Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Плошча Перамен і будучыня Беларусі»: вялікі артыкул пра Беларусь у New York Times


Мурал «Дыджэі перамен», ілюстрацыйнае фота
Мурал «Дыджэі перамен», ілюстрацыйнае фота

У New York Times выйшаў вялікі артыкул пра «плошчу Перамен» з фатаздымкамі беларускіх аўтараў — Яўгена Аццэцкага, Паўла Крычко і Надзеі Бужан.

Аўтарка Sarah A. Topol расказвае гісторыю Беларусі празь лёсы людзей і прызму пасьлявыбарных пратэстаў, а таксама закранае шырокі гістарычны кантэкст — ад «мая хата з краю» і perestroika да сытуацыі з COVID-19 у Беларусі і расейскіх войскаў на яе тэрыторыі.

Яна каротка апісвае гісторыю Беларусі ХХ стагодзьдзя: згадвае стварэньне БНР і БССР, часы ваеннай акупацыі 40-х, сталінская ўрбанізацыя і русыфікацыя. Артыкул расказвае, як у 1991 годзе, падчас распаду СССР, 83% жыхароў Беларусі прагаласавалі супраць.

«Аднойчы яны апынуліся ў новай рэчаіснасьці сэйсьмічных маштабаў: іх дзяржава, ідэалёгія і ўвесь парадак, які яны ведалі, зьніклі. Аднак, Беларусь засталася пад уладай старой намэнклятуры нават пасьля здабыцьця незалежнасьці. У 1994 прэзыдэнтам абралі Аляксандра Лукашэнку, «звычайнага папуліста з настальгіяй па савецкіх часах — ваяўнічага і напышлівага», які практычна адразу «пачаў навязваць аўтакратычную ўладу». «У чымсьці самадзяржаўе Лукашэнкі пераўзышло нават мадэль СССР».

Аўтарка артыкулу распавядае гісторыі беларусаў, якія расьлі ўжо пры Лукашэнку і ніколі ня ведалі іншага прэзыдэнта. Пра паступовае разуменьне, як іх адурманьвае дзяржаўная прапаганда.

«У канцы жніўня 2020 сыстэма Лукашэнкі, здавалася, пахіснулася»: яна піша пра нядзельныя маршы, пратэсты журналістаў, страйкі і крыкі рабочых Лукашэнку: «Сыходзь!»

Аўтарка расказвае гісторыю «дыджэяў перамен», а потым і муралу з такі назовам — як камунальшчыкі зафарбоўвалі яго, а жыхары зноў адціралі фарбу і зьбіраліся штовечар у двары піць гарбату пад бел-чырвона-белымі стужкамі. Пра тое, як плошча стала месцам паломніцтва з усёй Беларусі і нават з Масквы і Вільні. Пра гібель Рамана Бандарэнкі. Пра Сьцяпанава Латыпава, які абараняў мурал. Пра тое, як вакол дваровых чатаў гуртаваліся аднадумцы.

«Больш за два дзесяцігодзьдзі беларусы існавалі ў раўнавазе ціхага аўтарытарызму. Калі рэпрэсіі не закранулі іх наўпрост, то большасьць насельніцтва іх цярпела. Дзяржаўны гімн краіны пачынаўся са слоў „Мы, беларусы, мірныя людзі“, а распаўсюджанай прыказкай для апісаньня нацыянальнага мэнталітэту была „мая хата з краю“. Што б ні адбывалася па-за маёй сям’ёй, мяне гэта ня тычыцца. Але на працягу 2020 году краіна, гісторыя і ідэнтычнасьць якой ніколі асабліва не цікавілі большасьць людзей, якія там жывуць, стала тым, дзеля чаго яны былі гатовыя ахвяраваць сваім жыцьцём. Да таго, як бітва за мурал стала сымбалем нацыі, якую назавуць Новай Беларусьсю, у цэнтры двухмільённага гораду гэта былі ўсяго тры непрыкметныя будынкі, двор вакол дзіцячай пляцоўкі: арэлі, гушкалкі і карусэль у атачэньні лавачак».

Неўзабаве лютасьць сілавікоў і ўсяго рэпрэсіўнага апарату стала нечуванай. Турэмныя тэрміны, якія прысуджалі ўдзельнікам вулічных акцыяў, пераўзыходзілі здаровы сэнс. Кошт нават невялікіх пратэстаў узрастаў. Шмат хто, ратуючыся ад турмы, быў вымушаны пакінуць краіну. Але многія засталіся і працягваюць барацьбу ў падпольлі.

«Я чую кожны гук за маімі дзьвярыма. Калі нехта недзе аб нешта ўдараецца, я ўвесь напружваюся, – расказвае суразмоўца. У яго ўтварыліся кісты на сківіцы праз тое, што ён занадта моцна сьціскае іх. Я разумею, што калі мяне возьмуць у пастарунак, мяне, хутчэй за ўсё, пасадзяць, але я ня зьеду. І так, гэтая невядомасьць, яна бясконцая».

У пачатку лютага Беларусь стала сатрапіяй. У краіну былі перакінутыя 30 тысяч расейскіх вайскоўцаў, у тым ліку добра навучаныя падразьдзяленьні спэцыяльнага прызначэньня і паветрана-дэсантныя войскі; яны прывезьлі зэнітныя комплексы С-400 і сотні самалётаў, танкаў і бронемашын. Раніцай 24 лютага расейскія вайскоўцы атакавалі Ўкраіну.

«Яны больш як паўтара году крычалі, што ў іх краіне дыктатура, што Беларусь знаходзіцца пад акупацыяй, што ўсё будзе катастрафічна, калі Аляксандра Лукашэнку не спыніць. Ніхто ня слухаў. У зьняволеньні знаходзілася больш за 1000 палітвязьняў; прысуды для тых, хто выступаў супраць рэжыму Лукашэнкі, расьцягнуліся на дзесяцігодзьдзі. Цяпер Расея пачала наступ на Ўкраіну, а Лукашэнка прадаў іх Крамлю як гіганцкую вайсковую базу».

У Беларусі знайшліся тыя, хто рызыкнуў сваёй свабодай, каб прадэманстраваць сваю пазыцыю. Хаця рэжым патраціў паўтара года на спусташэньне шэрагаў палітычных актывістаў, тысячы беларусаў усё ж выйшлі на вуліцы на знак пратэсту супраць нападу на Ўкраіну. Па ўсёй краіне было арыштавана больш за 800 чалавек. (У Расеі з насельніцтвам прыкладна ў 15 разоў больш, у той жа дзень было арыштавана 2000 чалавек).

Тыя, хто сёньня сярод ночы ў Менску падпольна разьвешваюць плякаты «Не вайне!», думаюць, што калі б яны ў 2000 зрынулі Лукашэнку, сёньняшняй вайны ва Ўкраіне магло б ня быць: у Пуціна не было б ні падтрымкі з паўночнага флянгу, ні аэрадромаў для дазапраўкі самалётаў, ні ангараў для ракет.

Кожная рэвалюцыя стварае сваю сымболіку — бранзалеты, сьцягі, фрэскі, герояў і дэманаў — але з якой мэтай? Як доўга рэвалюцыя можа пратрымацца на сымбалях? Калі ваша краіна ўдзельнічае ў зьнішчэньні іншай, колькі каштуе сымбалічны пратэст? Аднак, на плошчы перамен у Менску зьяўляюцца белыя аркушы, памерам са сьцяг, на якіх удзельнікі пратэсту пішуць «Не вайне!» І побач з надпісам трафарэт: два дыджэі з узьнятымі ўгару рукамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG