Сьпявачка расказала, што ніхто зь беларускіх эстрадных выканаўцаў, з кім яна разам выступала на фэстывалях ці супрацоўнічала, не зьвязаўся зь ёй і ня выказаў падтрымкі.
Оля Палякова была вымушаная выехаць з Кіева з дваімі дзецьмі, а яе муж застаўся ва Ўкраіне абараняць Радзіму. Сьпявачка, якая зьбірала аншлягі на канцэртах у Беларусі, вельмі эмацыйна зьвярнулася да беларусаў падчас інтэрвію.
— Самае галоўнае, што беларусы могуць зрабіць для Ўкраіны — не ісьці на гэтую вайну. Я заклікала ва ўсіх сваіх сацсетках, заклікаю беларусаў цяпер. Вы брацкі народ; калі вы пойдзеце на Ўкраіну, вы назаўсёды можаце застацца ў зямлі ўкраінскай, бо вы ідзяце на вайну. Я прашу маці, жонак не адпускаць сваіх мужчын — класьціся ўпоперак дарогі, кідацца на іх, калечыць іх, проста каб яны ня мелі магчымасьці ісьці на гэтую вайну.
Што я магу сказаць усяму беларускаму народу? Гэта будзе катастрофа. Гэта ўжо катастрофа, што з тэрыторыі Беларусі ідуць войскі, што з тэрыторыі Беларусі бамбяць нашы гарады. Гэта ўжо страшнае здрадніцтва. Але калі яшчэ і вайскоўцы пойдуць ваяваць, гэта разбурыць адносіны паміж нашымі народамі не на дзясяткі, а на сотні і тысячы гадоў. Ніхто не даруе.
У нас гінуць дзеці. У адным Марыюпалі столькі цывільных людзей загінула. Мірных людзей хаваюць у брацкіх магілах у цэляфанавых пакетах. Гэта страшная, несправядлівая вайна. Сапраўдная, з бомбамі і сьмерцямі. Цяжарныя жанчыны, жанчыны зь дзецьмі. Расстрэльваюцца «зялёныя калідоры». Гэтая страшная вайна. Вам ня трэба ў гэтым браць удзел.
Я зьвяртаюся да беларускага народу. Станьце ўсе разам і не пускайце сюды сваіх вайскоўцаў. Гэта ня ваша вайна. Не бярыце ў гэтым ніякага ўдзелу. Я пра гэта не стамлюся гаварыць. Які ж вы брацкі народ, калі ідзяце нас забіваць? За што? Мы на сваёй зямлі. Мы ў сваіх дамах, мы абараняем свой дом. Навошта вам гэта патрэбна? Каб што? Каб падтрымаць уладу вашага дыктатара?
Тое, што адбылося два гады таму, тое, што было волевыяўленьне беларускага народу, і тое, як гэта задушылі... У вас забралі шанец на свабоднае жыцьцё. Вы ж разумееце, што менавіта тады Лукашэнка дамовіўся з Пуціным у выпадку вайны з Украінай іх падтрымліваць. Вы павінны разумець, што Беларусь стала проста разьменнай манэтай у вайне Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны.
Гэта ня ваша вайна. За што вашы хлопчыкі будуць ваяваць? За якую ідэю? У нас кожны ўзяў у рукі зброю, усе хочуць міру, і ўсе хочуць абараняць сваю Радзіму. Зь якім пасылам беларусы пойдуць сюды ваяваць? За чые імпэрскія амбіцыі? За гэтых двух дыктатараў, якія вырашылі захаваць сваю ўладу? Яны яшчэ не нажэрліся ўладай больш як за 20 гадоў?
«Беларусы яшчэ маюць шанец спыніцца, пакінуць добрасуседзкія адносіны з нашай краінай»
— Вы неаднаразова выступалі ў Беларусі на розных пляцоўках і фэстывалях, сьпявалі разам зь беларускімі выканаўцамі. Ці падтрымаў вас хто-небудзь зь іх цяпер, ці напісаў вам, што мы ня хочам вайны, пацікавіўся, ці ў бясьпецы вы?
— Гэта для мяне незразумела і непрыемна. Я многіх ведала ў Беларусі. Я блізка працавала з адным выканаўцам зь Беларусі, які ўдзельнічаў ва Ўкраіне ў X-factor. Гэта Георгі Калдун. У нас былі цудоўныя адносіны, тым ня менш я не атрымала ад яго ніводнага асабістага паведамленьня, на жаль. Ня ведаю, што рухае людзьмі, калі яны нават не пытаюцца, як вы, ці ў бясьпецы, як дзеці, ці патрэбная дапамога. Нічога такога не адбываецца ні зь беларусамі, ні з маімі расейскімі калегамі. Ёсьць сябры, якія разумеюць, што адбываецца, і яны непакояцца. З расейскіх калег ніхто не пазваніў, не напісаў і не запытаў, як мы.
Я знаходжу гэтаму тлумачэньне. Мне здаецца, яны баяцца даведацца праўду. Калі даведваесься праўду, зь ёй трэба неяк жыць і нешта рабіць. Я разумею, якая прапаганда нясецца і ў Расеі, і ў Беларусі. Людзям запудрываюць мазгі і расказваюць рознае глупства пра тое, што ва Ўкраіне нацысты і фашысты.
Я расейскамоўная сьпявачка. У мяне няма практычна ніводнай песьні на ўкраінскай мове. Да вайны была супэрзоркай у сваёй краіне. Я зьбірала стадыёны па ўсёй краіне. Два гады таму я сабрала аншляг на львоўскім стадыёне. Гэта самы ўкраінскамоўны рэгіён, і там расейскамоўная сьпявачка сабрала аншляг. Усе размовы, што прыціскаюць расейцаў і расейскую мову... А я сабрала стадыён на 35 тысяч чалавек у самым украінскім рэгіёне.
Як можа быць фашысцкай краіна, у якой прэзыдэнт габрэй? Якіх расейцаў яны там абараняюць, калі яны сьціраюць зь зямлі расейскамоўныя гарады? У Харкаве і Марыюпалі 90% людзей размаўляюць на расейскай мове. Расейскія войскі зьнішчаюць расейскамоўныя гарады.
— У 2014 годзе, калі Расея акупавала Крым, быў вельмі моцны верш Анастасіі Дзьмітрук «Ніколі мы ня будзем братамі». Сказалі б вы так цяпер у адносінах да расейцаў? А беларусам?
— Ці будзем мы зь беларусамі і з расейцамі братамі? Тое, што цяпер адбываецца, ужо моцна рассварыла нашы народы. Але ў беларусаў яшчэ ёсьць шанец спыніцца, ёсьць шанец пакінуць добрасуседзкія (пра брацкія ўжо не кажу) адносіны з нашай краінай. Беларусы, ня ўдзельнічайце ў гэтай вайне. Я заклінаю. Гэта сьмяротная вайна. У нас кожны чалавек на сваёй зямлі будзе абараняць свой дом. Вайскоўцы проста пойдуць у пекла, у мясарубку. Калі прыйдуць на нашу зямлю, іх чакае толькі сьмерць. Навошта? Дзеля чаго?
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.