Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэты расейскай ваеннай апэрацыі праваленыя — думка вайсковага экспэрта


Зьнішчаная расейская вайсковая тэхніка, Сумская вобласьць Украіны
Зьнішчаная расейская вайсковая тэхніка, Сумская вобласьць Украіны

Чаму Расея мяняе дэкляраваныя мэты вайны, заяўляючы, што засяродзіцца на Данбасе? Чаму Ўкраіна пагаджаецца на нэўтралітэт? Як, страціўшы палову прамысловага патэнцыялу, Украіна забясьпечвае сваё насельніцтва і войска? Ці мае Расея дадатковыя рэсурсы для працягу вайны?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае азэрбайджанскі вайсковы экспэрт Агіл Рустамзаде.

Рустамзадэ

Агіл Рустамзадэ
Агіл Рустамзадэ
  • Мэты «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» Расеі не дасягнутыя. Такімі мэтамі заяўляліся зьмена дзяржаўнага ладу Ўкраіны і «дэнацыфікацыя».
  • Шайгу часткова мае рацыю, калі кажа, што ВПС, СПА і ВМФ Украіны нанесеная істотная шкода. Але што да сухаземнага кампанэнту, то трэба яшчэ паглядзець, хто пацярпеў больш.
  • Заява Расеі пра вывад яе войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей зробленая не ад добрага жыцьця. Калі б яны іх ня вывелі, іх бы зьнішчылі. Паўночную апэрацыйную зону па лініі Кіеў — Харкаў чакаў разгром. 10 дзён Паўночная апэрацыйная зона сутыкалася зь велізарнымі праблемамі з забесьпячэньнем.
  • Мы назіралі ссоўваньне цэнтру баёў на паўднёвы ўсход Украіны. Расейская армія пры зьбегу пэўных абставінаў мае шанцы выйсьці прыкладна на межы Луганскай і Данецкай абласьцей.
  • На гэтым этапе расейская армія пацярпела паразу.
  • Цяперашнія перамовы — гэта прамежкавыя перамовы. Патрабаваньне рэпарацыяў і суду над ваеннымі злачынцамі выстаўляецца толькі пасьля поўнай ваенна-палітычнай перамогі. А гэтая перамога пакуль на першым этапе. Пакуль Расея пацярпела паразу ў Паўночнай апэрацыйнай зоне.
  • Я як вайсковы чалавек за 10 дзён да пачатку гэтай апэрацыі казаў, што калі яна адбудзецца, гэта будзе авантура. Я ня верыў, што РФ можа пайсьці на такую авантуру.
  • Калі кіраўнік камітэту начальнікаў штабоў ЗША Марк Мілі казаў, што Расея пераможа за 4 дні — у гэтай заявы былі палітычныя матывы.
  • Галоўная прычына таго, што Ўкраіна трымаецца — гэта расейскія стратэгічныя пралікі пры плянаваньні апэрацыі. Тыя, хто плянаваў яе, не надавалі ніякага значэньня супраціву ўкраінскай арміі. І заканамерна, што яны прайгралі.
  • Гэтая апэрацыя ня робіць гонару апэрацыйнаму майстэрству расейскага генштабу. Нельга нападаць на краіну, у якой узброеных сілаў 200 тысячаў чалавек, меншымі сіламі. Немагчыма зьнішчыць эканамічны патэнцыял такой краіны, як Украіна, пры дапамозе 200 ракетаў.
  • ЗША ўжылі 113 крылатых ракетаў, каб падавіць мэты на адным аэрадроме. А мы гаворым пра краіну, насельніцтва якой больш за 40 мільёнаў. Гэтая апэрацыя не магла скончыцца посьпехам.
  • Эканоміка Ўкраіны трымаецца на «стэроідах», каб яна трымалася на нагах. Вайна — гэта заўсёды велізарныя гуманітарныя праблемы. Але іх вырашаюць за Ўкраіну. І яна мае ўсё, што трэба. Крыху не хапае ўзбраеньняў. Але эканамічных праблем яна ня мае. І гэта дзякуючы ўсеабдымнай заходняй дапамозе.
  • Дапамога ідзе па розных шляхах. Каб перарэзаць гэтыя шляхі, трэба вельмі шмат авіяцыі. Расея гэта зрабіць ня ў стане. Ва Ўкраіны ёсьць яшчэ сродкі СПА, яшчэ лятаюць самалёты. Украіна не дазволіла Расеі ўсталяваць панаваньне ў паветры.
  • Бок, які наступае, для посьпеху павінен мець трохразовую перавагу. У цяперашнім становішчы Расеі гэтага дасягнуць будзе складана. Ва Ўкраіне прайшла мабілізацыя, узброеныя сілы дапоўненыя часткамі тэрабароны.
  • Баявыя дзеяньні ў Данбасе пачаліся адначасова з нападамі на Кіеў, Чарнігаў і іншыя ўкраінскія гарады. Там працягваюцца спробы прарваць лінію абароны. Але за 8 гадоў украінская армія стварыла там глыбокаэшэлянаваную абарону. І сіламі так званых «ДНР» і «ЛНР» прарваць яе не ўяўляецца магчымым.
  • Калі расейцы зьбяруць усе сілы ў адзін кулак, то пэўных вынікаў можна дасягнуць, магчыма, выйсьці на межы Луганскай і Данецкай абласьцей. Але ці хопіць у Расеі сілаў — гэта пытаньне.
  • Да «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» яны прыцягнулі 300 тысячаў сваіх узброеных сілаў. Яны ператварыліся ў 200 тысячаў, стомленых у баях. Колькаснай перавагі над украінскай арміяй у іх няма.
  • У Расеі няма рэсурсаў. Яна не высокатэхналягічная краіна. У яе мала запасаў высокадакладнай зброі. Акрамя крылатых ракетаў Расея ваюе той самай тэхнікай, якой ваявала ў другой чачэнскай вайне. Якаснага скачка ў расейскай арміі няма. А ва ўкраінскай ёсьць — дзякуючы пастаўкам заходніх узбраеньняў.
  • ПЗРК, супрацьтанкавыя комплексы, сродкі радыёэлектроннай барацьбы — у гэтым украінская армія наперадзе. Гэтыя заходнія сыстэмы на 1-2 пакаленьні наперад у параўнаньні з расейскімі.
  • Дзякуючы пастаўкам гэтай высокатэхналягічнай зброі да пэўнай ступені Ўкраіна здолела сама закрыць сваё неба. Штодзень зьбіваюць «стынгерамі» расейскія самалёты, украінскія салдаты навучыліся «стынгерамі» зьбіваць нават крылатыя ракеты.
  • Украіна ваюе асымэтрычна. Супраць танка неабавязкова ваяваць танкам, можна і «джавэлінам» на адлегласьці 5 кілямэтраў. Захад мог бы пастаўляць Украіне больш зброі, але што тычыцца якасьці, у мяне як у вайсковага экспэрта да яе ніякіх прэтэнзіяў няма. Яны пастаўляюць менавіта тое, што трэба.
  • Цяпер я ня бачу пэрспэктываў ужываньня зброі масавага зьнішчэньня. Але я не выключаю гэтага ў будучыні.
  • Нават калі будзе абвешчанае замірэньне, расейска-ўкраінскі канфлікт, які пачаўся ў 2014 годзе, можа скончыцца толькі пры ўмове зьмены палітычнага ладу РФ, ваенна-палітычнай перамогі Ўкраіны.
  • Калі Ўкраіна выйдзе на свае межы 2014 году, то ў Расеі пачнуцца такія палітычныя працэсы, што там улада альбо зьменіцца, альбо перагледзіць свае погляды на ролю Ўкраіны як дзяржавы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG