Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Атрымалася падобна на беларускі сьцяг і гэта станоўчая рыса». Пагаварылі з аўтаркай расейскага антываеннага сьцяга


Кай Катоніна
Кай Катоніна

На акцыях супраць вайны ва Ўкраіне расейцы па ўсім сьвеце пачынаюць шырока выкарыстоўваць бела-сіне-белы сьцяг. Свабода паразмаўляла з аўтаркай альтэрнатыўнага расейскага сьцяга.

Кай Катоніна жыве ў Бэрліне. Калі Расея напала на Ўкраіну, то мясцовыя расейцы пайшлі пратэставаць супаць вайны да амбасады РФ. Яны хутка зразумелі, што ніхто іх не распазнае менавіта як расейцаў, а для іх было надзвычай важна данесьці, што супраць вайны выступаюць і самі расейцы.

«З расейскага трыкалёру сьцерлі чырвоны колер, які можа сымбалізаваць кроў»

«Прыносіць дзяржаўны расейскі сьцяг было дзіўна, таму былі ў асноўным плякаты „Нет — войне“. Калі нехта пісаў на плякаце нешта ад імя расейцаў, то да яго адразу беглі зьдзіўленыя журналісты, маўляў, як так, тут ёсьць нават расейцы. То бок нас хутчэй за ўсё прымалі спачатку за ўкраінцаў. Але нам было вельмі важна данесьці, што расейцы супраць вайны», — расказвае Кай.

Выбар сьцяга ў расейцаў, як кажа Кай, невялікі. Апрача дзяржаўнага трыкалёру, гэта чорна-жоўта-белы сьцяг Расейскай імпэрыі. Для праціўнікаў вайны ён таксама непрымальны, бо яго выкарыстоўваюць расейскія нацыяналісты, дый асацыяцыі з імпэрыяй, падкрэсьлівае Кай, тут не да месца.

28 лютага яна апублікавала ў сваім фэйсбуку бела-сіне-белы сьцяг, прапанаваўшы яго ў якасьці сьцяга пратэсту.

Расейскі антываенны мітынг у Празе
Расейскі антываенны мітынг у Празе

«Сутнасьць сьцяга ў тым, што з расейскага трыкалёру сьцерлі чырвоны колер, які можа сымбалізаваць кроў. Гэта фармулюе тое, чаго мы хочам ад будучыні. Мы маем права сьцерці кроў з нашых рук. Гэта ня спроба пачаць з чыстага аркуша, а выкзаваньне таго, чаго мы хочам дамагчыся, каб гэтая кроў больш не была часткаю нашай ідэнтычнасьці», — тлумачыць Кай.

Пазьней яна дазналася, што амаль ў той самы час такі ж сьцяг для антываенных мэтаў прапанавалі выкарыстоўваць расейскі дызайнэр пад нікам «Звуки рыб» і ананімны расейскі PR-адмысловец. Усе апублікавалі яго незалежна адно ад аднаго.

Пратэст у Тбілісі
Пратэст у Тбілісі

«Атрымалася падобна на беларускі сьцяг»

Калі з расейскага трыкалёру прыбралі чырвоную паласу, то ён стаў нагадваць беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг, кажа Кай і называе гэта станоўчаю рысаю расейскага антываеннага сьцяга.

«Відавочна, што расейскі антываенны рух мае агульныя мэты зь беларускім нацыянальна-вызвольным рухам. Відавочна, што Лукашэнка трымаецца выключна за кошт грошай ад Пуціна. Калі мы зрынем Пуціна, то і беларускаму пратэсту ўдасца значна прасьцей дамагчыся перамогі», — кажа Кай Катоніна.

Таронта
Таронта

Калі на мітынгах у Бэрліне ўдзельнікі скандавалі «Слава Ўкраіне» або «Россия будет свободной», Кай прасіла дадаваць лёзунг «Жыве Беларусь».

«Пра Беларусь сёньня ўсе трошкі забылі, але гэта акупаваная Пуціным краіна. Так, яе не бамбяць, але нічога добрага там таксама не адбываецца», — гаворыць дызайнэрка.

«Асацыяцыя з Ноўгарадам нам вельмі спадабалася, ён не ваяваў з Кіевам»

Яшчэ адным аргумэнтам на карысьць шырокага выкарыстаньня бела-сіне-белага сьцяга стала тое, што ён нагадвае сьцяг Ноўгарадзкага княства. У гісторыі Расеі традыцыя Ноўгараду — прыклад дэмакратычнага гораду-дзяржавы, альтэрнатыва таталітарнаму Маскоўскаму княству.

«Асацыяцыя з Ноўгарадам нам вельмі спадабалася, бо гэта акурат тыя каштоўнасьці, якія стаяць за такім сьцягам. Ноўгарад быў дэмакратычнай дзяржавай у яе тагачасным разуменьні, а не імпэрыялістычнай сталіцай. Гэта быў эўрапейскі горад, уключаны ў эўрапейскае грамадзтва, які не ваяваў з Кіевам. Гэта менавіта тое, чаго мы хочам для будучыні Расеі», — кажа Кай.

Прага
Прага

Ноўгарад істотна адрозьніваўся ад іншых рускіх земляў сваёй палітычным ладам. Улада ў Ноўгарадзе належала вечу. Яно абмяркоўвала ўсе найважнейшыя пытаньні жыцьця гораду.

Сёньня памяць пра традыцыю Ноўгараду ў Расеі заняпала, бо і сам горад на ўзбочыне, ён страціў уплыў у Расеі, а сама яго гісторыя і ідэнтычнасьць, на думку Кай, ня ўпісваецца ў дамінацыйную ідэалёгію расейскага імпэрыялізму.

«Калі Расея будзе свабоднай, то мне ўсё роўна, пад якім сьцягам»

Кай расказвае, што некаторыя ўкраінцы крытыкуюць у сацыяльных сетках узьнікненьне антываеннага расейскага сьцяга і абвінавачваюць расейцаў, што тыя, нават калі яны і супраць вайны, то хочуць лёгка саскочыць з адказнасьці за палітыку сваёй дзяржавы.

Кіпр
Кіпр

«Я разумею такую прэтэнзію, але я бачыла яе выключна ў фэйсбуку. На мітынгах такога дакладна не было, я бачыла там выключна станоўчую рэакцыю. Украінцы радыя, што іх падтрымліваюць шмат людзей. Пагатоў у Бэрліне большасьць расейскамоўных — гэта менавіта расейцы, і яны вельмі актыўна ўключыліся ў дапамогу ўцекачам. Таму да нас увогуле няма нейкага нэгатыву. Зрэшты, у людзей цяпер больш важныя праблемы — знайсьці жыльлё і працу, а не сварыцца», — кажа Катоніна.

Кай Катоніна на мітынгу ў Бэрліне
Кай Катоніна на мітынгу ў Бэрліне

Паводле Кай, непрынцыпова, ці стане бела-сіне-белы сьцяг у будучай дэмакратычнай Расеі дзяржаўным. Нашмат важней тое, якой будзе сама Расея, лічыць аўтарка антываеннага сьцяга.

«Калі Расея будзе свабоднай, то мне ўсё роўна, пад якім сьцягам. Я буду ўсё роўна вельмі радая. Гэта найперш сьцяг, які мае рабіць бачнымі тых расейцаў, якія супраць вайны. Спачатку нам трэба скончыць вайну, а пра дзяржаўную сымболіку цяпер ня час спрачацца».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG