Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдыцына, культура, спорт, права. Як грамадзянская супольнасьць замяняла дзяржаву ў 2021-м


Безь дзяржавы. У 2021 годзе беларусы зьдзяйсьнялі ініцыятывы ў тых галінах, якія раней кантралявала дзяржава. Мы сабралі і падсумавалі некалькі найбольш яркіх ініцыятываў 2021 году.

Культурныя праекты. Безь дзяржаўных датацыяў і мінкультуры

Культурныя праекты рэалізуюцца пра дапамозе Беларускай рады культуры. Раней гэта быў Беларускі фонд культурнай салідарнасьці, але ўвесну вырашылі перафарматаваць дзейнасьць, адпаведна зьмянілася і назва.

Як сказаў Свабодзе кіраўнік Беларускае рады культуры Сяргей Будкін, з часовай выратавальнай каманды, якая забясьпечвае хуткую дапамогу, «мы вырасьлі ў сур’ёзную структуру, якая працуе на трох узроўнях».

Першы ўзровень: захаваньне рэсурсаў

«Каб наша культура не была зьнішчаная і працягвала разьвівацца нават у такіх складаных умовах. Зборам данатаў справа ўжо не абмяжоўваецца. Ідзецца пра стварэньне доўгатэрміновых праграмаў спрыяньня арт-праектам», — кажа Сяргей Будкін.

Канкрэтныя лічбы: больш чым 500 выпадкаў дапамогі і падтрымка больш чым 80 творчых праектаў у 2021 годзе. Гэта фінансавая дапамога, дапамога ў рэлякацыі, псыхалягічная, юрыдычная дапамога, дапамога ў працаўладкаваньні, у запуску праектаў, аплата арт-рэзыдэнцыяў.

Другі ўзровень: прамоцыя беларускай культуры

Сяргей Будкін
Сяргей Будкін

«Шмат хто як уласна ў Беларусі, так і за мяжой дазнаўся, што мы маем сваю выдатную музыку, тэатар, кіно, літаратуру, сваю мову ўрэшце. Наша задача — падтрымліваць градус інтарэсу да беларускіх культурніцкіх праектаў, спрыяць зьяўленьню новых і рабіць так, каб пра гэта дазнавалася як мага болей людзей», — тлумачыць Сяргей Будкін.

У 2021 годзе Беларуская рада культуры дапамагла стартаваць сатырычнаму праекту Маргарыты Ляўчук і Андрэя Павука «Красная зелень», ініцыявала праект «Казкі з Маляванычам» і стварэньне беларускамоўнага ютуб-каналу «Бэйбус», які цяпер разьвіваецца самастойна, запачаткавала мэдыйны праект «Артысты Перамогі». Зьнялі і паказалі 33 канцэрты, 17 спэктакляў, паспрыялі зьяўленьню дзясяткаў іншых відэа (большасьць сабрана тут).

Адна з формаў прамоцыі і адначасна падтрымкі — дабрачынныя аўкцыёны, сродкі зь якіх ідуць на падтрыманьне рэпрэсаваных дзеячоў культуры.

«Мы іх правялі ўжо больш за 10. Так, напрыклад, адзіны адмыслова надрукаваны да аўкцыёну асобнік кнігі Альгерда Бахарэвіча „Тэатр шчасьлівых дзяцей“ быў прададзены за 1250 эўра, карціна Вольгі Якубоўскай „Шпацыр па вольным Менску“ за 2000 эўра, вышыўка Руфіны Базловай „Алесь Пушкін“ за 500 эўра. А абсалютны рэкорд паставіла „Рок-карона“ гурту N. R. M., прададзеная за 7700 даляраў», — кажа Сяргей Будкін.

Кіраўнік Беларускай рады культуры кажа і пра міжнародныя кампаніі ціску і прамоцыі. Сярод першых — кампанія за пазбаўленьне Белтэлерадыёкампаніі права ўдзельнічаць у «Эўравізіі», прыпыненьне яе сяброўства ў Эўрапейскім трансьляцыйным зьвязе, а таксама пазбаўленьне кінафэстывалю «Лістапад» міжнароднай акрэдытацыі. Была кампанія прамоцыі Міжнароднага тыдня беларускай культуры, які прайшоў у дзясятках гарадах сьвету ў розных фарматах з 5 да 11 ліпеня 2021 году.

Трэці ўзровень: наладжваньне сувязяў

Беларуская рада культуры ініцыявала абмеркаваньне рэформаў у галіне культуры, падрыхтавала плян разьвіцьця культуры і мастацтва, праводзіць сустрэчы экспэртнай супольнасьці, а таксама выступае як камунікацыйная пляцоўка.

Кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін адзначае, што пакуль многія працэсы адбываюцца непублічна дзеля бясьпекі іх удзельнікаў, але ў будучыні ён бачыць Раду як моцны грамадзкі інстытут:

«У новай Беларусі наша структура можа стаць рэсурсавым цэнтрам беларускае культуры, інстытутам прамоцыі беларускае культуры, а пляцоўка камунікацыі можа пераўтварыцца ў культурніцкі сойм, які будзе ўплываць на палітыку дзяржавы ў сфэры культуры».

Сэрвіс мэдычных онлайн-кансультацыяў «еЗдоровье». Безь мінздароўя

У 2021 годзе быў створаны і запрацаваў сэрвіс мэдычных онлайн-кансультацыяў «еЗдароўе», які падтрымлівае лекараў, пацярпелых ад рэпрэсіяў у Беларусі, і дае пацыентам магчымасьць зручных, ананімных і бясьпечных дыстанцыйных кансультацыяў. Праект стварылі каманды плятформы «Голас» і Фонду мэдычнай салідарнасьці.

Як расказаў Свабодзе заснавальнік «Голасу» Павал Лібер, за пяць месяцаў працы на «еЗдароўі» зарэгістраваліся больш за 9 тысяч пацыентаў і больш за 80 лекараў. Дактары далі больш за 4300 кансультацыяў онлайн.

Павал Лібер
Павал Лібер

— Плятформа онлайн-кансультацыяў зь лекарамі найперш мае на мэце дапамагаць дактарам, якія пацярпелі праз свае палітычныя погляды — мусілі выехаць за мяжу, страцілі працу. Гэтыя дактары могуць дыстанцыйна кансультаваць праз інтэрнэт. Уся сыстэма пабудаваная на прынцыпе ўзаемадапамогі. Няма абавязковай платы за кансультацыю. Мы запрашаем людзей ахвяраваць грошы ў Беларускі фонд мэдычнай салідарнасьці. Фонд падбірае лекараў, вывучае іхныя прафэсійныя якасьці, водгукі на іхную працу, мэдычныя дакумэнты. А чалавек праз сайт у рэжыме чату ці званка (доктар вызначае, як лепей) можа пагаварыць зь лекарам, атрымаць мэдычную кансультацыю. Можна заладаваць адпаведныя дакумэнты, каб доктар мог іх вывучыць.

Паводле Паўла Лібера, «данацяць далёка ня ўсе, але нават гэтага хапае для нармальнай падтрымкі».

На плятформе больш за 50 мэдычных спэцыялізацыяў. Самы папулярны — тэрапэўт, далей пэдыятар, потым ідуць пытаньні, зьвязаныя з каранавірусам.

На пытаньне Свабоды пра галоўную выснову пасьля 5 месяцаў працы, Павал Лібер адказвае, што онлайн-кансультацыі вельмі карысныя, зацікаўленасьць у іх велізарная, такая сыстэма павінна існаваць і надалей у дадатак да звычайнай мэдыцыны, бо большасьць пытаньняў, у якіх зьвяртаюцца пацыенты, не патрабуе адразу візыту да лекара.

«Сэрвіс працягне разьвівацца, неўзабаве зьявіцца мабільная аплікацыя і канструктар пэрсаналізаваных праграмаў лячэньня для лекараў», — расказвае Павал Лібер.

Бясплатная праўная дапамога онлайн. Безь міньюсту

У лістападзе запрацавала ініцыятыва legalhub.help — онлайн-сэрвіс бясплатных юрыдычных кансультацыяў для ўсіх грамадзянаў Беларусі, якім патрэбная праўная дапамога.

Як расказалі Свабодзе стваральнікі сэрвісу, усе юрысты плятформы legalhub. help падзеленыя на спэцыялізацыі, таму можна адразу знайсьці спэцыяліста, які мае досьвед і практыку ў патрэбнай сфэры. Сэрвіс працуе паводле таго ж прынцыпу, што і плятформа мэдычных кансультацыяў «eЗдароўе», ніякіх пэрсанальных зьвестак людзей, якія зьвярнуліся па кансультацыю, плятформа не зьбірае.

У гэты момант на плятформе можна пракансультавацца зь юрыстамі больш як 40 спэцыялізацыяў. З пачатку лістапада бясплатную юрыдычную дапамогу атрымалі 532 беларусы.

Самымі папулярнымі тэмамі зваротаў сталі:

  • запыты, зьвязаныя з працоўнымі адносінамі і звальненьнямі (93)
  • запыты і спрэчкі ў жыльлёвай галіне ( 81)
  • запыты, зьвязаныя з прыцягненьнем да адміністрацыйнай адказнасьці (63)
  • запыты ў сфэры крымінальнага перасьледу (28)
  • запыты, якія тычацца непаўналетніх, пагрозаў зафіксаваць «сацыяльна небясьпечнае становішча», пазбаўленьня бацькоўскіх правоў (20)

Яшчэ 247 аказаных кансультацыяў адпавядаюць астатнім 35 спэцыялізацыям, у якіх працуюць юрысты.

Як расказалі стваральнікі сэрвісу, штодня юрыстам паступаюць як канкрэтныя пытаньні, на якія можна даць наўпроставы адказ, растлумачыць заканадаўства і практыку, так і складаныя выпадкі, дзе даводзіцца разьбірацца ў дэталях, калі гэта магчыма дыстанцыйна.

Як зьвярнуцца па дапамогу

1. Можна зарэзэрваваць зручны час для кансультацыі на плятформе legalhub. help і скантактавацца зь юрыстам онлайн;

2. Можна задаць пытаньне ў агульным чаце, і вольны ў гэты момант юрыст адправіць запыт калегам. Стваральнікі сэрвісу абяцаюць, што цягам максымум 24 гадзін юрысты пачнуць працу са зваротам і кліенты атрымаюць адказ.

Хто кансультуе

Юрысты, адвакаты, праваабаронцы розных сфэраў і спэцыялізацыяў — прафэсіяналы, якія кожны дзень абараняюць правы ды інтарэсы звычайных людзей. Трапіць у сыстэму можна толькі з рэкамэндацыяй калегаў зь юрыдычнай супольнасьці.

Зь якімі пытаньнямі можна зьвярнуцца

  • Пытаньні прыцягненьня да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці;
  • Абскарджаньні дзеяньняў і рашэньняў службовых асобаў і дзяржаўных органаў; Працоўнае права, прыцягненьне да дысцыплінарнай адказнасьці, звальненьні;
  • Правы людзей з інваліднасьцю;
  • Дыгітальныя правы і свабоды, абарона пэрсанальных зьвестак;
  • Правы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства;
  • Жыльлёвыя пытаньні і спрэчкі;
  • Пытаньні сямʼі і бацькоўскія правы;
  • Выкананьне судовых рашэньняў;
  • Пытаньні інтэлектуальнай уласнасьці і многія іншыя.

Юрысты плятформы кансультуюць выключна ў межах заканадаўствах Беларусі. legalhub. help — некамэрцыйны праект, усе юрыдычныя кансультацыі на плятформе бясплатныя, няма фінансавага ўзаемадзеяньня паміж юрыстамі і кліентамі, а таксама грашовых транзакцыяў для сэрвісу.

Спартовая акадэмія, маратоны, майстар-клясы. Безь мінспорту

Нягледзячы на тое, што асноўную ўвагу Беларускі фонд спартовай салідарнасьці надае абароне правоў спартоўцаў, адначасна з гэтым у 2021 годзе фонд рэалізаваў шмат карысных ініцыятываў, пра якія Свабодзе расказала яго кіраўніца Аляксандра Герасіменя.

Зборная здаровага ладу жыцьця

Аляксандра Герасіменя
Аляксандра Герасіменя

«Жаданьне палепшыць фізычную форму, імкненьне адмовіцца ад шкодных звычак, вера, што мы народ-чэмпіён — усё гэта дапамагло стварыць каманду мары, аб’яднаўшы ўсіх беларусаў у Зборную здаровага ладу жыцьця. Гэта найперш здаровае стаўленьне да самога сябе, да іншых людзей, краіны, навакольнага асяродзьдзя. Гэта добраахвотны ўдзел у працяглым маратоне, узнагародай за які стане вольная будучыня», — лічыць Аляксандра Герасіменя.

Агульнанацыянальныя зарадкі, майстар-клясы, маратоны — за 2021 год у ініцыятывах фонду ўзялі ўдзел больш за 20 тысяч чалавек з 54 краін сьвету.

Адукацыйная плятформа для спартоўцаў

Адзін з апошніх праектаў, запушчаных Беларускім фондам спартовай салідарнасьці, — Акадэмія BSSF, адукацыйная плятформа рыхтаваньня прафэсійных кадраў у спорце.

«Акадэмія дае слухачам якасныя веды, якія даюць магчымасьць зрабіць крок наперад у прафэсійным разьвіцьці, інфармуе грамадзкасьць аб праблемах і пэрспэктывах разьвіцьця спорту ў Беларусі, спрыяе набыцьцю слухачамі дадатковых навыкаў, якія прыдадуцца як у спорце, так і па-за ім», — расказвае Аляксандра Герасіменя.

У 2021 годзе Акадэмія BSSF падрыхтавала 50 спартовых мэнэджараў, якія атрымалі спэцыяльныя тэарэтычныя веды і практычныя ўменьні, каб разумець, як функцыянуе спартовая індустрыя, каб кіраваць спартовымі арганізацыямі.

«Акадэмія BSSF дасьледуе беларускі спартовы рынак, вывучае аўдыторыю спорту. Гэты аналіз стане базісам пры вызначэньні мэтаў і задачаў разьвіцьця спорту ў новай Беларусі», — перакананая кіраўніца Беларускага фонду спартовай салідарнасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG