Пра гэта Чулпан Хаматава расказала ў інтэрвію журналістцы Кацярыне Гардзеевай, дадаўшы, што баіцца вяртацца ў Расею, каб «ня страціць сумленьне» і «ня сесьці ў турму» паводле новага крымінальнага артыкулу аб «дыскрэдытацыі» арміі.
Паводле Хаматавай, якая разам з дочкамі знаходзіцца ў Латвіі, каб вярнуцца ў Расею і ня сесьці ў турму, у яе ёсьць два шляхі. Першы — гэта перастаць гаварыць пра тое, што гэта вайна і што гэта трагедыя, не зьвяртаць увагі на тое, «што я бачу на ўласныя вочы», і на інфармацыю, якую акторка атрымлівае ад сваіх украінскіх сяброў. «Хлусіць сабе, хлусіць усяму сьвету, жыць не па праўдзе. Гэта ў лепшым выпадку, калі не прымусяць чорнае называць белым», — лічыць Хаматава.
Другое выйсьце, па словах Хаматавай, — папрасіць прабачэньня за тое, што яна не падтрымала пачатку «ваеннай апэрацы»і: «Ну і далей па сьпісе, як гуляць па тых правілах гульні, якія мне будуць дыктаваць».
Акторка адзначыла, што фонд дапамогі анкалягічна хворым дзецям «Падары жыццё», якім яна кіруе, працягне працаваць у Расеі. Пры гэтым Хаматава прызнала, што з прычыны санкцый, уведзеных супраць Расеі за ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну, якасьць і эфэктыўнасьць дапамогі хворым на рак расейскім дзецям пацярпіць. Ад 50 да 90 працэнтаў лекаў, расходных матэрыялаў і абсталяваньня закупляюцца фондам за мяжой, сказала Хаматава. Аднак яна спадзяецца, што фармакалягічныя кампаніі працягнуць супрацоўнічаць з фондам і ў яго будзе магчымасьць закупляць і прывозіць лекі, «але моцна даражэй».
Чулпан Хаматава яшчэ 25 лютага публічна выказалася супраць вайны ва Ўкраіне і заклікала спыніць баявыя дзеяньні. Яе подпіс стаіць і пад адозвай дзеячаў культуры супраць вайны. Акторка таксама падпісала ліст ад імя расейскіх НКА і дабрачынных фондаў з патрабаваньнем пачаць перамовы, назваўшы сілавыя мэтады вырашэньня канфліктаў бесчалавечнымі.
- У лютым 2012 году Чулпан Хаматава зьнялася ў перадвыбарным відэароліку ў падтрымку Ўладзіміра Пуціна. «У нашым жыцьці няма нічога важнейшага за здароўе дзяцей. Уладзімір Пуцін ні разу не застаўся абыякавым да ўсіх просьбаў фонду „Падары жыцьцё“ і лекараў, якіх фонд падтрымлівае. Усе абяцаньні, дадзеныя Ўладзімірам Пуціным фонду „Падары жыцьцё“, заўсёды былі выкананы. Дапамога павінна быць адчувальная. Таму я буду галасаваць за яго», — сказала тады Хаматава. Пазьней у адказ на крытыку акторка заявіла, што зьняцца ў перадвыбарным відэароліку было яе ўласнае рашэньне. Хаматава падкрэсьліла, што без дапамогі дзяржавы было б немагчыма дапамагаць хворым дзецям так, як гэта робіць фонд «Падары жыццё», і — хоць яно і далёкае ад палітыкі — згодна жыць па гэтых правілах.
- Артыкул аб фэйках, зьвязаных з дзеяньнямі расейскай арміі, быў дададзены ў Крымінальны кодэкс Расеі ў экстраным парадку ў пачатку сакавіка — на фоне распачатага 24 лютага расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну. За паведамленьні аб дзейнасьці войска, якія суд прызнае «загадзя лжывымі», пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 15 гадоў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.