройчы Ларысе Секяржыцкай не давалі дазволу мець абаронцам свайго мужа, тлумачачы гэта адсутнасьцю ў яго юрыдычнай адукацыі (на адваката сям’я з двума малымі дзецьмі ня мае сродкаў).

У выніку судзьдзя Ганна Асіпенка палічыла актыўны ўдзел у масавым мерапрыемстве даказаным і прысудзіла Ларысе Секяржыцкай штраф 70 базавых — 2240 рублёў. Сям’я Секяржыцкіх будзе абскарджваць прысуд.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG