Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсійныя функцыянэры замест «агітатараў за Лукашэнку». Апейкін — пра адстаўку Баскава і навучаньне спартовых мэнэджараў


Аляксандар Апейкін, архіўнае фота.
Аляксандар Апейкін, архіўнае фота.

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандар Апейкін камэнтуе адстаўку Дзьмітрыя Баскава з пасады старшыні хакейнай фэдэрацыі, ацэньвае ўзровень цяперашніх спартовых мэнэджараў у Беларусі.

Апейкін расказвае пра адукацыйны курс «Спартовы мэнэджмэнт і маркетынг» Акадэміі BSSF, на якім будуць рыхтаваць прафэсійных спартовых мэнэджараў для працы ў новай Беларусі.

Глядзець размову на відэа цалкам

Сьцісла

  • Дыскваліфікацыя Баскава абсалютна заслужаная з прычыны парушэньня этычнага кодэксу IIHF і Алімпійскай хартыі.
  • Ёсьць такі жарт, што ў Беларусі ёсьць хакей і ўсе астатнія віды спорту. Калі ўзяць долю хакею ў фінансаваньні, то гэта складае 50% ад фінансаваньня ўсіх астатніх відаў спорту.
  • Мы не хаваем, што задача — падрыхтоўка прафэсійнага мэнэджмэнту для будучага спорту ў Беларусі.
  • Такіх дзяржаўных датацый, як сёньня існуюць у спорце, ужо ня будзе. Нідзе ў сьвеце няма такога маштабнага дзяржаўнага інвэставаньня ў спорт і такога нізкага выніку. Адназначна будуць патрэбныя рэформы.

Асноўныя тэзісы Аляксандра Апейкіна

Пра ролю фонду спартовай салідарнасьці ў адстаўцы Дзьмітрыя Баскава

— Адстаўка Баскава з пасады кіраўніка Фэдэрацыі хакею Беларусі заканамерная. Іншага варыянту не было. Усё пачыналася зь вялікай справаздачы Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, накіраванай у Міжнародную хакейную фэдэрацыю (IIHF) і Міжнародны Алімпійскі камітэт на пачатку сьнежня 2020 году. Пры канцы сьнежня IIHF абвясьціла, што ў дачыненьні да Дзьмітрыя Баскава распачатае дысцыплінарнае расьсьледаваньне. Яно працягвалася 10 месяцаў. На пачатку верасьня для многіх стала сюрпрызам пяцігадовая дыскваліфікацыя Баскава, абсалютна заслужаная з прычыны парушэньня этычнага кодэксу IIHF і Алімпійскай хартыі. Іншых варыянтаў у Дзьмітрыя Баскава не было, акрамя як пакінуць гэтую пасаду.

Пра рэакцыю хакеістаў

— Хакейная супольнасьць у Беларусі даволі закрытая, але я ведаю дакладна, што многія крыху парадаваліся. Баскаў — гэта не фігура клясычнага спартовага функцыянэра, найхутчэй, гэта фігура «агітатара за Лукашэнку». Гэта чалавек Лукашэнкі, і ў многіх такая пазыцыя выклікае раздражненьне. Усе цудоўна ведаюць, што Дзьмітрый Баскаў ускосна датычны да сьмерці Рамана Бандарэнкі ў лістападзе 2020 году. Таму вельмі многія глядзелі на Баскава супярэчліва. Хоць кажуць, што з пункту гледжаньня хакейнага падыходу ён быў нядрэнным прафэсіяналам, але выйшаў за рамкі паўнамоцтваў спартовага функцыянэра і займаўся палітычнай дзейнасьцю і палітычнай агітацыяй. Адпаведна, парушыў этычныя кодэксы і Алімпійскую хартыю. І факт датычнасьці да сьмерці Рамана Бандарэнкі вельмі моцна дыскрэдытаваў Баскава ў вачах грамадзкасьці.

Пра тое, ці спыніць гэта палітычны ціск на спартоўцаў

— Не. Гэта нічога абсалютна не мяняе, бо ўся сыстэма спорту ў Беларусі — рэпрэсіўная. Яна першапачаткова выбудаваная на функцыянэрах, якія павінны праяўляць не прафэсіяналізм, а толькі высокую ляяльнасьць. Калі паглядзець на кіраўнікоў асноўных спартовых фэдэрацый, кіраўнікоў у Міністэрстве спорту і Нацыянальным алімпійскім камітэце, то ў асноўным гэта вельмі ляяльныя да Лукашэнкі людзі. Па такім прынцыпе іх і прызначаюць. Лукашэнка ўжо крыху праанансаваў будучага кіраўніка Фэдэрацыі хакею Беларусі як спартоўца ня з гэтага віду спорту, не з хакею, але «чалавека палітычна праверанага». Па такім крытэры і прызначаюцца кіраўнікі спартовых фэдэрацый. Гэта супярэчыць усім прынцыпам спорту і парушае ўсе прынцыпы незалежнасьці спартовых арганізацыі і фэдэрацый.

Пра будучыя дыскваліфікацыі іншых спартовых функцыянэраў

— Так. Вядзецца праца па фіксацыі істотных парушэньняў этычнага кодэксу, статутаў міжнародных спартовых арганізацый. Такіх парушэньняў вельмі шмат. Спартовая фэдэрацыя ня можа існаваць у вакуўме, яна падпісвае і пагаджаецца са статутамі міжнародных спартовых арганізацый, Міжнароднага алімпійскага камітэту і абавязваецца выконваць іх нормы і падыходы. Калі фэдэрацыя не выконвае і сыстэматычна парушае іх, то задача Беларускага фонду спартовай салідарнасьці — гэтыя парушэньні фіксаваць і накіроўваць у адпаведныя арганізацыі з патрабаваньнем зьвярнуць увагу і зрабіць адпаведныя захады. Думаю, што ў бліжэйшыя месяцы зьявяцца яшчэ новыя гісторыі, падобныя да адхіленьня Дзьмітрыя Баскава ад кіраваньня фэдэрацыяй хакею.

Пра катастрафічнае падзеньне спартовых вынікаў

— Асноўная задача спартовага функцыянэра ў Беларусі палягае ў тым, каб спартоўцы не заходзілі за ідэалягічную рысу і дакладна выконвалі ідэалягічную функцыю. І ў гэтым вялікая праблема, бо мы бачым за апошнія гады катастрафічнае падзеньне спартовых вынікаў. У гульнявых відах спорту, такіх як футбол і хакей, сур’ёзнае падзеньне вынікаў. У Беларусі былі добрыя функцыянэры, трэнэры, спэцыялісты, але добры прафэсіянал і спэцыяліст ніколі ня будзе мірыцца з тым, што яму навязваюць нейкі пункт гледжаньня і прымушаюць праяўляць ляяльнасьць. Адпаведна, людзі са спорту сыходзяць. Прафэсіяналы ведаюць сабе цану і зьяжджаюць у іншыя краіны. Ідзе адток кадраў.

Пра нізкую эфэктыўнасьць дзяржаўнага фінансаваньня спорту

— Спорт пачынаецца з двух чалавек — мэнэджара і трэнэра. Яны ствараюць клюб, дзіцяча-юнацкую школу, спартовую фэдэрацыю. Мэнэджар разумее, як павінна працаваць сыстэма, трэнэр разумее, як рыхтаваць дзяцей і юнакоў. Такіх спэцыялістаў стала вельмі мала. Першая прычына — патрабаваньне ляяльнасьці, другая — вялікі дысбалянс у фінансаваньні беларускага спорту. У Беларусі спорт добра фінансуецца толькі ў некалькіх кірунках, і самы асноўны — хакей. Ёсьць такі жарт, што ў Беларусі ёсьць хакей і ўсе астатнія віды спорту. Калі ўзяць долю хакею ў фінансаваньні, то гэта 50% ад фінансаваньня ўсіх астатніх відаў спорту. Хоць ёсьць гандбол, валейбол, баскетбол, якія не патрабуюць сурʼёзных укладаньняў. Можам узяць прыклады Славеніі, Славаччыны, Чэхіі, Вугоршчыны, дзе няма вялікіх дзяржаўных інвэстыцый у спорт, але дасягаецца высокі вынік за кошт правільна пабудаванай сыстэмы і правільна падрыхтаваных мэнэджарскіх і трэнэрскіх кадраў.

Пра адукацыйны курс Фонду спартовай салідарнасьці «Спартовы мэнэджмэнт і маркетынг»

— У Беларусі няма профільнай падрыхтоўкі кваліфікаваных спартовых кадраў. Тое, што прапануецца ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце фізычнай культуры і спорту, нечым сурʼёзным лічыць ня варта. Сурʼёзны перадавы досьвед перадаецца ад прафэсійных лектараў, прафэсійных функцыянэраў іншым прафэсійным функцыянэрам. Акадэмія Беларускага Фонду спартовай салідарнасьці і ставіць задачу — даць магчымасьць атрымаць якасныя базавыя веды з спартовага мэнэджмэнту, маркетынгу, спартовай інфраструктуры той частцы спартовай супольнасьці, якая хоча атрымаць новыя веды і гатовая займацца больш сурʼёзнымі праектамі. У асноўным праграма накіраваная на спартоўцаў, якія скончылі ці канчаюць карʼеру. Гэта варыянт перакваліфікацыі.

Пра першых удзельнікаў курсу і фармат навучаньня

— Гэта трохмесячны, вельмі насычаны курс. Сярод выкладчыкаў — гучныя імёны ў сфэры спартовага мэнэджмэнту, гэта беларускія, расейскія і ўкраінскія спэцыялісты, якія маюць добры досьвед у падрыхтоўцы кадраў. Мы ў каапэрацыі зь імі склалі спэцыяльную праграму для беларускай спартовай супольнасьці, але ў ёй могуць удзельнічаць усе ахвотныя зь іншых краінаў.

На сёньня мы налічылі каля 200 прадстаўнікоў спартовай сфэры, якія гатовыя адкрыта выказваць свой пункт гледжаньня, якія не пагаджаюцца з тым, што адбываецца ў Беларусі, і якія хочуць атрымаць новыя веды і павысіць сваю кваліфікацыю, каб працаваць у новай Беларусі і падвышаць якасьць спартовай індустрыі.

Пра зорных навучэнцаў курсу

— Сярод удзельнікаў курсу — лёгкаатлеты Сьвятлана Кудзеліч і Андрэй Краўчанка, былы дырэктар хакейнага клюбу «Лякаматыў» Яўген Мазура. Баскетбалістка Алена Леўчанка разглядае магчымасьць узяць удзел. Я сам, найхутчэй, вазьму ўдзел у гэтым курсе, бо дадатковыя тэарэтычныя веды, памножаныя на практычныя заданьні, нікому не перашкодзяць. У свабоднай спартовай супольнасьці вельмі вялікі інтарэс да курсу, там будзе каля 20 зорных прозьвішчаў. Цяпер ідзе рэгістрацыя, людзі дасылаюць заяўкі. Курс не зусім бясплатны. Фонд збольшага зьяўляецца пляцоўкай, якая інтэгруе, дае інфармацыйнае прасоўваньне, але ў самога курсу ёсьць расходны складнік. Гэта будзе онлайн-курс, і гэта дае больш магчымасьцяў і дасягненьняў, чым мінусаў. Зьбіраць усіх офлайн дорага, доўга і не заўсёды практычна.

Пра падрыхтоўку прафэсійнага спартовага мэнэджмэнту для будучыні Беларусі

— Другі этап адукацыйнага курсу пачнецца пасьля Новага году, і там будуць ужо эўрапейскія выкладчыкі, будзе больш паглыблены курс, накіраваны на спартовых функцыянэраў, якія даўно працуюць у гэтай сфэры. Мы не хаваем, што задача — падрыхтоўка прафэсійнага мэнэджмэнту для будучыні Беларусі, для будучага спорту ў Беларусі. Праца будзе сурʼёзная, бо такіх дзяржаўных датацый, як сёньня існуюць у спорце, ужо ня будзе. Нідзе ў сьвеце няма такога маштабнага дзяржаўнага інвэставаньня ў спорт і такога нізкага выніку. Адназначна трэба будзе рэфармаваць спартовую сфэру, зьніжаць удзел дзяржавы і ў той жа час прыцягваць прыватныя сродкі, разьвіваць спорт крыху па-іншаму.

Пра гандбольны клюб «Віцязь», які ўзначальваў

— Ён ліквідаваны. Пэрспэктывы — аднаўленьне ў новай Беларусі. Іншых пэрспэктываў няма. Усе гульцы лічаць, што гэта быў слушны крок у той сытуацыі. Мы бачым, як іншыя клюбы ня могуць выступаць з годна ўзьнятай галавой. Людзі адчуваюць ціск, падаўленасьць, дэпрэсію, а гэтыя эмоцыі ў спорце ня могуць даць нейкі вынік. Час зьменіцца, «Віцязь» будзе адноўлены, і гэта будзе клюб-герой.

===

Аляксандар Апейкін, адзін з ініцыятараў адкрытага ліста вольных спартоўцаў. Быў інспэктарам Эўрапейскай гандбольнай фэдэрацыі ў маркетынгу, дырэктарам менскага гандбольнага клюбу «Віцязь». Праз перасьлед уладаў год таму быў вымушаны зьехаць зь Беларусі. Адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці. 2 красавіка стала вядома, што Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу супраць кіраўнікоў фонду Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна за «заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы, учыненыя з выкарыстаньнем СМІ або інтэрнэту». Максымальнае пакараньне — 5 гадоў зьняволеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG