Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Самыя папулярныя ў нас тэрапэўты, пэдыятры і гінэколягі». Як працуе тэлемэдыцына і ці магчыма на ёй зарабляць грошы


Дзіцячы шпіталь у бункеры ў Кіеве. Ілюстрацыйнае фота.
Дзіцячы шпіталь у бункеры ў Кіеве. Ілюстрацыйнае фота.

Беларускія лекары з праекту «Е-здароўе» на мінулым тыдні абвясьцілі, што пачынаюць бясплатна кансультаваць украінцаў.

«Ад усяго сэрца мы хочам дапамагчы жыхарам Украіны, а таксама ўсім тым, хто адчувае цяжкасьці з псыхалягічным і фізычным здароўем на фоне ненармальнай, жорсткай, несправядлівай сытуацыі», — гаворыцца ў заяве праекту.

Пра «Е-здароўе» Свабода пагаварыла зь яго стваральнікам, лекарам Уладзімерам Сьвірковым.

«Адзінае, чаго ня можа тэлемэдыцына, — гэта кратаць вас рукамі»

Праект «Е-здароўе» быў запушчаны летам 2021 году — гэта дыстанцыйныя мэдычныя кансультацыі ад беларускіх лекараў, многія зь якіх былі звольненыя з бальніц і паліклінік з палітычных матываў. Амаль адразу сайт быў заблякаваны, але паслугі працягнуліся.

Вядома, што ўсе кансультацыі адбываюцца ў рэжыме онлайн, непасрэднага кантакту лекара з пацыентам няма. Такія ўзаемадзеяньні прынята называць тэлемэдыцынай.

«Тэлемэдыцына — гэта спосаб стасаваньня лекара з пацыентам пры дапамозе нейкіх сродкаў камунікацыі (тэлефон, скайп, чат, што заўгодна). Насамрэч гэта вельмі стары панятак. Тэлемэдыцына — частка лічбавай мэдыцыны.

Гэта эфэктыўна. Пытаньне, якія мэты вы ставіце. У нас на плятформе асноўны запыт ідзе на кароткія кансультацыі: напрыклад, тэлефануе пэдыятру ўсхваляваная мама, што ў дзіцяці расьце зуб, падымаецца тэмпэратура, што мне рабіць. І ёй даюць параду, што трэба рабіць у такіх выпадках, калі трэба зьбіваць тэмпэратуру», — расказвае Ўладзімер Сьвіркоў.

Лекар кажа: чым больш інфармацыі атрымлівае лекар, нават онлайн, тым большы будзе эфэкт ад ягонай кансультацыі.

Уладзімер Сьвіркоў
Уладзімер Сьвіркоў

«Адзінае, чаго ня можа тэлемэдыцына — гэта кратаць вас рукамі. Але гэта пакуль што. Ужо існуюць робаты, якія здольныя рабіць апэрацыі на адлегласьці. У нас на плятформе ёсьць артапэды, дык ім вельмі цяжка. Артапэду трэба кратаць пацыента, ён ня можа бяз гэтага паставіць паўнавартасны дыягназ. Калі мы гаворым пра тэрапэўтычныя спэцыяльнасьці, то там не абавязкова кратаць пацыента. Эндакрынолягу не абавязкова гэта рабіць, яму важна бачыць аб’ектыўныя паказьнікі. Дакладнасьць дыягназу можа быць прыроўненая да дакладнасьці дыягназу, які ставіцца офлайн», — кажа Сьвіркоў.

«Боль, зь якім я мог справіцца»

Ідэя стварэньня такога праекту ў лекара ўзьнікла яшчэ ў 2009 годзе. У 2020-м, калі шмат дактароў пазвальнялі за перакананьні, Сьвіркоў рэалізаваў даўно задуманае.

«2020 год — гэта было цяжка і хвалююча. У мяне першапачаткова не было аптымізму, што ўсё скончыцца хутка і добра, але існавала надзея. Перажываць пачаў яшчэ да выбараў. Калі пачалі зьяўляцца тыя прэтэндэнты, што былі, то падумаў, што нас чакае нешта цікавае. Потым перад кожнымі выходнымі было перажываньне, ці выйдуць людзі на вуліцы. Такія вось хвалі — гэта вельмі цяжка. Калі ўзьнікла такая праблема са звольненымі, я зразумеў, куды сябе можна прымяніць. Калі нешта робіш, то прасьцей усё пераносіць», — кажа лекар.

Уладзімер Сьвіркоў
Уладзімер Сьвіркоў

Сам Сьвіркоў — адмысловец у даволі рэдкай пакуль для Беларусі спэцыялізацыі: лячэньне болю. У 2012 годзе ён эміграваў у Аўстрыю, дзе гэты кірунак быў значна больш разьвіты. Калі ў Беларусі ён атрымліваў каля 300–400 даляраў, то ў Эўропе стаў зарабляць у дзесяць разоў болей. Сваю эміграцыю ён называе эканамічнай. Тым ня менш мара Ўладзімера — гэта адкрыцьцё ўласнай клінікі лячэньня болю ў Беларусі, каб яна стала месцам прыцягненьня ўсяго рэгіёну.

«Я не падыходзіў да „Е-здароўя“ як да стартапа. Гэта быў боль, зь якім я мог справіцца. Была праблема, якую я ня мог ня вырашыць. Я не хацеў бы кідацца словамі, што гэта мая місія. У мяне проста часалася рашыць праблему. Праблема — гэта звольненыя лекары, гэта недахоп мэдычнай дапамогі для пацыентаў, якія засталіся ў Беларусі».

«Не чакалі так шмат зваротаў да гінэколягаў»

Па меры разьвіцьця праекту Ўладзімер Сьвіркоў усё болей разумее, што гэта стартапаўская ідэя. Ён кажа, што ў ідэале гэта можа быць даволі камэрцыйны праект.

Пры гэтым сыстэма аплаты па сёньня застаецца добраахвотнай. Лекары выпісваюць суму данатаў, якую б хацелі атрымаць за кансультацыю, але плаціць ці не — гэта ўжо выбар карыстальніка. Фактычна плаціць толькі кожны пяты. Сьвіркоў кажа, што многія б і хацелі заплаціць, але ня могуць разабрацца, як гэта зрабіць. Кансультацыі для беларусаў і ў будучыні маюць застацца на аснове добраахвотных ахвяраваньняў.

Ці могуць пры гэтым лекары жыць толькі за тыя грошы, якія яны атрымаюць у межах праекту?

«Мы ідзём у кірунку таго, каб гэта было іх нармальным працоўным месцам. Хтосьці можа жыць, хтосьці — не. Тэрапэўты маюць большыя шанцы, чым судмэдэкспэрты. У нас ёсьць судмэдэкспэрты, яны могуць быць вельмі карыснымі, напрыклад, даць заключэньні пры пашкоджаньнях, параіць, куды зьвяртацца, каб зьняць пабоі. У нас ёсьць патолягаанатамы, нэўролягі. Людзі ня вельмі прывыклі зьвяртацца да такіх спэцыялістаў і проста так, а тым больш у рамках тэлемэдыцыны», — кажа Сьвіркоў.

Самыя папулярныя спэцыялісты на плятформе — тэрапэўты, пэдыятры і гінэколягі. Далей ідуць алерголягі, эндакрынолягі, хірургі, нэўролягі. «Мы, шчыра кажучы, не чакалі, што будзе так шмат зваротаў да гінэколягаў».

«Дадзеныя лекараў ананімныя»

Цяпер «Е-здароўе» аб’ядноўвае 120 лекараў. Шмат тых, хто застаецца ў Беларусі. Вядома, яны баяцца, кажа Ўладзімер.

«Але наш асноўны прынцып працы ў тым, каб мы не маглі нічога пра іх сказаць, нічога ня ведалі. Мы атрымліваем дадзеныя лекараў, дыплёмы, праводзім праверкі. Разумеем, што ўсё о’кей — гэты лекар наш, рэгіструем яго на плятформе, там няма імя, а пасьля гэтага зьнішчаем усе дакумэнты. Уся камунікацыя між намі і лекарамі таксама ананімная. Часта просяць: зьвядзіце мяне з гэтым лекарам. Але я не магу гэтага зрабіць! Бо абсалютна ня маю ніякага кантакту».

Суразмоўца адзначае, што многія беларусы таксама баяцца зьвяртацца па дапамогу ў «Е-здароўе». Пры гэтым падкрэсьлівае, што дзейнасьць плятформы абсалютна легальная і законная.

«Лічыце, што вы зайшлі да суседа, які ці доктар, ці фэльчар, і спыталіся, што закапаць у нос ад насмарку. Усё легальна, але ўсе баяцца, бо „вы ж самі ўсё разумееце“».

«У беларусаў вялікая патрэба ў псыхалягічнай дапамозе»

Ня так даўно ў межах праекту была адкрытая новая старонка на сайце — дапамогі псыхолягаў і псыхіятраў. Сьвіркоў падкрэсьлівае, што ў сёньняшніх умовах гэта вельмі важны кірунак.

«Мы вывелі прамыя лінкі на нашых псыхолягаў і псыхіятраў, а таксама на нашых партнэраў, якія хочуць працаваць праз нас, падключаць сваіх спэцыялістаў праз наш софт. Мы зразумелі, што ў беларусаў існуе вялікая патрэба ў псыхалягічнай дапамозе, і яна будзе толькі расьці. Гэта зьвязана з падзеямі рэвалюцыі, посттраўматычнымі перажываньнямі. Наступны момант — праблемы, зьвязаныя з эміграцыяй. Гэта заўсёды стрэс, будуць вылазіць міжасабовыя адносіны, сямейныя. Эміграцыя — гэта вельмі складаны псыхалягічны працэс, людзям патрэбная дапамога».

Лекар кажа, што, па яго назіраньнях, беларусы сталі часьцей зьвяртацца па дапамогу да псыхолягаў, калі раней гэта лічылася ня дужа папулярнай мерай.

«Вельмі крута, што гэта становіцца часткай нашай рэальнасьці», — перакананы спэцыяліст.

«Беларускі боль трэба лячыць мультымадальна»

Напрыканцы размовы мы пацікавіліся ва Ўладзімера Сьвіркова як у спэцыяліста па болі, як можна лячыць калектыўны боль беларусаў, зьвязаны з падзеямі 2020–2022 гадоў.

«Мультымадальна, калі ўключаюцца спэцыялісты розных профіляў. Калі ў вас баліць сьпіна, то мала аднаго артапэда ці спэцыяліста па лячэньні болю, вам будзе патрэбны фізіятэрапэўт, хірург, псыхатэрапэўт.

Што тычыцца болю ўсіх беларусаў — тая самая гісторыя. Беларускае грамадзтва павінна працаваць з болем і ісьці да мэты. Павінны быць спэцыялісты па душэўнай частцы — псыхолягі, коўчы. А таксама людзі, якія робяць уколы, прызначаюць лекі, якія дапамагаюць канкрэтнымі ўчынкамі. Напрыклад, калі аказваюць дапамагу лекарам, палітвязьням, журналістам, рабочым. Кожны на сваім месцы выконвае ролю, каб вылечыць гэты хранічны боль беларускага грамадзтва. Тут можа быць толькі сумесная праца і агульная матывацыя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG