Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску міліцыянты затрымалі ўдзельніцу Pussy Riot і прымусілі яе запісаць ролік у падтрымку Лукашэнкі


Рыта Флорэс
Рыта Флорэс

У Менску супрацоўнікі Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС Беларусі затрымалі ўдзельніцу Pussy Riot Рыту Флорэс і прымусілі яе запісаць ролік у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта сама Флорэс распавяла «Медыязоне».

Флорэс прыехала ў Беларусь 26 сакавіка і засялілася ў гатэль у Менску. Сёньня, 30 сакавіка, каля нумара яе затрымалі сілавікі ў цывільным адзеньні. Яны забралі ў дзяўчыны тэлефон, агледзелі нумар, а потым адвезьлі актывістку ў аддзел. Там, па словах Флорэс, супрацоўнікі абражалі яе і пагражалі пасадзіць на 15 гадоў, піша Медыязона.

Потым, гаворыць актывістка, сілавікі завялі яе ў кабінэт і запатрабавалі запісаць ролік на зялёным фоне. «У мяне было два варыянты, што сказаць. Першы варыянт: я павінна была сказаць, што ўсё, што адбываецца ва Ўкраіне, так і павінна быць, што мы павінныя забіць гэтых фашыстаў і нацыстаў і што вайна гэта адзіны спосаб вырашыць дадзеную праблему. Я завішчала і сказала, што не магу гэтага сказаць і ніколі ў жыцьці не скажу. Другі варыянт быў сказаць, што Лукашэнка супэр і што ўсе пратэсты ў Беларусі гэта прапаганда і блеф і што ўсё куплена апазыцыяй. Калі я не скажу, дык мне абяцалі фізычную расправу. Канкрэтна сказалі, што мы з табой будзем размаўляць па-іншаму і яшчэ ніколі ніхто не перашкаджаў нашаму жаданьню, каб запісаць гэтае відэа», — расказала Флорэс. Яна пагадзілася запісаць відэа пра Лукашэнку.

Пасьля запісу роліка міліцыянты сказалі Флорэс, што яна мусіць пакінуць краіну і ёй цяпер закрыты ўезд на 10 гадоў (афіцыйную паперу сілавікі ня выдалі). Яе таксама сфатаграфавалі на фоне дзьвярэй з плякатамі з літарай Z.

Флорэс расказала, што калі яе вывелі з будынка, яна пасьпела разглядзець надпіс на таблічцы: «па барацьбе са злачыннасьцю і карупцыяй». Актывістку адпусьцілі і вярнулі ёй тэлефон, і яна выклікала таксі ад кропкі плошчу Свабоды, 11 (гэты суседні будынак з Рэвалюцыйнай, 3, дзе разьмешчаны ГУБАЗіК). Таксама Флорэс паказала «Медыязоне» скрыншот актыўных сэсій у тэлеграме на тэлефоне — пасьля затрыманьня там зьявіліся чатыры новыя падключэньні зь Менска зь невядомых прылад.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG