Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як галкіпэр-сераднячок пачаў кіраваць беларускім хакеем і ня толькі. Гісторыя кар’еры Дзьмітрыя Баскава


Дзьмітры Баскаў

За год Баскаў змог стаць кіраўніком Беларускай фэдэрацыі хакею, прайграць два топ-турніры, трапіць пад дыскваліфікацыю Міжнароднай фэдэрацыі хакею і пад падазрэньні ў датычнасьці да сьмерці Рамана Бандарэнкі, а таксама стаць «сэнатарам».

Свабода расказвае пра кар’еру чалавека, які ніколі ня быў выдатным хакеістам ці трэнэрам, але змог узначаліць хакейную фэдэрацыю Беларусі і каманду Лукашэнкі, а да таго ж стаць буйным бізнэсоўцам.

Сям’я і пачатак кар’еры

Дзьмітры Баскаў нарадзіўся ў 1978 годзе, у «звычайнай савецкай сям’і», як ён называе яе сам. Маці Баскава працавала ў сыстэме грамадзкага харчаваньня, дайшла ад кухара да старшай інспэктаркі ўпраўленьня грамадзкага харчаваньня Менгарвыканкаму. Бацька будучага кіраўніка Беларускай хакейнай фэдэрацыі працаваў пілётам верталёта, але, калі Дзьмітры быў яшчэ зусім малы, пакінуў сям’ю.

У дзяцінстве Дзьмітры спачатку займаўся музыкай, іграў на скрыпцы. Маці нават марыла, што сын стане прафэсійным музыкам. Аднак пазьней Баскаў музыку закінуў і канчаткова выбраў хакей, займаўся ў дзіцячай школе «Юнацтва» ў Менску.

У прафэсійны хакей Баскаў трапіў у 2001 годзе, калі яго запрасілі на пазыцыю галкіпэра ў ХК «Брэст». Клюб на той момант толькі сфармавалі, і Баскаў стаў яго першым брамнікам. Адсюль яго пачалі запрашаць на матчы нацыянальнай зборнай у Эўратурах — другасных турнірах, якія папярэднічаюць алімпійскім кваліфікацыям альбо чэмпіянатам сьвету. Акрамя Берасьця, Баскаў гуляў за хакейны «Нёман», кароткі час — за менскае «Юнацтва» і ХК «Віцебск». Кар’еру галкіпэра скончыў у тым жа Берасьці, там жа пачынаў трэніраваць іншых хакеістаў.

Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітры Баскаў (справа) на Калядным аматарскім хакейным турніры, 2017 год
Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітры Баскаў (справа) на Калядным аматарскім хакейным турніры, 2017 год

Па яго словах, узровень хакею ў Берасьці быў нізкі. Даходзіла нават да прапановаў «здаваць» матчы.

«У дамоўленых матчах я ня ўдзельнічаў, але былі спробы мяне туды зацягнуць, — расказваў Баскаў ужо падчас працы ў менскім „Дынама“. — Гэта быў 2006-ы ці 2007 год. Я гуляў за хакейны клюб „Брэст“. На той момант у нас была слабая каманда, дрэннае фінансаваньне. Мы прайгравалі 4–5 матчаў з 6. І ў некаторых матчах вынік прадбачыць было нескладана. Пазваніў адзін мой таварыш з Расеі і спытаў, які ў мяне заробак. Я адказаў, што 400 даляраў у месяц. Ён кажа: „Клас, тое, што трэба. Калі мы з табой дамовімся, то за адзін матч ты атрымаеш у раёне 3000. Проста скажы мне, калі вы прайграеце“. Гэта была вялікая спакуса. Я ня спаў палову ночы».

На прапанову арганізаваць дамоўлены матч Дзьмітры Баскаў, па яго словах, тады не пагадзіўся. Пасьля «Брэста» трэнэр Захараў запрасіў Баскава ў «Юнацтва». Затым быў пэрыяд кар’еры ў горадзенскім «Нёмане», дзе ён не праходзіў у асноўны склад і нават не атрымліваў заробку, бо лічыўся ў камандзе ў якасьці асобы, якая праходзіць вайсковую службу. Як расказваў сам Баскаў, праз гэта падпрацоўваў таксістам па начах. Заняткі хакеем так і не прынесьлі Дзьмітрыю Баскаву ні грошай, ні вядомасьці.

«Усе мае сябры-хакеісты куплялі кватэры, будавалі дамы, а я ўсё жыў у інтэрнатах, на найманых кватэрах, на службовых, — расказваў Баскаў. — Усе аўтамабілі куплялі ў 20–22 гады. Я сваю першую машыну набыў у 28 гадоў. Марыў пра яе з чатырнаццаці. У 38 першае ўласнае жыльлё зьявілася — двухпакаёвая кватэра», — расказваў ён.

Пасьля завяршэньня ў 30 гадоў кар’еры хакеіста Дзьмітры Баскаў пачаў працаваць трэнэрам. Спачатку дзіцячым у Берасьці, пасьля ўладкаваўся ў юнацкую зборную Беларусі. Адначасова праводзіў індывідуальныя заняткі, у тым ліку для аматараў. Дырэктарам ХК «Дынама» стаў пасьля працы ў зьвязаным зь Міністэрствам унутраных спраў фізкультурна-спартовым таварыстве «Дынама», куды яго паклікаў асабіста Ігар Рачкоўскі, старшыня Фэдэрацыі хакею Беларусі і былы кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту, звольнены за швэдзкі «дэсант мядзьведікаў» у 2012 годзе. У 2017 годзе Баскаў атрымаў пасаду намесьніка старшыні Фэдэрацыі хакею Беларусі.

Знаёмства з Лукашэнкам

«Гэта здарылася вельмі даўно, у 1996 ці ў 1997 годзе, дакладна ня памятаю, — расказваў пра сваё знаёмства з Лукашэнкам Баскаў. — Гэта быў першы выхад прэзыдэнта на лёд, на паўнавартасную трэніроўку. Дзе пляцоўка, дзьве каманды, дзьве брамы. Я на той момант быў адным з самых старэйшых варатароў школы „Юнацтва“. Мне пашанцавала, я апынуўся на лёдзе на першай трэніроўцы прэзыдэнта зь яго камандай... Нейкі час трэніраваліся з камандай прэзыдэнта, а потым я пайшоў у прафэсійны хакей, і кожны раз, калі прыяжджаў у адпачынак, на месяц, на два, на тры, я падтрымліваў форму з камандай прэзыдэнта. Мяне там усе ведалі».

Дзьмітры Баскаў (справа) і Мікалай Лукашэнка. 2020 год
Дзьмітры Баскаў (справа) і Мікалай Лукашэнка. 2020 год

Пасьля завяршэньня кар’еры хакеіста Баскаў стаў галоўным трэнэрам каманды Лукашэнкі. Але, акрамя Лукашэнкі-старэйшага, ён з шасьцігадовага ўзросту трэніруе і Мікалая Лукашэнку. У інтэрвію Баскаў называе падрыхтоўку Лукашэнкі-малодшага «сваім гонарам». І кажа, што старэйшы Лукашэнка ў нейкім сэнсе замяніў яму бацьку, які пакінуў сям’ю.

«Ён у маім жыцьці сыграў істотную ролю. Ад яго заўсёды была падтрымка, нейкія парады, нейкая, магчыма, нават і крытычная фраза. Якая прымушае прыйсьці дадому, задумацца, зьмяніць у нечым сваю думку, — расказваў Баскаў. — Я заўсёды адчуваў ад яго бацькоўскі клопат. Гэта ня толькі да мяне было, але я адчуваў гэта найбольш востра, бо рос бяз бацькі».

Дзьмітры Баскаў на навагоднім прыёме Аляксандра Лукашэнкі. Сьнежань 2020
Дзьмітры Баскаў на навагоднім прыёме Аляксандра Лукашэнкі. Сьнежань 2020

Бізнэс

Па словах самога Дзьмітрыя Баскава, бізнэсам ён пачаў цікавіцца амаль адразу пасьля завяршэньня кар’еры хакеіста. На той момант ён ужо меў дыплём юрыдычнага факультэту БДУ, які скончыў завочна. Грошы, якія ўдалося зарабіць падчас гульні за розныя хакейныя клюбы, Баскаў уклаў у створаны аднакурсьнікамі «стартап». Па яго словах, спачатку гэта не прынесла ніякага выніку, але потым маладая кампанія прыцягнула ўвагу інвэстараў і ён змог атрымаць значны прыбытак.

У 2014 годзе Дзьмітры Баскаў разам з дырэктарам спартовай школы пры БФСТ «Дынама» Андрэем Якімчыкам стварыў таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Давінбудінвест». Кампанія займалася тым, што купляла зямельныя ўчасткі ў Менску і будавала на іх камэрцыйныя аб’екты.

У 2018 годзе, калі Баскаў узначаліў ХК «Дынама Менск», з тым жа Якімчыкам яны займелі долю ў кампаніі «Рэторсія Трэйд», якая займалася пракладаньнем інжынэрных сетак у Менску. А ў 2020 годзе дзейнасьць Баскава-бізнэсоўца пашырылася на інфармацыйную сфэру (стаў уладальнікам 10% акцый кампаніі «Смарт Тэлекам», якая гандлюе абсталяваньнем для сотавай сувязі), а таксама на банкаўскую (увайшоў у склад дырэктараў БСБ-банку) і прамысловую (стаў уладальнікам скандальнага акумулятарнага заводу пад Берасьцем).

Уладальнікі акумулятарнага заводу ў Берасьці ўлетку 2020 году сустрэліся з жыхарамі гораду, якія пратэставалі супраць шкоднага ўплыву прадпрыемства на экалягічную сытуацыю. У цэнтры зьлева Сяргей Кагановіч, справа Дзьмітры Баскаў
Уладальнікі акумулятарнага заводу ў Берасьці ўлетку 2020 году сустрэліся з жыхарамі гораду, якія пратэставалі супраць шкоднага ўплыву прадпрыемства на экалягічную сытуацыю. У цэнтры зьлева Сяргей Кагановіч, справа Дзьмітры Баскаў

Зьвязваюць імя галоўнага трэнэра хакейнай каманды Лукашэнкі і зь некаторымі незразумелымі гісторыямі, якія адбываліся ў беларускім бізнэсе ў апошнія гады.

На пачатку лютага 2021 году адразу ў некалькіх СМІ зьявілася інфармацыя пра затрыманьне аднаго з уладальнікаў гандлёвай сеткі Green Генадзя Кірэйкава. Паліцы супэрмаркетаў сеткі пачалі пусьцець, зьявіліся нават чуткі пра тое, што ўсе крамы могуць перайсьці пад кантроль канкурэнтаў з «Эўраопту». Аднак на справе крамы Green працягнулі працу, а самога Кірэйкава ў чэрвені вызвалілі. Па вэрсіі, апублікаванай спартыўным выданьнем Tribuna.com, выйсьці на свабоду бізнэсоўцу мог дапамагчы асабіста Дзьмітры Баскаў узамен за згоду «падтрымаць» фінансава беларускі хакей. У жніўні 2021 году сетка Green стала афіцыйным партнэрам хакейнага «Дынама Менск».

Сам Баскаў у інтэрвію тэмы сваіх заняткаў бізнэсам стараецца пазьбягаць. Толькі пасьля выкупу акумулятарнага заводу ў Берасьці абяцаў, што вытворчасьць будзе абсалютна бясшкодная, і нават выходзіў на плошчу паразмаўляць з пратэстоўцамі.

Фэдэрацыя хакею

Адкрыты ліст спартоўцаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітры Баскаў напісаў яшчэ да выбараў, 22 чэрвеня 2020 году (гэта ня той праўладны ліст спартоўцаў, што зьявіўся ў верасьні). Тады ж пачаў удзельнічаць у аўтамабільных прабегах у падтрымку дзейнага кіраўніка дзяржавы.

Неўзабаве пасьля гэтага былога варатара хакейнага клюбу «Брэст», які так і ня змог зайграць на высокім узроўні, зрабілі кіраўніком Фэдэрацыі хакею Беларусі. Нарада аб яго прызначэньні адбылася 9 верасьня 2020 году, а ўжо праз два месяцы здарыўся скандал са сьмерцю Рамана Бандарэнкі і магчымай датычнасьцю да яе новага кіраўніка хакейнай фэдэрацыі. Пацьверджаньнем гэтага стаў шэраг аўдыёзапісаў тэлефонных размоваў, зь якіх можа вынікаць блізкае знаёмства Баскава з прэсавай сакратаркай Лукашэнкі Натальляй Эйсмант. А таксама тое, што ён сапраўды быў побач у момант забойства Бандарэнкі на «плошчы Перамен».

Дзьмітры Баскаў
Дзьмітры Баскаў

У 2021 годзе Дзьмітрыя Баскава чакалі непрыемнасьці ўжо ў хакейнай галіне. Спачатку ў Беларусі забралі сумесны з Латвіяй чэмпіянат сьвету, затым нацыянальная зборная гучна праваліла амаль усе матчы на ім. А пасьля не змагла прайсьці кваліфікацыю на зімовую Алімпіяду ў Пэкіне. Адносна пасьпяхова ў КХЛ выступала толькі хакейнае «Дынама», аднак і яно прайграла ў стадыі плэй-оф турніру.

8 верасьня 2021 году Міжнародная фэдэрацыя хакею выступіла з заявай аб дыскваліфікацыі Дзьмітрыя Баскава з хакею на пяць гадоў. У заяве арганізацыі гаворыцца, што датычнасьць Баскава да сьмерці Рамана Бандарэнкі не даказаная, аднак ён павінен быць пакараны за тое, што «дыскрымінаваў беларускіх спартсмэнаў з прычыны іх палітычных перакананьняў», а таксама «злоўжыў сваім становішчам прадстаўніка хакею, каб падтрымаць прэзыдэнта Лукашэнку».

10 верасьня Дзьмітры Баскаў пакінуў пасаду старшыні Фэдэрацыі хакею Беларусі. У паведамленьні арганізацыі ўдакладнялася, што функцыянэр напісаў заяву аб звальненьні ў сувязі зь «неабгрунтаваным грубым ціскам і каб не нашкодзіць віду спорту».

13 верасьня адхіленага Дзьмітрыя Баскава таксама вывелі са складу рады дырэктараў Кантынэнтальнай хакейнай лігі (КХЛ).

14 верасьня Аляксандар Лукашэнка прызначыў Дзьмітрыя Баскава сябрам Савету Рэспублікі (верхняй палаты Нацыянальнага сходу).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG